28 снежня 2024, Субота, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна можа ўвесці санкцыі супраць беларускага цукру (Абноўлена)

8
Украіна можа ўвесці санкцыі супраць беларускага цукру (Абноўлена)

Беларускі цукар могуць выключыць з рэжыму свабоднага гандлю.

Гэта можа адбыцца ў выпадку паўтарэння фактаў паставак трысняговага цукру замест бураковага, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны журналістам у сераду ў Менску, паведамляе «Інтэрфакс».

«Некалькі тыдняў таму міністр сельскай гаспадаркі Украіны заявіў пра тое, што Украіна можа прыняць такое рашэнне. Усё будзе залежыць ад аналізу пастаўкі цукру ў бягучым годзе», - заявіў амбасадар Украіны.

Паводле яго словаў, «калі выпадкі падмены бураковага цукру цукрам вырабленым з трысняговага сырцу будуць паўтарацца, то, вядома, Украіна вымушаная будзе прыняць такое рашэнне». «Калі ўсё будзе заставацца ў рамках дасягнутых і падпісаных дамоўленасцяў, то ніякіх санкцый прымацца не будзе», - сказаў украінскі амбасадар у Менску.

Пра ратыфікацыю беларуска-ўкраінскай мяжы

Дыпламат таксама спадзяецца на рашэнне спрэчных пытанняў па ратыфікацыі беларуска-ўкраінскай мяжы.

«Беларускі бок звязвае так званае пытанне доўгу з пытаннем па мяжы. Гэта ёсць асноўная перашкода для абмену ратыфікацыйнымі граматамі», - заявіў Раман Бязсмертны.

Амбасадар падкрэсліў, што «ўкраінскі бок не бачыць магчымасці адказваць за тое, што належыць былому Савецкаму Саюзу і прадпрыемствам, якія сёння не існуюць. Таму ўвесь час вядуцца дыскусіі і кансультацыі», - адзначыў Бязсмертны. «Ці ўдасца знайсці прымальную формулу - давайце пачакаем. Я аптымістычна гляджу на ўсе пытанні, пазначаныя ў заявах прэзідэнтаў і ў падпісанай Дарожнай мапе», - сказаў амбасадар. Ён выказаў надзею, што «абсалютная большасць пунктаў, якія прапісаны ў Дарожнай мапе, будуць рэалізаваныя ў тэрмін». «Калі будуць існаваць нейкія аб'ектыўныя прычыны, якія не дадуць магчымасці дазволіць асобныя з іх, значыць, будзем іх вырашаць у наступным годзе», - заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі.

Пра экспарт піва ў Беларусь

Бязсмертны таксама лічыць, што пытанні паставак ўкраінскага піва на беларускі рынак павінны вырашацца на ўзроўні экспарцёраў, а не ва ўрадзе.

«Гэта, хутчэй за ўсё, пытанне адносінаў паміж украінскімі экспарцёрамі, чым паміж Украінай як дзяржавай і Беларуссю як дзяржавай», - заявіў украінскі амбасадар.

Паводле яго словаў, «дыскусіі ў гэтым дачыненні былі, ёсць і будуць заўсёды, незалежна ад таго, якія рэжымы уласнасці ёсць там і тут». Паводле словаў Бязсмертнага, «як рэгуляваць рынак піва - гэта праблема беларускага ўрада». «Што да ўкраінскага складніку, то наша задача праз унутранае рэгуляванне зрабіць так, каб не было матываў у беларускага ўраду для ўвядзення санкцый або абмежаванняў супраць нашых вытворцаў», - заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі.

Аб спыненні экспарту збожжа гаворка не ідзе

Акрамя таго, на прэс-канферэнцыі было заяўлена, што Украіна не будзе спыняць экспарт збожжа.

«Ніякай гаворкі аб спыненні экспарту збожжа не ідзе, гаворка можа ісці пра кватаванне - куды і колькі», - адзначыў украінскі дыпламат.

Бязсмертны паведаміў, што ў цяперашні час урад разам з зернетрэйдарамі абмяркоўвае пытанне пра магчымае кватаванне экспартных паставак. «Але ніякага рашэння з нагоды закрыцця экспарту або нават яго кватавання на сённяшні дзень не прынятае», - сказаў амбасадар.

Паводле яго словаў, Украіна ў гэтым годзе збярэ 42-43 млн тон збожжа, з іх каля 20 млн тон пшаніцы. «Унутраныя патрэбы Украіны складаюць 5 млн тон, таму утвараецца пэўны запас, - заявіў Бязсмертны. У сувязі з гэтым, паводле яго словаў, стаіць задача «граматна распарадзіцца, каб не стварыць праблемаў на ўнутраным і знешнім рынках».

Уступленне ў Мытны саюз немагчымае

Раман Бязсмертны таксама заявіў аб адсутнасці ўмоў для далучэння сваёй краіны да Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана.

«Сёння ўступленне Украіны ў Мытны саюз немагчымае, перш за ўсё, па эканамічных матывах», - заявіў украінскі амбасадар.

Разам з тым, паводле яго словаў, «ніколі не кажы ніколі». «Калі эканамічныя матывы дазволяць Украіне бачыць у гэтым свае інтарэсы, то Украіна пойдзе на гэта супрацоўніцтва», - сказаў Р. Бязсмертны. Пры гэтым ён удакладніў, што на сённяшні дзень ўступленне Украіны ў Мытны саюз будзе вялікім пройгрышам для Украіны і яшчэ больш вялікім пройгрышам для ўдзельнікаў Мытнага саюза.

Акрамя таго, нагадаў Бязсмертны, Украіна з'яўляецца сябрам СГА, «што з'яўляецца найважнейшым матывам, каб для Украіны быў адкрыты ўвесь сусветны рынак». «А цяпер выбірайце: рынак 160 краін або рынак 3 краін», - сказаў амбасадар. Паводле яго словаў, «наша пазіцыя палягае ў тым, каб, застаючыся сябрам СГА, шукаць формы і спосабы супрацоўніцтва з дзяржавамі Мытнага саюза і каб краіны Мытнага саюза маглі супрацоўнічаць з краінамі-сябрамі СГА». «Мы гатовыя працаваць ва ўмовах злучнага моста паміж гэтымі эканамічнымі аб'яднаннямі», - адзначыў украінскі дыпламат. Бязсмертны сказаў таксама, што сітуацыя вакол Мытнага саюза ў Украіне пастаянна маніторыцца і адсочваецца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках