16 лiстапада 2024, Субота, 15:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы чыноўнік: «Прадпрыемствы маюць вялізныя даўгі і не ў стане іх вярнуць»

19

Галоўная праблема беларускага аграсектара сёння ў фінансах.

Зараз сельгаспрадпрыемствы прыбіраюць культуры позняга паспявання, пасля чаго ўборачную кампанію можна будзе лічыць канчаткова завершанай, пішуць «Беларускія навіны».

Чакалася, што ў гэтым годзе будзе сабрана 8 млн. збожжавых і зернебабовых, а таксама мільён тон кукурузы. Аднак апошнія дадзеныя паказваюць, што будзе сабрана толькі каля 7 млн. тон збожжа. Аляксандр Лукашэнка падакараў міністра сельскай гаспадаркі за невыкананне паказчыку па намалоце збожжа падчас нядаўняй паездкі па Менскай вобласці, але драмы з гэтага рабіць не стаў.

Тым больш што вытворчыя паказчыкі ствараюць дастаткова аптымістычную карціну ў сельскай гаспадарцы. За кошт больш ранняга збору збожжавых у студзені - ліпені гэтага года атрымалася павялічыць аб'ём вытворчасці прадукцыі раслінаводства на 33,1% да аналагічнага перыяду мінулага года. Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі павялічылася за першыя сем месяцаў на 5,6%.

Яшчэ адзін вельмі важны для кіраўніцтва краіны паказчык - аб'ём экспарту сельгаспрадукцыі - таксама меў станоўчую дынаміку. У першым паўгоддзі на знешнія рынкі было пастаўлена сельгаспрадукцыі на мільярд даляраў (у грашовым выражэнні - на 34,9% больш, чым у студзені - чэрвені 2009 года).

Псуюць карціну ў аграсектары бухгалтарскія балансы сельгаспрадпрыемстваў, якія адлюстроўваюць фінансавае становішча гаспадарак. Вывучэнне фінансавага боку беларускага аграбізнесу паказвае, што сельгаспрадпрыемствы не аплочваюць ў поўнай меры выдаткі на энерганосьбіты, маюць запазычанасць па падатках і зборах і, што самае трывожнае, назапашваюць пратэрмінаваную запазычанасць перад банкамі.

Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках сельскагаспадарчых арганізацый на 1 ліпеня склала 476,2 млрд. рублёў і ў параўнанні з 1 ліпеня 2009 года вырасла ў 1,5 разы. У параўнанні з пачаткам года запазычанасць павялічылася на 44%, у тым ліку за чэрвень - на 12,5%. На долю сельскагаспадарчых арганізацый, паведамляе Белстат, прыходзілася 43,5% усёй пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах і пазыках, якую маюць у краіне суб'екты гаспадарання.

Былы памочнік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Казімір Раманоўскі канстатуе, што сельгаспрадпрыемствы маюць вялізныя даўгі перад банкамі і не ў стане іх вярнуць.

«Сёння прыбыткі сельгаспрадпрыемстваў не пакрываюць іх выдаткаў. У той жа час перад сельгаспрадпрыемствам ставіцца задача рэканструкцыі, пашырэння вытворчасці. Для гэтых мэтаў яны прыцягваюць крэдыты. Запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў перад банкамі да канца гэтага года дасягне 25 трлн. рублёў. Гэта катастрафічная лічба», - падкрэсліў у інтэрв'ю «Беларускім навінам» Казімір Раманоўскі.

Паводле словаў эксперта, самі сельгаспрадпрыемствы не ў стане пагасіць даўгі перад банкамі.

«Сёння ў сельгаспрадпрыемстваў няма сродкаў, каб расплачвацца па крэдытах. Больш за тое, не хапае сродкаў, каб плаціць заробак сваім работнікам. Адзіны шлях пагашэння даўгоў - выкарыстоўваць сродкі бюджэту», - адзначае Казімір Раманоўскі.

Паводле яго словаў, сельская гаспадарка ў Беларусі значна больш выдаткоўвае, чым у еўрапейскіх краінах, «але на гэта ніхто пакуль не звяртае ўвагі».

«Сельская гаспадарка, па сутнасці, наносіць вельмі вялікую шкоду нацыянальнаму бюджэту», - лічыць Казімір Раманоўскі.

У гэтым годзе, кажа суразмоўца «Беларускіх навінаў», дзяржава накіруе на падтрымку сельскай гаспадаркі каля 5 трлн. рублёў.

«Найбольш выдатковай з'яўляецца вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Нам неабходна памяншаць аб'ёмы яе вытворчасці. У нас жа, на жаль, ставіцца зваротная задача», - канстатуе Раманоўскі.

Урад, як вядома, сёння ставіць задачу павялічыць аб'ёмы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Афіцыйны Менск разлічвае, што за кошт росту вытворчасці малочнай і мясной прадукцыі атрымаецца шматразова павысіць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі - да 10 млрд. даляраў да 2015 года.

«Гэта немагчыма», - перакананы Казімір Раманоўскі. «Беларусь не зможа дасягнуць такіх тэмпаў росту экспарту. Лімітавы аб'ём экспарту беларускай сельгаспрадукцыі - 3 млрд. даляраў. Гэта пры ўмове, што кошты на знешніх рынках на сельгаспрадукцыю будуць самымі высокімі», - рэзюмаваў эксперт.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках