28 снежня 2024, Субота, 8:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ: Расследаванне спраў Завадскага і Бябеніна ў інтарэсах уладаў

4

Прычынай забойстваў і знікненняў, на думку прадстаўнікоў АБСЕ, з'яўляецца прафесійная дзейнасць.

Прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай супольнасці патрабуюць ад беларускіх уладаў аб'ектыўнага расследавання смерці журналіста Алега Бябеніна і знікнення аператара Дзмітрыя Завадскага, перадае БелаПАН.

Гэтыя патрабаванні прагучалі 16 верасня ў Кіеве на міжнароднай канферэнцыі «10 гадоў забойства Георгія Гангадзэ не раскрытае: пошук новых шляхоў барацьбы з беспакаранасцю».

Ва ўступным слове прадстаўнік арганізацыі «Артыкль 19» (Вялікабрытанія) Наталі Лоскут заявіла, што сённяшняя канферэнцыя прысвечана і іншым журналістам, забітым на сваёй працы. Такія выпадкі працягваюцца, падкрэсліла яна, прывёўшы ў якасці прыкладу нядаўнюю смерць журналіста Алега Бябеніна. «Мы лічым, што яго гібель звязаная з прафесійнай дзейнасцю», - дадала Лоскут.

Паводле яе словаў, не разглядалася адпаведным чынам і знікненне 10-гадовай даўніны Дзмітрыя Завадскага. «Практыка паказвае, што такія справы застаюцца без расследавання», - сказала Наталі Лоскут.

Прадстаўнік офіса ўпаўнаважанага АБСЕ па пытаннях свабоды мас-мэдыяў Роланд Блес заявіў, што «беларускія ўлады павінны кампетэнтна і празрыста расследаваць смерць Бябеніна, паколькі гэта не толькі ў інтарэсах журналістаў, але і ў інтарэсах саміх уладаў».

«Органы дзяржаўнай улады ўсюды ўвязваюць гібель журналістаў не з іх прафесійнай дзейнасцю, а з якімі-небудзь крымінальнымі матывамі. Аднак у большасці выпадкаў прычынай забойстваў, на нашу думку, усё ж такі з'яўляецца прафесійная дзейнасць», - падкрэсліў Блес.

Прадстаўнік арганізацыі «Міжнародная падтрымка медыя» Джэйн Мелер Ларсен, у сваю чаргу, адзначыла: больш за ўсё турбуе тое, што за забойства журналістаў вінаватых не прыцягваюць да адказнасці. Таму журналісты самі павінны абмеркаваць эфектыўныя спосабы сваёй абароны, лічыць яна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках