28 снежня 2024, Субота, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The Economist»: Беларускага дыктатара можа пакінуць нават яго атачэнне

37

У першы раз за 16 гадоў людзі ў Беларусі глядзяць на Расею з надзеяй.

Паміж двума меркаванымі саюзнікамі разгарэлася інфармацыйная вайна, піша брытанскі часопіс «The Economist».

Расею і Беларусь складана назваць абаронцамі дэмакратыі і свабоды слова. Але ў постсавецкім свеце постмадэрнісцкі падыход да палітыкі можа даваць дзіўныя вынікі. За апошнія тыдні гэтыя аўтарытарныя рэжымы выкрылі аўтарытарызм адзін аднаго і з дапамогай дзяржаўных СМІ пачалі атаку на адсутнасць свабоды слова ў суперніка. Дзіўна, але гэтая славесная вайна была развязаная ў імя братэрскіх сувязяў і эканамічнага саюза.

Баявыя дзеянні ўспыхнулі тры тыдні таму, калі Масква і Менск паспрачаліся пра кошты на газ, і Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, ледзь не адмовіўся ад Мытнага саюза паміж яго краінай, Расеяй і Казахстанам. У канчатковым выніку дамова аб саюзе была падпісаная 5 ліпеня. На дзень раней канал НТВ, які кантралюецца «Газпрамам», расейскім газавым манапалістам, паказаў фільм «Хросны бацька» - дакументальны фільм, што паказвае Лукашэнку, якога Расея так доўга падтрымлівала, як жорсткага тырана, тым, хто падтасоўвае вынікі выбараў і душыць апазіцыю.

Лукашэнка, для якога праз некалькі месяцаў распачнуцца прэзідэнцкія выбары, нанес ўдар у адказ. 15 ліпеня дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі перадало ўхвальнае інтэрв'ю з прэзідэнтам Грузіі (і галоўным ворагам Расеі) Міхаілам Саакашвілі, які адзначыў, што крытыка Расеі – гэта крытыка краіны, якая душыць апазіцыйных палітыкаў і забівае журналістаў.

НТВ адказаў фільмам «Хросны бацька-2», у якім параўнаў Лукашэнку з Курманбекам Бакіевым, прэзідэнтам Кыргызтана, зрынутым з маўклівай згоды Расеі, якому Лукашэнка даў прытулак. Схаваны сэнс зразумелы: Лукашэнка можа паўтарыць яго лёс. Ніводны з фільмаў не транслявалі ў Беларусі, але чвэрць беларусаў знайшлі спосабы іх паглядзець.

Крэмль не робіць сакрэту з таго, што Лукашэнка ўрэшце рэшт вычарпаў іх цярпенне. Гадамі Масква субсідавала яго рэжым з дапамогай таннага газу і сырой нафты, якая не абкладалася пошлінай і якую Беларусь перапрацоўвала і рээкспартавала; яна падтрымлівала яго, калі Лукашэнка фальсіфікаваў вынікі выбараў і душыў мірныя пратэсты. Але, падаецца, яна мала атрымлівала наўзамен. Лукашэнка не прадаў беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы расейскім фірмам, ён адмовіўся прызнаць незалежнасць грузінскіх правінцыяў, самаабвешчаных рэспублікаў Паўднёвая Асеція і Абхазія, і ён прапанаваў прытулак Бакіеву.

Яго ўпартасць у дачыненні да Мытнага саюза было апошняй кропляй. Для Расеі саюз – аснова яе «зоны прывілеяваных інтарэсаў», і яна бачыць яго як сваю альтэрнатыву Еўрапейскаму Звязу. Замест таго, каб дапамагчы Уладзіміру Пуціну, прэм'еру Расеі, у яго гістарычнай місіі паўторнага аб'яднання частак, расколатых пасля краху Савецкага Саюза (адзін з прыхільнікаў Пуціна параўнаў гэтую місію з уз'яднаннем Германіі), прэзідэнт-бунтар стаў перашкодай.

Каб павялічыць ціск на яго, Расея ўзняла кошты на газ і ўрэзала пастаўкі нафты. Калі атачэнне Лукашэнка адчуе, што Масква кінула іх шэфа, яны могуць пакінуць карабель, які тоне. Расея таксама разгойдвае беларускую апазіцыю. «У першы раз за 16 гадоў людзі ў Беларусі глядзяць на Расею з надзеяй», - сказаў лідэр апазіцыі Андрэй Саннікаў.

Гэтая надзея можа быць заўчаснай. Лукашэнка часта перайграваў хітрэйшымі манеўрамі сваіх расейскіх інвестараў, якія баяцца страціць Беларусь, саступіўшы яе Захаду. Мэтай атакі Расеі на Лукашэнку можа быць жаданне прыстрашыць яго, а не яго зрынуць. Ніводны апазіцыйны палітык не будзе разглядаць інтэграцыю з Расеяй як сур'ёзную альтэрнатыву ЕЗ.

Тое, што Лукашэнку назвалі дыктатарам-параноікам, можа зрабіць стасункі з ім складанымі, але не немагчымымі. Як сцвярджае Фёдар Лук'янаў, галоўны рэдактар часопіса «Расея ў глабальнай палітыцы»: «У гэтай сутычцы няма такога паняцця, як рыса, за якой няма вяртання, таму што абодва бакі прадстаўлены не высакароднымі рыцарамі, а цынічнымі гандлярамі».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках