15 лiстапада 2024, Пятніца, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Літвы: «У адносінах з суседзямі мы не наіўныя»

5

Так Даля Грыбаўскайтэ адрэагавала на пытанне журналістаў пра развіццё стасункаў з Беларуссю.

Прыярытэтам літоўскай знешняй палітыкі застаюцца Скандынавія, балтыйскія краіны, еўраінтэграцыя, ЗША і адкрытыя ўзаемавыгадныя адносіны з суседзямі. Такія прыярытэты знешняй палітыкі назвала прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ на сустрэчы з амбасадарамі, перадае ru.DELFI.lt. Паводле словаў Грыбаўскайтэ, у адносінах з суседзямі мы павінны быць адкрытымі, але неабавязкова наіўнымі.

«У першую чаргу мы павінны быць адкрытыя для стасункаў, мы бачым пазітыўныя тэндэнцыі, але, відавочна, мы не наіўныя, асцярожна ставімся да некаторых, можа быць, не зусім карысных для нас ініцыятываў, але мы адкрытыя для дыялогу і супрацоўніцтва», - адказала прэзідэнт на пытанне журналістаў пра развіццё адносінаў з усходнімі суседзямі - Расеяй і Беларуссю.

Паводле яе словаў, самае важнае месца ў знешняй палітыцы Літвы павінны займаць стасункі з такімі краінамі, як Украіна, Малдова і Грузія, паколькі яны патрапілі ў праграму «Усходняга партнёрства» ЕЗ.

Грыбаўскайтэ падкрэсліла, што з прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі яна сустракалася чатыры разы. Прэзідэнта Літвы часта папракаюць тым, што яна не запрасіла Саакашвілі на 20-годдзе незалежнасці і не паехала на такое ж свята ў Грузію.

На пытанне, ці задаволеная яна дыпламатычным корпусам Літвы, Грыбаўскайтэ сказала, што часам амбасадарам не хапае актыўнасці, ініцыятыўнасці і самастойнасці, аднак у цэлым, дыпламатычны корпус моцны і прафесійны.

«Ну, як заўсёды, і так, і не, - сказала Грыбаўскайтэ. - У нас прафесійны корпус, думаю, патэнцыял вялікі. Ці цалкам мы яго выкарыстоўвалі, ці даволі ініцыятыўных і самастойных амбасадараў? Часам гэтага трохі не хапае. Але я не хацела б зараз тыкаць пальцамі, проста хачу парадавацца, што мы захоўваем традыцыю і кожны год запрашаем іх сюды».

Яна таксама абвергла сцвярджэнні МЗС пра недастатковае фінансаванне амбасадаў Літвы за мяжой, асабліва консульскага корпусу. На пытанне, ці не было памылкай аптымізаванне амбасадаў, Грыбаўскайтэ сказала: «Не, не было. Думаю, што аптымізацыя працы амбасадаў заўсёды на карысць сітуацыі, якая склалася з консульскім пытаннем, вы, напэўна пра яе кажаце, я лаяла і міністра, і консульскі аддзел, трэба было вясной прадумаць схему на лета ў тых краінах, адкуль ідзе асноўная плынь турыстаў і перакінуць туды людзей, няхай і з Вільні».

Раней МЗС Літвы скардзіўся на тое, што ў некаторых краінах не хапае консульскіх супрацоўнікаў, якія выдавалі б візы жадаючым наведаць краіну. Больш за ўсё праблем паўстала ў Беларусі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках