9 лiстапада 2024, Субота, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лібералізацыі на рынку сувязі чакаць не варта

Жадання расставацца з «Белтэлекамам» улада не мае.

Сумненняў у тым, што прапанову ўрада пазбавіць РУП «Белтэлекам» манапольнага права на пропуск міжнароднага трафіку і далучэнне да замежных сетак электрасувязі будзе прынятае ў «парламенце» і падпісанае Лукашэнкам, не мае ніхто. Рашэнню папярэднічала шматгадовае «паддывановае», а ў апошні год і адкрытае супрацьстаянне розных лабісцкіх груп. У выніку чаго быў падпісаны Указ №60, і права вызначаць уладальніка міжнароднага шлюзу адышло да Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку. Лагічным працягам павінна стаць карэктыроўка Закону «Аб электрасувязі» да канца года, піша Electroname.com.

Гэты крок нельга назваць паўнавартаснай лібералізацыяй галіны, так як далучэнне іншых аператараў да сеткі электрасувязі агульнага карыстання краіны, а таксама ўзаемадзеянне паміж сеткамі электрасувязі, па-ранейшаму застаецца ў кіраванні нацыянальнага аператара.

Са стратэгіяй па выцісканню максімуму з манаполіі на рынку сувязі дзяржава вызначылася яшчэ два гады таму, калі прапановы па дэманапалізацыі былі адхіленыя Лукашэнкам. Яскравым прыкладам могуць служыць таямнічыя здзелкі па продажы velcom і БеСТ па завоблачных коштах з сумнеўнымі абавязацельствамі. Відавочна, права на валоданне міжнародным шлюзам стане прадметам гандлю і наўрад ці дастанецца канкурэнтам «Белтэлекама» танна.

У першую чаргу на міжнародны шлюз павінны прэтэндаваць мабільныя аператары, якія цяпер вымушаныя аддаваць ільвіную долю прыбыткаў ад міжнародных званкоў «Белтэлекаму». Попыт на знешні трафік з боку аператараў сотавай сувязі падганяе і маштабнае ўкараненне 3G, а ў перспектыве і LTE.

Цікавасць да знешняга каналу павінна праяўляць «Деловая сеть», саўладальнікам якой з'яўляецца набліжаны да ўлады бізнэсовец Уладзімір Пефціеў. У інтэрнэт-аператара, у адрозненне ад іншых, ёсць «унікальнае» права далучаць да сваёй сеткі перадачы дадзеных сеткі іншых аператараў электрасувязі. Кампанія напрацавала значны вопыт па аптовай закупцы каналу і перапродажы трафіку іншым правайдэрам. У планах - асваенне кітайскіх крэдытаў па будаўніцтве цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі. Аналагічнае фінансаванне можа быць прыцягнутае і для стварэння неабходнай інфраструктуры міжнароднага шлюзу.

У ліку прэтэндэнтаў на міжнародны трафік нярэдка называюць БЧ і Акадэмію Навук, якія валодаюць уласнымі сеткамі перадачы дадзеных. Не варта забываць і пра замежныя кампаніі, якія таксама могуць прэтэндаваць на ўдзел у дзяльбе беларускага рынку з разлікам на прыватызацыю нацыянальнага аператара.

З'яўленне канкурэнтаў у «Белтэлекама» на рынку доступу да замежных сетак, безумоўна, прывядзе да зніжэння коштаў для другасных інтэрнэт-аператараў і канчатковых карыстальнікаў. Разумеючы гэта, кіраўніцтва галіны і «Белтэлекама» робяць крокі па максімізацыі абаненцкай базы - пастаўленая фантастычная задача па давядзенні абаненцкай базы byfly (гандлёвая марка «Белтэлекам» на рынку ШСД) да 1 млн. 140 тыс. да канца 2010 года. Каб паспець «ускочыць у апошні вагон» нацыянальны аператар «абваліў» рынак ADSL-доступу, у жніўні і зусім у 2 разы знізіў кошты на безлімітныя прапановы. Паводле інфармацыі electroname.com, гэта не апошняе зніжэнне, аналагічнага двухразовага «абвалу» варта чакаць у бліжэйшыя тыдні-месяцы, а ў лістападзе чарговую зніжку атрымаюць інтэрнэт-правайдэры. У выніку да канца года поля для манёўру ў патэнцыйных уладальнікаў знешняга шлюзу не застанецца, зніжаць кошты будзе няма куды.

Што ж тычыцца паўнавартаснай лібералізацыі рынку сувязі, то пакуль гаворка можа ісці толькі пра перадумовы. Уступленне ў СГА пасля далучэння да Мытнага саюзу Беларусі, хутчэй за ўсё, не свеціць нават у сярэднетэрміновай перспектыве, і адзіным знешнім рычагом застаецца магчымасць уваходжання Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору на тэрыторыі Мытнага саюза ў 2012 годзе, якое прадугледжвае ліквідацыю манаполіі на рынку электрасувязі. Унутранай перадумовай можа стаць катастрафічны недахоп грошай у краіне і неабходнасць прадаваць прывабныя актывы. У такім выпадку «пад нож» можа патрапіць і нацыянальны аператар.

Мяркуючы па тым, што, нягледзячы на рашэнне ўраду, рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства так і не было пераўтворана ў акцыянернае таварыства, пакуль жадання расставацца з «нацыянальным набыткам» улада не мае.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках