16 лiстапада 2024, Субота, 6:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спякота друкаванаму станку не перашкода

16

За год крэдытная запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў перад банкамі павялічылася ў 1,32 раза.

Банкаўская сістэма Беларусі ў цяперашні час мае ўсе неабходныя рэсурсы для забеспячэння далейшага крэдытавання эканомікі краіны, заявіў сёння кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч на дакладзе ў А.Лукашэнкі. Пры гэтым галоўны банкір асабліва падкрэсліў, што крэдытаваннем захапляюцца не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя банкі.

Варта адзначыць, што запэўненне Пракаповіча прагучала пасля пераліку дадзеных аб выніках крэдытавання ў першым паўгоддзі бягучага года, піша «АФН».

На 1 ліпеня 2010 года ў параўнанні з 1 ліпеня мінулага года крэдытная запазычанасць прадпрыемстваў перад банкамі павялічылася ў 1,32 раза, крэдытаванне дзяржаўных праграмаў было павялічанае ў 1,4 разы, а крэдытаванне жылля і зусім вырасла ў 1,54 разу.

Распавядаючы пра крэдыты, кіраўнік Нацбанка безумоўна пахваліўся тым, што па выніках паўгоддзя адсоткавыя стаўкі па крэдытах для юрыдычных асобаў знізіліся больш чым на 5 адсоткавых пунктаў.

Так калі ў студзені ў сярэднім адсоткавая стаўка па выдадзеных крэдытах складала больш чым 21%, дык па выніках чэрвеня яна склала 16,5% у цэлым, а для юрыдычных асобаў – у сярэднім 15,4%.

Зрэшты, усё б выглядала не так мажорна, калі б кіраўнік Нацбанка ўвязваў працу друкаванага станка (рост крэдытавання) з такімі паказчыкамі як зніжэнне золатавалютных рэзерваў з пачатку года на $128.9 млн. (2,3%) з $5652.5 млн. да $5523.6 млн. на 1 ліпеня 2010 года (Рэальнае зніжэнне складае каля $1,4 млрд., калі не ўлічваць апошні транш МВФ - $670 млн. - і плацёж Газпрама за акцыі Белтрансгаза – $625 млн.) і рост адмоўнага сальда плацёжнага балансу – $1,813 млрд. па выніках 5 месяцаў гэтага года.

Паказчыкі ЗВР і знешнегандлёвага сальда, якія не ўражваюць, нельга спісаць на новыя ўмовы пастаўкі расейскай нафты і нафтапрадуктаў у краіну, паколькі гэтыя страты кампенсуюцца рэзкім ростам экспарту калійных угнаенняў.

Адсюль і выснова: рост крэдытавання спрыяе толькі выкананню ўсталяваных на бягучы год прагнозных валавых паказчыкаў, але зусім не ажыўленню эканомікі краіны. Больш за тое, далейшае нарошчванне крэдытных партфеляў непазбежна ўзмоцніць ціск на валютным рынку, што ва ўмовах недастатковага паступлення валютнай выручкі можа прывесці да гэткіх не папулярных мераў, як адміністрацыйныя забароны на набыццё валюты пад імпартныя кантракты і чарговая дэвальвацыя.

І хаця Пракаповіч заявіў, што існуюць усе неабходныя ўмовы для таго, каб ваганні беларускага рубля да канца года заставаліся ў межах калідора +/-2-3%, рэальных падставаў для падобнага аптымізму не назіраецца хаця б на прыкладзе ўмоваў уваходжання Беларусі ў Мытны саюз – мала таго, што захоўваюцца экспартныя пошліны на расейскую нафту і нафтапрадукты, дык і за газ прыйдзецца ад гэтага часу плаціць па кантрактным кошце, а не па зручным кошце 2009 года.

Ды і асноўныя выдатковыя мерапрыемствы бягучага года яшчэ толькі наперадзе – пачатак ацяпляльнага сезону і выбарчая кампанія….

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках