9 лiстапада 2024, Субота, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанская культурная эліта супраць цэнзуры інтэрнэту ў Беларусі (Фота)

7

Сусветна вядомыя дзеячы тэатра і кіно правялі ў Лондане акцыю пратэсту супраць уціску свабоды слова ў Беларусі.

Акцыя прайшла ля беларускай амбасады на вуліцы Кенсінгтан Корт 6 у Лондане ў чацвер 1 ліпеня ў 11.30 па мясцовым часе. Арганізавалі акцыю пратэсту сусветна вядомы драматург і рэжысёр сэр Том Стопард і акцёр і рэжысёр Сэмюэль Уэст, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».

Сэмюэль Уэст выступіў з урыўкам з п'есы Беларускага Свабоднага тэатра «Пакаленне Jeans», якая ўжо заваявала мноства ўзнагародаў.

«Пакаленне Jeans» распавядае пра жыццё дэмакратычнага актывіста. Яна апавядае пра тую мужнасць, гумар і безразважную рашучасць, якая неабходная для супрацьстаяння таталітарнаму рэжыму. Таму п'еса ідэальна перадае дух нашага пратэсту. У чацвер 1 ліпеня набывае сілу новы ўказ Лукашэнкі. Гэта дасць уладам яшчэ больш паўнамоцтваў для кантролю выкарыстання Інтэрнэт рэсурсаў і дасць магчымасць ураду абмежаваць ці заблакаваць доступ да сайтаў, якія прапануюць незалежныя і альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Еўрапейскі звяз назваў гэты ўказ «крокам не ў тым кірунку». Ён відавочна з'яўляецца спробай абмежаваць свабоду слова і права на самавыяўленне», - кажа рэжысёр Клэр Лізімар, адзін з арганізатараў акцыі пратэсту.

Аляксандра Вуд, драматург, кажа: «Інтэрнэт з'яўляецца важнай прыладай у стасунках і павінен быць дасягальны для кожнага. Закон Лукашэнкі пра ўвядзенне цэнзуры ў Інтэрнэце ў прыватнасці ўплывае на тых, хто выступае супраць яго рэжыму, хто хоча прапанаваць беларускаму народу альтэрнатыву, што, вядома ж, супярэчыць яго планам. Клэр і я былі натхнёныя на такія меры пасля 10 дзён, праведзеных з «Вольным тэатрам», які з'яўляецца адным з самых смелых і гарачых абаронцаў свабоды, якіх мы калі-небудзь сустракалі. Мы хочам, каб яны ведалі, што перад абліччам велізарных перашкодаў, іх меры з'яўляюцца дзейснымі, і ў іх ёсць свае прыхільнікі ў Вялікабрытаніі».

«Мэты тэатра і мэты Інтэрнэту адныя і тыя ж: злучаць людзей, замацоўваць іх адзінства, аўдыторыю, свет. Рэпрэсіўныя рэжымы напалоханыя Інтэрнэтам з-за яго здольнасці аб'ядноўваць вальнадумных людзей і надаваць ім натхненне і сілу. Гаворка ідзе не пра «нас» і пра «іх». Гаворка ідзе пра ўсіх нас. Мы павінны супрацьстаяць кожнай спробе забраць гэтыя свабоды. Гэта анты-разумова, анты-свабодна, анты-чалавечна», -- сказаў акцёр і рэжысёр Сэмюэль Уэст.

Яго партнёр, драматург Лора Вэйд дадала: «Гэты дэкрэт – патэнцыйная катастрофа для беларускага «Свабоднага тэатра». Для іх Інтэрнэт гэта жыццёвая артэрыя – спосаб знайсці аўдыторыю ў Менску і іншых гарадах, а таксама заставацца на сувязі з Сусветнай сеткай сваіх сяброў і прыхільнікаў. Я лічу, што ў «Свабоднага тэатра» -- гэтай групы палкіх і мужных тэатралаў ёсць, што сказаць свету. І мы павінны пераканацца, што ў іх будзе гэта магчымасць».

Таксама дзеячы культуры накіравалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, заклікаючы распаўсюдзіць дэмакратычныя свабоды і спыніць цэнзуру Інтэрнэту. Акрамя арганізатараў акцыі пад лістом падпісаліся Марк Равенхіл, Говард Брэнтан, Алан Рыкман, Лора Уэйд, Кэрыл Чэрчыль, Генры Гудман, Генры Портэр, Сімон Макберні, Сайман Стывенс і Ліндсі Тэрнер.

«Мы заклікаем Вас выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы для прадухілення далейшых рэпрэсіяў грамадзянаў, меркаванні якіх альтэрнатыўныя ці супрацьлеглыя Вашым. Мы настойваем, каб практыка фізічнага гвалту і запалохвання ў дачыненні да любога грамадзяніна, у тым ліку тых, хто адважваецца мець альтэрнатыўныя і апазіцыйныя пункты гледжання, была спыненая. Нарэшце, мы заклікаем Вас абараняць права на свабоду сходаў у адпаведнасці з артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзяржавай-удзельніцай якога Беларусь з'яўляецца», -- кажацца ў лісце.

Раней сусветныя знакамітасці напісалі адкрыты ліст прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі Дэвіду Кэмерану з патрабаваннем спыніць талерантнае стаўленне да апошняй дыктатуры ў Еўропе.

Акцыя пратэсту арганізаваная сумесна з кампаніяй «Салідарнасць з Беларуссю», якую заснаваў Том Стопард. Як паведаміў сайту charter97.org кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін, падобныя акцыі пратэсту ў Вялікабрытаніі і іншых краінах свету будуць праходзіць да таго часу, пакуль беларускія ўлады не спыняць ціск на свабоду слова і цэнзуру ў Інтэрнэце.

Супрацоўнікі беларускай амбасады ўцякалі ад брытанцаў, які пратэставалі

Акцёр Сэмуэл Уэст выступае з урыўкам п'есы "Пакаленне Джынс"

Арганізатар акцыі пратэсту сэр Том Стопард

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках