26 снежня 2024, Чацвер, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: Расея паставіла Лукашэнку дыягназ - хворы

35

Кропка вяртання да якіх-небудзь нармальных адносінаў на ўзроўні кіраўніцтва Расеі і Беларусі пройдзеная.

Ярашук: Лукашэнка не можа быць сур'ёзным саюзнікам Расеі

Інфармацыйная вайна Расеі і Беларусі доўжыцца ўжо на працягу ўсяго лета. Відавочна, што Расея не збіраецца больш падтрымліваць дзейснага прэзідэнта Беларусі. Акрамя таго, Расея, мяркуючы па яе дзеянням у нафтагазавай сферы ў дачыненні да суседняй краіны, больш не збіраецца даціраваць беларускую эканоміку. Расея бачыць у А. Лукашэнку не саюзніка, што ён пастаянна дэклараваў, а «здрадніка», упэўненыя эксперты.

«Несумненна, гаворка ідзе пра тое, што Расея здымала гэты фільм з разлікам выключна на сваю ўнутраную аўдыторыю, для ўнутранага карыстання, - заявіў у інтэрв'ю ru.DELFI.lt кіраўнік незалежных прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Ярашук, які з'яўляўся ў кадрах першага і другога «Хроснага бацькі» з крытыкай беларускіх рэаліяў. - Гэта прадукт, які не прызначаны для Беларусі, беларускага грамадства, палітычных элітаў краіны. Расея вырашае свае ўнутраныя праблемы, і, на думку палітычных эліт Расеі, яе вышэйшага кіраўніцтва, Лукашэнка зараз не толькі не можа быць сур'ёзным саюзнікам, але і з'яўляецца чалавекам, які паставіў крыж на усялякіх магчымасцях з ім супрацоўнічаць. Калі казаць проста, то яны лічаць яго здраднікам».

А. Ярашук адзначае, што нічога новага для тых беларусаў, што сочаць за сітуацыяй, ні адзін з гэтых фільмаў не паказаў.

«З майго пункту гледжання, фільм прадэманстраваў, што кропка вяртання да якіх-небудзь нармальных адносінаў на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Расеі і Беларусі пройдзеная. Што тычыцца ўнутранай рэакцыі, то нічога новага фільмы не адкрылі. Зразумела, што ўсе зацікаўлена гавораць пра тое, што нарэшце пра тыя праблемы, якія вядомыя усім у краіне, пра якія пастаянна гавораць ўсе 16 гадоў, сталі здабыткам галоснасці з боку такога сур'ёзнага палітычнага гульца на палітычным полі Беларусі як Расея - сказаў DELFI лідэр незалежных беларускіх прафсаюзаў.

Глыбокі структурны расейска-беларускі крызіс

Палітычнаму аглядальніку, намесніку дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі расейскага дзяржаўнага універсітэта Вышэйшай школы эканомікі, Андрэю Суздальцаву ўезд у Беларусь забаронены. Больш за тое, як ён распавядае ў новым расейскім фільме пра А. Лукашэнку, з'яўленне ў гэтай краіне можа пагражаць яму 5 гадамі турмы. На пытанне, навошта Расеі трэба здымаць такія фільмы, ён адказаў, што «менавіта Расеі нічога гэтага і не патрэбна".

Расея, на яго думку, дэманструе, што нейкі нармальны дыялог з цяперашнім кіраўніком беларускай дзяржавы немагчымы. І падкрэслівае, што ён «немагчымы ў прынцыпе».

«Фактычна Расея зняла з сябе любую адказнасць за Лукашэнку. Чалавек недзеяздольны, з ім нельга дамовіцца, не трымае слова, фактычна ён блакуе нармальныя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі. Немагчыма вырашыць ні адно пытанне. Заявай аб тым, што Лукашэнка з'яўляецца псіхічна хворым чалавекам, Расея фактычна здымае з сябе ўсялякую адказнасць за яго, яна называе гэта «здрадай Лукашэнкі». Для расейскага палітычнага класа Лукашэнка здраднік. І зараз гэтаму ёсць тлумачэнне - ён хворы, і як з ім размаўляць, весці перамовы?»- каментуе сітуацыю А. Суздальцаў.

Сітуацыя ў расейска-беларускіх адносінах, паводле словаў суразмоўцы ru.DELFI.lt, вельмі цяжкая, «горш адносіны толькі з Грузіяй, з якой, у прынцыпе, ніякіх стасункаў няма».

«Кантакты паміж кіраўніцтвам краін адсутнічаюць. Ёсць кантакты на ўзроўні міністэрстваў, але яны традыцыйныя, натуральныя. Перспектываў асаблівых няма, ініцыятываў няма. Усё коціцца ад аднаго кантракту па нафце і газу да іншага кантракту. Усё ідзе да таго, што з 1 студзеня, відаць, Беларусь пазбавіцца апошніх датацый з боку Расеі. Стаіць задача: Беларусь як суверэнная незалежная дзяржава павінна жыць па прынцыпе, што суверэнітэт азначае сусветныя кошты. І гэта правільна, але для цяперашняга кіраўніцтва краіны гэта вельмі балюча, неабходна шукаць донара. Зараз яны актыўна шукаюць донараў у асобе Венесуэлы, Кітая, Ірана і ўвогуле каго заўгодна. Гэта глыбокі структурны расейска-беларускі крызіс», - перакананы палітаглядальнік.

Калі гэты фільм, прадукт для ўнутранага карыстання, то ўзнікае пытанне, навошта сярэдняму расейцу ведаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі? Раней пра сітуацыю ў суседняй краіне, асабістае жыццё А. Лукашэнкі расейскае кіраўніцтва не лічыла патрэбным інфармаваць сваіх грамадзян. Зараз, мяркуе А. Суздальцаў, «стала проста немагчыма, таму што страты беларускія растуць, вырасла беларуская алігархія, якая патрабуе сабе ў кішэню ўсё больш».

«Нядаўна Лукашэнка заявіў, што мы не маглі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, таму што нам важныя адносіны з ЗША і ЕЗ. Дык калі ласка, хай ЗША і ЕЗ вас і забяспечвае нафтай, газам, купляе вашыя «Мазы», «Белазы». Расея тут прычым? Хвалююць стасункі з ЗША, а з Расеяй адносіны хвалююць? І гэта Лукашэнка кажа цалкам шчыра. Як быццам Расея нейкая маўклівая калонія. Расея проста не жадае з ім мець справы», - канстатуе А. Суздальцаў.

На яго думку, расейцам абавязкова трэба ведаць пра тое, што адбываецца ў суседняй краіне, бо Расея вылучыла суседзям шмат грошай.

«Абавязкова трэба ведаць пра тое, што там адбываецца, таму што гэтая рэспубліка на працягу 16 гадоў штогод атрымлівала вялізную датацыю з боку Расеі - ад 6 да 8 млрд. даляраў у год. Гэтыя датацыі даваліся на фоне пабудовы саюзнай дзяржавы, інтэграцыі, але зараз ніякіх абгрунтаванняў такім датацыям няма, - падкрэслівае палітаглядальнік. - Трэба ўлічваць, што расейскі палітычны клас - гэта магутны клас. Змену курсу палітыкі ў дачыненні да Беларусі неабходна растлумачыць не толькі палітычнаму класу, але і насельніцтву краіны, таму што ёсць маса разнастайных міфаў. Трэба ўлічваць і спецыфіку расейскага электарату, які жыве пэўнай міфалогіяй, што тут дрэнна і цяжка, а дзесьці «там» ёсць маленькая краіна, дзе ёсць справядлівы бацька, які ўсіх вучыць, навучае і г.д.».

На пытанне аб магчымай рэакцыі беларускага кіраўніцтва на «Хроснага бацьку-3» А. Суздальцаў адказвае сцвярджальна: «Вядома, цяпер што-небудзь будзе».

З яго пункту гледжання, фільм «Хросны бацька-3» - гэта спроба стварыць і паказаць расейцам цэласны партрэт беларускага прэзідэнта, які доўгія гады пазіцыянаваў сябе як адзінага вернага саюзніка Расеі.

«І разбурыць гэта вельмі складана, таму трэба паказваць усе яго бакі. Гэта не прэзыдэнт далёкай Зімбабвэ, гэта блізкі народ, блізкая для расейцаў краіна. Гэтыя фільмы, вядома, зробленыя для расейскага гледача, гэта тлумачэнне новай палітыкі Расеі ў дачыненні да Беларусі », - перакананы А. Суздальцаў.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках