15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта ілжэ кіраўніцтва менскай міліцыі? (Фота, відэа)

32
Навошта ілжэ кіраўніцтва менскай міліцыі? (Фота, відэа)

Нягледзячы на сотні сведак і паказанні арыштаваных, начальнік ГУУС і яго прэс-сакратар заяўляюць, што 16 жніўня «нікога не затрымлівалі».

Пасля заканчэння 16 жніўня акцыі «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых!» і затрымання яе ўдзельнікаў начальнік ГУУС Менгарвыканкама генерал-маёр міліцыі Леанід Фармагей заявіў журналістам наступнае.

«Па нашых ацэнках, была спроба правакацыі з боку аднаго з актывістаў апазіцыі Яўгена Афнагеля. Афнагель сагітаваў моладзевае крыло і спрабаваў імітаваць затрыманне. Мы расцэньваем гэта як спробу правакацыі. Ніхто затрыманы не быў», - цытуе начальніка ГУУС «Інтэрфакс-Захад».

Начальнік прэс-службы ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі паўтарыў следам за сваім начальнікам:

«Мы дамо прававую ацэнку ўдзельнікам акцыі. Для гэтага мы праводзім відэадакументаванне. Удзельнікі гэтай акцыі парушылі забарону Менгарвыканкама. Як відаць па ўсім, міліцыя дзейнічала лаяльна і нікога не затрымлівала».

Тым не менш, пасля заканчэння акцыі толькі ў РУУС Першамайскага раёна Менска супрацоўнікамі АМАПа былі дастаўленыя 8 удзельнікаў акцыі. Пра гэта напісалі беларускія і замежныя СМІ. Пра гэта распавядаюць сайту charter97.org самі затрыманыя.

Яўген Афнагель, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

-- Супрацоўнікі міліцыі ілгуць не першы раз, сотні актывістаў апазіцыі былі аштрафаваныя ці адпраўлены за краты па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Зразумела, што шэраговыя міліцыянты бяруць прыклад са свайго начальства.

Словы Леаніда Фармагея пра тое, што я імітаваў сваё затрыманне - гэта нахабная хлусня, што могуць пацвердзіць як удзельнікі акцыі, так і супрацоўнікі Першамайскага РУУС, у якім я і іншыя затрыманыя правялі амаль тры гадзіны. Магчыма, кіраўніцтва міліцыі проста не ведае, што робяць яго падначаленыя

Мяне затрымалі ў 18.30, калі я пайшоў папярэджваць удзельнікаў акцыі, што мерапрыемства скончанае, і трэба разыходзіцца. Калі я падышоў да краю «ланцужка», бліжэй да вуліцы Петруся Броўкі, на мяне ззаду накінуліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Заламалі рукі, а затым закінулі мяне ў мікрааўтобус. Потым туды закінулі яшчэ двух удзельнікаў акцыі, аўтобус аб'ехаў квартал – і ўпіхнулі Паўла Юхневіча ў падранай вопратцы. Нас даставілі ў РУУС Першамайскага раёна. Там склалі пратакол апытання, абшукалі, і тых, хто не стаяў на ўліку на дактыласкапію, паставілі на ўлік. Увесь час затрымання нам не дазвалялі карыстацца тэлефонамі і на пытанне пра далейшы лёс супрацоўнікі міліцыі адказвалі, што чакаюць чыйгосьці асаблівага распараджэння. Адпусцілі ўсіх васьмёх затрыманых праз тры гадзіны.

Максім Сергіец, актывіст «Еўрапейскай Беларусі»:

-- Пасля заканчэння акцыі мы сабраліся сыходзіць, і тут убачылі, што за намі сочаць двое супрацоўнікаў АМАПа ў цывільным. Мяне схапілі разам з Андрэем Моўчанам. Амапаўцы закінулі нас у мікрааўтобус, нанеслі некалькі ўдараў. Там ужо знаходзіўся Афнагель. Пакуль мы кружлялі па раёне, увесь час чулі, як амапаўцы перагаворваюцца па рацыях, каго дзе затрымліваюць. Было зразумела, што ім былі дадзеныя распараджэнні, каго канкрэтна арыштоўваць. Потым да нас у аўтобус закінулі Юхневіча. Завезлі ўсіх у Першамайскі РУУС, абшукалі, забралі партрэты зніклых, расцяжку «Патрабуем міжнароднага расследавання!».

Андрэй Моўчан, актывіст «Еўрапейскай Беларусі»:

-- Мы ішлі ад Акадэміі навук, ззаду пачулі, як па рацыі перагаворваюцца супрацоўнікі Амапа ў цывільным, і тут чуем крыкі «Стаяць!» Нас сталі хапаць. Насустрач таксама беглі амапаўцы ў цывільным. Карацей, абклалі, як ваўкоў, з усіх бакоў. Запіхнулі ў аўтобус, забралі пашпарты і павезлі ў Першамайскі РУУС. Абшуквалі двойчы. Спачатку людзі ў цывільным, потым у РУУС маёр адвёў мяне ў кабінет, там ізноў абшукалі і ўзялі тлумачэнні. Пры складанні пратаколу спрабавалі мяне прымусіць даць паказанні, што я чуў, як амапаўцы, якія арыштавалі мяне, крычалі «Стаяць! Міліцыя!». Але яны проста загадвалі спыніцца, не называючыся. Так што ў пратаколе міліцыянтам усёткі прыйшлося запісаць, што затрымлівалі мяне людзі без формы і знакаў адрознення.

Павал Юхневіч, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

-- Праз 20 хвілінаў пасля пачатку акцыі да кожнага з нас, хто падаваў заяўку на правядзенне 16 жніўня дэманстрацыі і мітынгу пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследавання!» падышоў намеснік начальніка менскай міліцыі грамадскай бяспекі маёр Грышчанка і стаў пагражаць адказнасцю. Я патлумачыў, што тут адбываецца не тое мерапрыемства, на якое я падаваў заяўку, яно забароненае, а сёння людзі проста выйшлі на вуліцы з партрэтамі зніклых беларусаў, і гэта не парушае ніякіх законаў. Аднак вакол мяне і Яўгена Афнагеля сталі гуртавацца людзі ў цывільным.

Першым арыштавалі Афнагеля. Калі мяне спрабавалі выкрасці (я не магу назваць гэта затрыманнем!), тыя, хто быў побач, прыйшлі на дапамогу. І, ведаеце, міліцыянты разгубіліся, таму, што нашых было больш, мы былі разам. Гэта быў момант, калі людзі, якія дапамагалі мне пазбегнуць арышту, адчулі тое, што ўвесь гэты час забіваюць у беларусах – салідарнасць. Нас шмат!

Пры спробе затрымання міліцыянты парвалі мне вопратку, на руцэ засталася вялікая гематома. Праз паўгадзіны, калі я накіраваўся ў бок парку Чалюскінцаў і паспрабаваў сесці ў таксі, падбеглі чацвёра ў цывільным, адзін з іх паказаў мне пасведчанне супрацоўніка АМАПа. Мяне ўпіхнулі ў аўтобус, дзе ўжо быў Афгнагель і іншыя затрыманыя. У Першамайскім РУУС нас было 8 чалавек. Спачатку 7, потым прыйшоў чалавек, які прастаяў паўтары гадзіны з партрэтам – звычайны менчук гадоў 30-ці. Гэта была яго першая акцыя. «Прачытаў у інтэрнэце і вырашыў прыйсці. Таму што дастала!» - каротка растлумачыў ён. Гэты чалавек зрабіў крок насустрач свабоднай краіне, пераадолеў свой страх. Мне адразу стала неяк добра на душы. Людзі прачынаюцца.

Відэа: "Наша ніва"

Фота: AP

Фота: Reuters

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках