9 лiстапада 2024, Субота, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія дэмакраты перасцерагаюць Еўропу

20
Беларускія дэмакраты перасцерагаюць Еўропу

Сустрэча камісара Еўразвяза Штэфана Фюле з лідэрамі беларускай апазіцыі доўжылася амаль да паўночы.

8 ліпеня камісар Еўразвяза па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле сустрэўся ў Менску з лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым, старшынём партыі «Справядлівы свет» Сяргеем Калякіным, намеснікам старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраславам Раманчуком, былым палітвязнем Аляксандрам Казуліным, лідэрам кампаніі «Гавары праўду» Уладзімірам Някляевым, старшынём Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам, сустаршынём партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталём Рымашэўскім.

«Можна з асцярожным аптымізмам сказаць, што Еўразвяз распачынае чарговую сур'ёзную спробу зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі. Гэтым разам, як мне падалося, яны робяць гэта з улікам папярэдніх няўдачаў. Штэфан Фюле вельмі добра ведае сітуацыю ў рэгіёне, сам жыў пры таталітарызме, таму шмат якія рэчы яму не трэба тлумачыць. Яго візіт звязаны з тым, што ў верасні-кастрычніку ЕЗ будзе прымаць рашэнне пра сваю далейшую палітыку ў дачыненні да Беларусі. Для нас гэтае рашэнне будзе вельмі важным, таму што яно будзе прынятае напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі», - паведаміў пасля сустрэчы Андрэй Саннікаў.

Як паказвае нядаўняе мінулае, адзначае лідэр «Еўрапейскай Беларусі», перад выбарамі Лукашэнка не ідзе ні на якія саступкі.

«Еўразвяз павінен гэта разумець і ў сваіх рашэннях зыходзіць з неабходнасці абараняць тыя прынцыпы, якія дазволяць Беларусі стаць дэмакратычнай. Зразумела, што ўлады будуць «прадаваць» Еўразвязу. Яны будуць спрабаваць заручыцца падтрымкай ЕЗ у канфлікце з расейскім кіраўніцтвам. Будуць казаць пра тое, што гэты канфлікт не вынік банкруцтва палітыкі Лукашэнкі, а «абарона незалежнасці» Беларусі. Будуць таксама пераконваць еўрапейцаў, што ў нас нібыта стала нашмат менш рэпрэсіяў. Мы выказвалі заклапочанасць такімі планамі ўладаў, і, спадзяюся, нас пачулі», - сказаў Саннікаў.

Безумоўна, на сустрэчы абмяркоўваўся фільм расейскага тэлеканала НТВ «Хросны бацька», які распавядае пра выкраданні і забойствы ў Беларусі апазіцыянераў.

«Нас цікавіла рэакцыя Еўропы на тую інфармацыю, якая ўтрымліваецца ў фільме. Мы пераканаліся, што ў Еўразвязе гэты фільм таксама заўважылі. Мы шмат казалі пра палітвязняў і палітрэпрэсіі», - паведаміў Саннікаў.

Паводле словаў палітыка, яго зацікавіла, што Штэфан Фюле падчас сустрэчы з беларускімі дэмакратамі звярнуў увагу на мадэль стасункаў Украіны з Расеяй і Еўразвязам.

«Добрыя стасункі з Расеяй і Еўразвязам не супярэчаць адно аднаму, паколькі, як адзначыў камісар Фюле, ЕЗ і Масква прапануюць розныя прадукты і дзяржава можа выйграць ад гэтага. Такая мадэль не выклікае антаганізму ў Расеі і дазваляе Украіне рабіць крокі насустрач Еўропе», - заявіў Саннікаў.

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» лічыць, што Штэфан Фюле шчыра зацікаўлены ў тым, каб знайсці вырашэнне беларускай праблемы.

«Сам фармат яго сустрэчаў - з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыяй і ўладамі - кажа пра тое, што ён праводзіць адкрытую дыпламатыю. Я думаю, ён пачуў тое, што турбуе нас і будзе ўлічваць нашае меркаванне пры падрыхтоўцы рашэння ЕЗ», - адзначыў палітык.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках