28 снежня 2024, Субота, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Мы будзем патрабаваць у ААН расследавання выкраданняў у Беларусі»

45
Андрэй Саннікаў: «Мы будзем патрабаваць у ААН расследавання выкраданняў у Беларусі»

У Расеі магла з'явіцца дадатковая інфармацыя пра датычнасць уладаў Беларусі да палітычных забойстваў.

Як паведамляе сёння радыёстанцыя «Голас Амерыкі», напярэдадні падпісання дакументаў, якія рэгулююць дзейнасць Мытнага саюза, і пасля таго, як Беларусь пагадзілася да гэтага саюза далучыцца, Аляксандр Лукашэнка атрымаў важкія інфармацыйныя аплявухі ад дзвюх расейскіх тэлекампаніяў.

У лепшы нядзельны эфірны час на канале НТВ выйшаў дакументальны фільм з выразнай назвай «Хросны бацька». Яго паказу папярэднічалі тытры пра тое, што фільм быў гатовы да эфіру яшчэ год таму, аднак касеты канфіскавалі працаўнікі беларускага КДБ. Як сцвярджалася, запіс, пазней, атрымалася вярнуць.

У фільме беларускі кіраўнік недвухсэнсоўна абвінавачваецца ў арганізацыі забойстваў і бясследных знікненняў сваіх палітычных супернікаў і проста непажаданых, у прыватнасці, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, былога кіраўніка Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара, тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага, прадпрымальніка і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. «Бацьку» ўзгадалі ўсё, аж да яго станоўчых ацэнак Гітлера і дэклараванага намеру арганізаваць жыццё ў Беларусі па ўзоры Германіі 30-х гадоў.

Не пашкадавалі аўтары і асабістае жыццё Лукашэнкі, распавёўшы пра тое, як ён адабраў малодшага сына Мікалая і выгнаў сваю, як сказана ў фільме, «палюбоўніцу Ірыну Абельскую». Асобна і шмат казалася пра каласальныя фінансавыя ўліванні з Расеі, за кошт якіх «апошні дыктатар Еўропы» і змог выбудаваць цяперашні рэжым.

Адначасова дзяржаўны англамоўны канал «Russia Today» выдаў у эфір не менш жорсткі фільм пра кіраўніка «саюзнай дзяржавы». У Беларусі ніводны з фільмаў на тэлеэкранах не трансляваўся. Вядома, што беларускія ўлады пільна сочаць за вяшчаннем расейскіх каналаў і выразаюць з усіх праграмаў не толькі любыя абвінавачванні і крытычныя заўвагі ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, але і цалкам бяскрыўдныя пародыі на яго, ці жарты адносна яго дзейнасці. Тым не менш, фільмы, імгненна размешчаныя ў Інтэрнэце, выклікалі абуранасць афіцыйнага Менска і вялікі ажыятаж, як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

На думку назіральнікаў, аднак, шмат што кажа на карысць таго, што выкрывальныя фільмы адлюстроўваюць пазіцыю расейскіх уладаў і былі створаныя па іх заданні. Аналітыкі лічаць, што на гэта паказваюць прынамсі два фактары – відавочны кантроль расейскіх уладаў над НТВ і Russia Today, і непрыхаванае раздражненне, з якім ставяцца адзін да аднаго расейскі і беларускі прэзідэнты.

«Беларускай эліце далі сігнал, што ў выпадку працягу такіх дзеянняў, Масква можа падтрымаць апазіцыю на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца. Беларускае грамадства даўно жыве ва ўмовах інфармацыйнай блакады, але агучаныя факты былі вядомыя даўно. Аднак тое, што гэта выйшла на расейскім канале, тое, як там былі падабраныя факты і расстаўленыя акцэнты, ва ўсіх стварыла адчуванне сур'ёзнай дзяржзамовы. Кагосьці ў Беларусі гэта палохае, а кагосьці натхняе, таму што існуе меркаванне, што без падтрымкі Масквы рэжым Лукашэнкі недаўгавечны», – кажа журналіст Павал Шарамет, які сам здымаў фільмы, што выкрываюць беларускія ўлады.

На думку прэзідэнта навукова -даследчага цэнтра Мізеса Яраслава Раманчука, у Маскве маюць усю інфармацыю па гучных справах аб выкраданнях і забойствах палітыкаў у Беларусі.

«Пагрозай для Лукашэнкі з'яўляецца непрызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі ў канцы года. Сітуацыя памянялася – не толькі Лукашэнка не бачыць у Крамлі партнёраў, гатовых фінансаваць яго дзяржпланаўскую мадэль, але і Пуцін з Крамлём бачаць, што Лукашэнка не будзе надзейным партнёрам і застанецца тым жа чалавекам, які проста бярэ расейскія рэсурсы і не выконвае сваіх абавязальніцтваў», – лічыць эксперт.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў назваў фільмы расейскіх каналаў «інфармацыйным выбухам» у Менску.

«Тое, што гэтыя фільмы з'явіліся на расейскім тэлебачанні, відаць, сведчыць пра тое, што з'явілася дадатковая інфармацыя пра датычнасць вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі да палітычных забойстваў. Гэта пытанне настолькі сур'ёзнае, што мы зараз будзем рыхтаваць зварот у ААН для таго, каб адбылося міжнароднае расследаванне палітычных знікненняў у Беларусі. Тое, што гэта адбываецца напярэдадні выбараў, дае падставы ставіць пытанне пра неўдзел Лукашэнкі ў гэтых выбарах, таму што калі ў спецслужбаў ёсць інфармацыя пра яго датычнасць, дык, як фігурант, ён не мае права ўдзельнічаць», – заявіў Андрэй Саннікаў «Голасу Амерыкі».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках