9 лiстапада 2024, Субота, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спрэчку аб нафтавых пошлінах Эканамічны суд СНД разгледзіць 7 верасня

2

Мінюст Беларусі нагадвае пра запланаванае на 7 верасня бягучага года паседжанне Эканамічнага Суда СНД па разглядзе беларуска-расейскай спрэчкі.

Спрэчка датычыць «неправамернага», на думку беларускага боку, спагнання Расейскай Федэрацыяй вывазных мытных пошлінаў на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

«Ужо сфармаваная пазіцыя Рэспублікі Беларусь», - кажацца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце міністэрства, перадае «Інтэрфакс-Захад».

У ім таксама адзначаецца, што пазіцыю Беларусі «пацвярджаюць шмат якія заключэнні юрыстаў-міжнароднікаў, юрыдычных фірмаў, адвакатаў, універсітэтаў не толькі Беларусі, але і шэрагу замежных дзяржаваў».

На сайце Мінюста прыводзяцца заключэнні юрыдычнай кампаніі Magisters, Спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі па абслугоўванні суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці пры ажыццяўленні імі знешнеэканамічнай дзейнасці і адваката Хайдархуджа Талібава, які з'яўляўся старшынём Эканамічнага Суда СНД у 1995-2004 гадах.

У заключэнні Magisters, у, прыватнасці, кажацца, што «ужыванне РФ вывазных мытных пошлінаў на нафтапрадукты з'яўляецца неправамерным, бо паміж дзвюма дзяржавамі не існуе ніводнага пагаднення ці пратаколу, якія б гэта прадугледжвалі». Паводле ацэнкі Magisters, ужыванне гэтых пошлінаў «сведчыць пра дыскрымінацыйны рэжым, які ўвяла РФ у дачыненні да РБ», гэтае рашэнне супярэчыць прынцыпам і асновам СГА, і можа негатыўна адбіцца на працэсе ўступлення Расеі ў гэтую арганізацыю.

У заключэнні Х.Талібава адзначаецца, што «рашэнне расейскага боку ў частцы спагнання мытнай пошліны на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Рэспубліку Беларусь, прынятае з парушэннем міжнародных абавязальніцтваў, узятых на сябе расейскім бокам», і «падлягае безумоўнай адмене».

Спецыялізаваная юрыдычная кансультацыя па абслугоўванні суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці пры ажыццяўленні імі знешнеэканамічнай дзейнасці робіць выснову, што «выплата экспартнай мытнай пошліны расейскімі суб'ектамі пры вывазе нафтапрадуктаў у Рэспубліку Беларусь не мае прававога абгрунтавання, г.зн. з'яўляецца незаконнай».

Як паведамлялася, калегія Эканамічнага суда 21 красавіка прыняла ў вытворчасць пазоўную заяву ўрада Беларусі да ўрада Расеі. Беларускі бок у судовым парадку аспрэчвае ўведзеныя Расеяй з 1 студзеня 2010 года экспартныя пошліны на нафтапрадукты і нафтахімічную сыравіну, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

Эканамічны суд СНД атрымаў пазоўную заяву ўрада Беларусі 26 сакавіка 2010 года. У пазове Мінюст Беларусі спасылаецца на міжурадавае пагадненне аб свабодным гандлі ад 13 лістапада 1992 года і пратакол аб увядзенні рэжыму свабоднага гандлю паміж Беларуссю і Расеяй ад 6 студзеня 1995 года, якім усталявана, што бакі не ўжываюць пошліны ва ўзаемным гандлі.

Беларускі бок мяркуе, што адзіным выключэннем з рэжыму бяспошліннага гандлю з'яўляецца сырая нафта, частка якой абкладаецца экспартнай пошлінай у адпаведнасці з беларуска-расейскім міжурадавым пратаколам ад 27 студзеня 2010 года. Гэтым дакументам вызначаныя ўмовы пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе. Узаемны гандаль усімі астатнімі таварамі павінен ажыццяўляцца бяспошлінна, падкрэслівае Мінюст Беларусі.

З 1 студзеня 2010 года, на падставе тэлетайпаграмы першага намесніка кіраўніка ФМС Расеі, прадукты перапрацоўкі нафты, у тым ліку нафтахімічная сыравіна, якія пастаўляюцца з Расейскай Федэрацыі ў Беларусь, абкладаюцца вывазной мытнай пошлінай.

Эканамічны суд СНД выконвае функцыі суду ЕўрАзЭС.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках