28 снежня 2024, Субота, 22:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спекулюе на пажарах у Расеі

35
Лукашэнка спекулюе на пажарах у Расеі

Беларускі кіраўнік вырашыў яшчэ раз даказаць Расеі, што з ім кашы не зварыш. Прынамсі, бясплатна.

Як перадае «Голос России», напярэдадні ён паставіў сваім чыноўнікам задачу - атрымаць максімальныя даходы ад экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўмовах складанай сітуацыі ў шэрагу краінаў і росту сусветных коштаў. Тут неабходна патлумачыць. Складаныя ўмовы - гэта спёка і пажары. Шэраг краінаў - гэта, перш за ўсё, Расея і, у меншай ступені, Украіна.

«Трэба атрымаць максімум даходу, - сказаў Лукашэнка, прадчуваючы прыбытак. - У нас няма нафты і газу, нам кожны год узнімаюць на гэта кошты. Калі ласка, мы таксама прадаём. І хочам з улікам росту коштаў на вуглевадародную сыравіну атрымаць сваё шчасце ў кошце», - скончыў ён сваю гандлёвую казань падчас працоўнай паездкі ў Менскую вобласць. Прычым, усю гэтую велікадушнасць ён называе дапамогай расейскім рэгіёнам. «Трэба дапамагчы нашым сябрам у Расеі. Яны плацяць, у іх дастаткова нафты, газу. І мы гатовыя мяняць гэта на сельгаспрадукцыю», - адзначыў ён. Карацей, і хлеба акраец, і той - па бартэры. Не рынак, а натуральны абмен.

Масква ўжо дастаткова сытая дружалюбнасцю Лукашэнкі. Але зараз ён прапануе яе яшчэ і за вялікую плату. Прычым, зразумела, што пажары ў Расеі - гэта зорная гадзіна яго ўяўленняў пра прагматызм. Разам з тым, увязваць сельгаспастаўкі з нафтай і газам, прынамсі, эканамічна некарэктна. Нават калі не браць у разлік катэгорыі маралі і іншага добрасуседства.

Тарыфы на вуглевадароды вызначаныя формулай дамоваў, іх падвышэнне расцягнутае ў часе з забеспячэннем плаўнага пераходу Беларусі на рынкавы ўзровень кошту. Уся спадарожная рыторыка Менска: скандалы, крыўды, дэмаршы, заломванні рук, галашэнні, апеляцыя да братэрства - гэта ўсё не эканамічныя, а палітычныя паняцці. І разлічаныя яны выключна на тое, каб гэты кошт, насуперак кантрактам, неяк збіць. Што да ежы, дык тут усё відавочна. І не трэба ніякіх формулаў. Спекуляцыя - яна заўсёды была зразумелая і ў цяжкія часы заканамерная. Толькі цяпер яе называюць часам па-іншаму. Напрыклад, кан'юнктура. Але сутнасці гэта не змяняе. Гэта таксама - нічога асабістага, толькі бізнэс.

Разам з тым, калі беларускія пажарнікі, нароўні з калегамі з іншых краінаў СНД і не толькі, адправіліся ратаваць Расею ад агню, гэта было салідарна. Калі беларускія тэлеканалы сталі параўноўваць беларускіх пажарнікаў з расейскімі, дэманстратыўна не на карысць апошніх, гэта было натуральна. Калі Лукашэнка прапанаваў пажарамі скарыстацца - гэта стала ўжо абуральна. Хаця, насамрэч, ён толькі пацвердзіў рэпутацыю гэткага вясковага хітруна. Ён ведае, калі, што і за колькі можна прадаць. Гутаркі пра сяброўства зараз - пустое. Калі ўжо быў тытунец паасобку, дык чаму б не адасобіць і збожжа ад нафты.

Зрэшты, са збожжам якраз Лукашэнка рэкамендуе не спяшацца. Яно, сцвярджае кіраўнік, яшчэ ўзнімецца ў кошце. Таму збожжа, муку і камбікорм Лукашэнка раіць прытрымаць. Атрымліваецца, што да горшых у Расеі часоў. Вось тады, кажа ён, мы яго нашым расейскім сябрам (сябры - гэта падкрэсліваецца) і штурханем. А пакуль не хлебам адзіным. Гандляваць можна мясам і малаком. Ці варта гэтаму здзіўляцца - наўрад ці. Бо вядома, што бяда не прыходзіць адна. Часцей за ўсё яна прыходзіць з тым, хто хоча на ёй нажыцца. Часам, праўда, гэта бывае той, хто, уласна, толькі ў бядзе і пазнаецца. Хаця Лукашэнка - гэта, вядома, не той выпадак. Бяды не трэба, каб зразумець, што гэта за сябар, робіць выснову «Голос России».

Тэму працягнуў у эфіры «Голоса России» прэзідэнт расейскага Цэнтра палітычнай кан'юнктуры Канстанцін Сіманаў.

-- Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларускіх сельгасвытворцаў скарыстацца сітуацыяй у Расеі (маюцца на ўвазе пажары, засуха, недастатковы ўраджай збожжа) і ўзняць кошт сельгаспрадуктаў. Прычым ён увязаў гэта з падвышэннем тарыфаў на нафту і газ. Маўляў, у якасці меры ў адказ. Наколькі гэта карэктна і дарэчы?

-- У дачыненні да беларускага прэзідэнта, мне падаецца, такія словы як «карэктна» і «дарэчы» даўно ўжо ўжываць не варта. Мне здаецца, ужо ўсе ў Расеі пераканаліся, наколькі надзейны гэты наш палітычны партнёр. І ў апошні час ён не прапускае ніводнага выпадку, каб Расеі неяк паставіць падножку. Для мяне зусім не дзіўная такая яго пазіцыя. Я б нават не хацеў тлумачыць, у чым яе некарэктнасць і чаму не варта карыстацца чужымі бедамі.

Мы ведаем цудоўна, што сусветная супольнасць, наадварот, імкнецца дапамагаць краінам, якія пакутуюць ад стыхійных бедстваў. І я разумею, што ў нас маштаб бедства, дзякуй Богу, не супастаўны з тым, што адбываецца зараз, напрыклад, у Пакістане. Але мы бачым, што сусветная супольнасць заўсёды імкнулася дапамагаць тым, хто пацярпеў. А так цынічна і адкрыта казаць, давайце заробім на расейскіх пажарах, яны ж нам павялічылі кошт газу - гэта пазіцыя дастаткова цынічная. Але ад Лукашэнкі іншага чакаць ужо, напэўна, не варта.

Дарэчы, я нагадаю, што нягледзячы на ўсе падвышэнні кошту газу для Беларусі, тым не менш гэты газ каштуе істотна танней, чым, скажам, газ, які мы пастаўляем на Украіну, нават пасля вядомых харкаўскіх пагадненняў, якія былі падпісаныя не так даўно.

-- А наогул, з пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці, такі бартэр - сельгаспрадукты, збожжа ў абмен на нафту ці газ, натуральна, з паніжэннем нейкага кошту - наколькі гэта магчыма для Расеі?

-- Ні пра які бартэр гаворка не ідзе. Таму што, у прынцыпе, гэта ўсёткі зусім розныя таварныя рынкі. І я не думаю, што варта нейкім чынам разменьваць танны газ на пастаўкі харчавання. На сённяшні дзень мы разумеем, што Расея сутыкнецца з перабоямі ў пэўным спектры харчовых тавараў. Зразумела, што ў нас узнікаюць сур'ёзныя праблемы са збожжам. Але Беларусь не з'яўляецца звышбуйным вытворцам збожжа, які здольны гэты дэфіцыт папоўніць.

Я думаю, што калі Лукашэнка сапраўды мае намер зарабіць на пажарах і павялічыць кошты на сельгаспрадукцыю, гэта можа прывесці да таго, што нашыя стасункі ў сферы энергетыкі стануць абсалютна рынкавымі, як ён гэтага хоча. Таму Лукашэнку трэба быць вельмі акуратным у заявах на тэму пра тое, што ў Расеі пажары, таму, давайце, мы павялічым кошты на нашае харчаванне, давайце Расею пакараем. Таму што, у прынцыпе, мы ж разумеем, што ў Расеі значна больш магчымасцяў не тое што пакараць, а проста перайсці на рынкавыя кошты і сказаць: «Сябра, усё, больш табе патуранняў не будзе».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках