8 лiстапада 2024, Пятніца, 23:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Русский Newsweek»: Расея будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі разам з АБСЕ

28

Вайна паміж Мядзведзевым і Лукашэнкам дасягнула кульмінацыі, лічыць часопіс.

Як піша «Русский Newsweek», у мінулую пятніцу ў Ерэване адбыўся, напэўна, самы дзіўны саміт АДКБ у гісторыі гэтай арганізацыі. Прэзідэнты, якія прыехалі на сустрэчу, размаўлялі адзін з адным выбарна - і ўсё з-за канфлікту паміж Расеяй і Беларуссю. Дзмітрый Мядзведзеў адмовіўся ад двухбаковай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. І не ён адзін. Ігнараваў беларускага кіраўніка і прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

Пры гэтым прэзідэнты ўсё ж такі прымусілі Лукашэнку прыняць старшынства ў АДКБ у снежні. Беларусь павінна была ўзначаліць арганізацыю яшчэ год таму, аднак тады Лукашэнка адмовіўся прыехаць на саміт у Маскву з-за «малочнай вайны» паміж дзвюма краінамі. Цяпер жа Лукашэнка паабяцаў прыехаць у расейскую сталіцу. «Кіраўнік Беларусі выказаў гатоўнасць прыняць [старшынства], нас гэта вельмі радуе», - іранічна заўважыў Мядведзеў.

Расея і Беларусь ужо амаль паўтара месяца вядуць вайну нерваў, і да снежня яна не скончыцца. Першая атака была праведзена з Масквы: 4 ліпеня тэлеканал НТВ паказаў дакументальны фільм «Хросны бацька». На наступны дзень Мядзведзеў і Лукашэнка прыляцелі ў Астану на саміт ЕўрАзЭС і заадно павіншаваць Назарбаева з днём нараджэння. І тут адбыўся канчатковы разрыў. У асабістай гутарцы з Назарбаевым, узгадвае блізкая да МЗСу крыніца, моцна пакрыўджаны Лукашэнка сказаў нешта абразлівае ў адрас расейскага прэзідэнта. Назарбаеў тут жа ўсё перадаў Мядзведзеву, а сам з таго часу з Лукашэнкам не размаўляе. У Маскве таксама вырашылі: гэта апошняя кропля.

Пачалася вайна на знішчэнне. Крыніца ў Крамлі распавядае, што на адной з нарад Мядзведзеў сфармуляваў новы падыход да Лукашэнкі прыкладна так: «З ім цяпер будзем, як з Юшчанкам». Год таму Мядзведзеў публічна абвясціў Віктару Юшчанку байкот, таму што той праводзіць антырасейскую палітыку. Да прэзідэнцкіх выбараў на Украіне заставалася ўсяго паўгады, і Юшчанка не меў ніякіх шанцаў на перавыбранне.

Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі застаецца каля паўгады. Крайні тэрмін - 6 лютага, але апазіцыя ўпэўненая, што Лукашэнка прызначыць іх на снежань. І, верагодна, правільна зробіць: са студзеня яго чакае эканамічная блакада з боку Масквы. У Крамлі, і ў Белым доме ўпэўненыя, кажа крыніца Newsweek, што калі не адразу цяпер, дык заўтра цяжкая эканамічная сітуацыя ўсё роўна не дазволіць Лукашэнку ўтрымацца.

Паміж Пуціным і Мядведзевым

Лукашэнку афіцыйна не абвясцілі персонай нон грата, як Юшчанку. Затое да «Хроснага бацькі» дадаліся яшчэ дзве серыі тэлекампрамату, а Мядзведзеў заявіў, што Лукашэнка яшчэ ў 2008 годзе пры сведках абяцаў прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а потым падмануў. Затым памочнік Мядзведзева Сяргей Прыходзька прыгразіў апублікаваць стэнаграмы выступу Лукашэнкі, якія пацвердзілі б гэта.

Спачатку Лукашэнка спрабаваў дзейнічаць праз Уладзіміра Пуціна. Ён яму патэлефанаваў пасля першай серыі «Хроснага бацькі», распавядае крыніца ў Крамлі. Пуцін нібыта адказаў, што ў Расеі свабода слова, а НТВ - прыватны тэлеканал і паўплываць на яго ўлады не могуць. У Пуціна з Мядзведзевым ўзгодненая пазіцыя па Беларусі, пацвярджаюць суразмоўцы Newsweek.

Першыя дзве серыі «Хроснага» выклікалі ў Менску балючую рэакцыю, распавядаюць крыніцы ў атачэнні беларускага прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, а апошняя, паказаная 15 жніўня, пра палюбоўніцу і пазашлюбных дзяцей Лукашэнкі ў Менску была расцэненая ўжо як прамая абраза. У гэтым жа фільме яму ставяць дыягназ «мазаічная псіхапатыя». Але скардзіцца ў Маскве было ўжо няма каму.

Кампраметуючыя стэнаграмы Крэмль, мабыць, публікаваць не будзе. Акрамя абяцанняў прызнаць Абхазію з Асеціяй, у Крамля ёсць, напрыклад, запісы з аднаго з самітаў АДКБ, на якіх Лукашэнка разважае пра сіянісцкую змову і яўрэйскі капітал, кажа блізкая да МЗСу крыніца, але такая публікацыя была б парушэннем Венскай канвенцыі аб таямніцы дыпламатычных перамоваў .

Барацьба з беларускім кіраўніком, мяркуючы па ўсім, пойдзе па звыклым сцэнары. У ноч на 1 студзеня 2011 года сканчаецца чарговы газавы кантракт паміж Масквой і Менскам, а значыць, зноў пачнецца газавая вайна. У Белым доме, распавядае крыніца Newsweek ва ўрадзе, палічылі: Беларусь ніяк не зможа закрыць дзірку ў сваім бюджэце, якая ўтвараецца ўжо ў першым квартале 2011 года. І тут - пра гэта нібыта міністр фінансаў Аляксей Кудрын ужо даклаў прэзідэнту РФ на адной з нарад - трэба будзе проста не паддавацца на просьбы даць у доўг, а за транзіт плаціць маленькімі порцыямі і з затрымкай.

Паміж Масквой і Брусэлем

У Менску, калі ішлі на канфлікт з Расеяй, разлічвалі на пастаўкі нафты з Венесуэлы, кажа суразмоўца, блізкі да ўраду Беларусі. Аднак заменай таннай бяспошліннай расейскай нафты яна ўсё роўна не стане. У ліпені гэтага года Белстат раскрыў кошт травеньскай партыі венесуэльскай нафты для Беларусі - $656 за тону. Для параўнання, пакуль Беларусь мела магчымасць купляць расейскую нафту без пошліны, ёй даводзілася плаціць усяго $398 за тону. З улікам пошліны тона расейскай нафты ў траўні абышлася б у $682, значыць крыху больш, чым тона венесуэльскай. Такім чынам, аддаючы перавагу Каракасу, а не Маскве, Аляксандр Лукашэнка зрабіў толькі прыгожы жэст, паказаўшы, што можа абысціся і без Расеі. Але беларускую эканоміку братэрская дапамога Уга Чавеса зусім не ўратуе.

Акрамя таго, сур'ёзныя праблемы ў Беларусі ўзнікаюць і з маршрутамі дастаўкі. Ужо шэсць венесуэльскіх танкераў былі разгруженыя ў порце Адэсы, адтуль нафта дастаўляецца ў Беларусь па чыгунцы. Па падліках Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі, толькі дастаўка тоны нафты танкераў ў Адэсу каштуе Беларусі $76,24, да гэтага трэба дадаць дастаўку па чыгунцы ад Адэсы да Мазыра і транзіт. Да таго ж у траўні ўкраінскі Мінтранс устанавіў кошт транзіту на 30% вышэйшы, чым для ўнутраных спажыўцоў. Выхадам са становішча мог бы стаць запуск нафтаправода Адэса-Броды ў аверсным кірунку, але супраць гэтага выступае Расея. І адміністрацыя Януковіча дакладна не будзе настойваць.

Беларускія ўлады на працягу года спрабавалі знайсці альтэрнатыўны маршрут праз краіны Балтыі. Самы зручны і блізкі порт - літоўская Клайпеда, але ў гарадской адміністрацыі Newsweek распавялі, што пра такія перамовы ім нічога не вядома. Іншы варыянт - літоўскі Буцінге. Але ў Міністэрстве транспарту Літвы таксама нічога не ведаюць пра перамовы з Літоўскай чыгункай, без якой транзіт нафты немагчымы.

Адзін танкер з нафтай для Беларусі быў разгружаны на мінулым тыдні ў эстонскім порце Мууга. Але не факт, што гэта будзе рэгулярная практыка: сумнеўныя пакуль выгоды ад транзіту нафты ў Беларусь паставіць пад пытанне мізэрная, але стабільная грузаплынь з Расеі. Напрыклад, для порта Мууга штодзённы прыход саставу з мазутам з Кірышскага НПЗ - гэта гарантаваны прыбытак.

Лукашэнка сапраўды ў цяжкім становішчы, тым больш што сёння Еўразвяз не на яго баку. У мінулым годзе ў Брусэлі спрабавалі наладзіць дыялог з Менскам, але гэтая палітыка ўжо прызнаная непрадуктыўнай.

У кастрычніку Еўрапарламент плануе правесці спецыяльную сесію, прысвечаную праблемам Беларусі. Праграму рыхтуе дэпутат ад Нідэрландаў Ёханэс ван Баален. У траўні гэтага года ён заявіў у інтэрв'ю EUHerald.net, што «Беларусь нездарма называюць апошняй дыктатурай Еўропы, а самога Лукашэнку можна параўнаць са Сталіным і Гітлерам».

Упершыню за ўвесь час прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі Расея і еўрапейскія інстытуты гатовыя аб'яднацца ў барацьбе з ім. У апошнія гады Расея нязменна крытыкавала працу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ - органа, які займаецца маніторынгам выбараў ва Усходняй Еўропе, - адмаўляючы яго прадстаўнікам ў праве назіраць за расейскімі выбарамі. Цяпер Крэмль ўпершыню гатовы да супрацоўніцтва з даўнім супернікам. Паводле інфармацыі з адміністрацыі прэзідэнта Расеі, Сяргей Прыходзька ўжо даў распараджэнне пачаць перамовы з БДІПЧ пра сумесны маніторынг хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках