12 лiстапада 2024, aўторак, 23:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія і расейскія апазіцыянеры сустрэліся ў Маскве

6

У Маскве ў гасцініцы «Золотое кольцо» прайшла жнівеньская беларуска-расейская канферэнцыя, якая ўжо стала традыцыйнай.

Як паведамляе ucpb.org, адкрываючы мерапрыемства, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што «кожны расейскі палітык лічыць сябе вялікім экспертам па Беларусі. У той жа час прадстаўнікі беларускай палітычнай эліты зрасліся з перакананнем, што з'яўляюцца вялікімі знаўцамі Расеі. Але ў рэчаіснасці ёсць вялікі дэфіцыт сур'ёзнай аналітыкі і экспертызы. А гэта азначае, што попыт на такога кшталту камунікацыйныя пляцоўкі, якой з'яўляецца беларуска-расейская канферэнцыя, будзе толькі ўзрастаць.

Як паказала практыка, дзяржманаполія на адносіны дзвюх краін гэта бар'ер і зло, якія перашкаджаюць нармальным, эфектыўным узаемаадносінам Беларусі і Расеі».

Сярод дакладчыкаў з беларускага боку ўдзельнічалі Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праграм агенцтва БелаПАН, палітолаг Валерый Карбалевіч, эканаміст, кіраўнік цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук і кіраўнік лабараторыі «Новак» Андрэй Вардамацкі. З расейскага - Уладзімір Рыжкоў, Барыс Нямцоў, Леанід Гозман, Вячаслаў Іназемцаў.

У працы форуму прымалі ўдзел больш за 50 палітыкаў, экспертаў, журналістаў з Расеі і Беларусі.

Рыжкоў: «Саюзу канец. Гэта трэба канстатаваць як факт»

Кіраўнік Агульнарасейскага руху «Выбор России» Уладзімір Рыжкоў у сваім выступе на жнівеньскай канферэнцыі заявіў: «Саюзу канец. Гэта трэба канстатаваць як факт. Ці настаў час прагматычнага супрацоўніцтва? Не, яшчэ не настаў. Таму што ў яго аснове ляжыць рацыяналізм або, іншымі словамі, набор плюсаў і мінусаў для кожнага з бакоў».

Пры гэтым расейскі палітык выказаўся за тое, каб, «выбудоўваючы прагматычныя адносіны, мы не знішчылі той пазытыў, які, магчыма насуперак палітыкам, ёсць у адносінах паміж Расеяй і Беларуссю».

Гозман: «Ілюзія паспяховай дыктатуры небяспечная для Расеі»

«Мы жывем у свеце стэрэатыпаў і хімераў», - заявіў лідэр партыі «Правое дело» Леанід Гозман на канферэнцыі.

«У нас лічыцца, што ў Беларусі ўсё цудоўна. На дарогах няма пробак, не гараць тарфянікі, няма алігархаў, працуюць калгасы і бесперабойна вырабляюцца МАЗы. Ілюзія паспяховай дыктатуры небяспечная для Расеі. Гэта пазбаўляе яе дэмакратычнай перспектывы».

Нямцоў: «Мы не збіраемся дапамагаць беларускаму дыктатару»

«Нас спрабавалі, як і Саакашвілі, выкарыстоўваць у вайне паміж Лукашэнкам і Пуціным, - заявіў адзін з лідэраў руху «Солидарность», былы віцэ-прэм'ер Расеі Барыс Нямцоў. Але мы не збіраемся дапамагаць беларускаму дыктатару і здраджваць сваім дэмакратычным паплечнікам у Беларусі».

Барыс Нямцоў аптымістычна выказаўся пра будучыню Беларусі, «у вас толькі адна праблема - Лукашэнка. Сама ж Беларусь гэта еўрапейская краіна з вялізным патэнцыялам і добрай перспектывай. Нам, у Расеі, патрэбны станоўчы прыклад. Мы хочам, каб вы перамаглі, і далі нам добры прыклад для пераймання».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках