28 снежня 2024, Субота, 8:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасаду Расеі ў Менску закідалі «кактэйлямі Молатава» (Відэа)

126
Амбасаду Расеі ў Менску закідалі «кактэйлямі Молатава» (Відэа)

У ноч на 31 жніўня ў Менску невядомыя кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю ў будынак расейскай амбасады.

Пра гэта паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на прадстаўніка МНС Беларусі.

Інцыдэнт адбыўся каля поўначы па маскоўскім часе. Адна з бутэлек патрапіла ў аўтамабіль, прыпаркаваны на тэрыторыі амбасады. Прадстаўнік МНС паведаміў, што «як такога пажару не было» і дапамога пажарнікаў не запатрабавалася. Аднак ІТАР-ТАСС са спасылкай на відавочцаў паведамляе, што машына згарэла.

Як паведамляе Lenta.ru, людзі не пацярпелі. Да будынка прыбылі супрацоўнікі праваахоўных структураў Беларусі.

Прэс-сакратар амбасады Расеі ў Менску Вадзім Гусеў пацвердзіў БелаПАН, што ў ноч з 30 на 31 жніўня на тэрыторыю расейскай амбасады была кінутая бутэлька з запальнай сумессю.

Паводле яго словаў, бутэлька патрапіла ў аўтамабіль, які стаяў на стаянцы. «Бутэлька патрапіла ў салон аўтамабіля. Машына згарэла. Зараз высвятляюцца падрабязнасці гэтага інцыдэнту, больш дэталёвая інфармацыя з'явіцца пазней», — сказаў Гусеў.

Супрацоўнікі менскай міліцыі вядуць пошук зламыснікаў, якія кінулі некалькі бутэлек з запальнай сумессю на тэрыторыю амбасады РФ у Менску.

«Як мяркуецца, хуліганскія дзеянні, якія выявіліся ў кіданні адной ці дзвюх бутэлек з запальнай сумессю, здзейснілі два зламысніка. У цяперашні час ідзе іх пошук», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у аўторак кіраўнік прэс-службы ГУУС Менска Аляксандр Ластоўскі.

Ён адзначыў, што вырашаецца пытанне пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па артыкуле 339 «Хуліганства» крымінальнага кодэкса Беларусі. Прадстаўнік ГУУС удакладніў, што ў выніку патраплення бутэлек з запальнай сумессю быў пашкоджаны аўтамабіль, які знаходзіўся на тэрыторыі амбасады.

Амбасада Расейскай Федэрацыі ў Беларусі накіравала ў МЗС рэспублікі ноту з просьбай аказаць садзейнічанне ў правядзенні расследавання здарэння і прыняць меры па прадухіленні падобных інцыдэнтаў у будучыні, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» дарадца амбасады РФ у Менску па працы са СМІ Вадзім Гусеў.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках