16 лiстапада 2024, Субота, 12:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Новые известия»: Перадвыбарчая кампанія ў Беларусі пачалася са скандалу

13

Учора беларускія ўлады адправілі запрашэнне замежным назіральнікам на прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца 19 снежня.

Назіральнікі са СНД адразу выказалі гатоўнасць прыехаць у Менск. Ад АБСЕ пацвердзілі свой прыезд толькі два эксперты, і тое для расследавання гібелі журналіста Алега Бябеніна. Да ўсяго іншага ў Менску разгарэўся вельмі непрыемны для Лукашэнкі скандал, звязаны з перадачай будынка былога манастыра ордэна бернардынцаў нейкаму расейскаму бізнэсмэну, хаця раней яго абяцалі вярнуць каталіцкай супольнасці, пішуць «Новые известия».

У аўторак беларускія ўлады разагналі чарговую акцыю пратэсту. Пратэстоўцы патрабавалі вяртання каталікам манастыра бернардынцаў і касцёла Святога Язэпа. Пачынаючы з мінулай пятніцы, вернікі штодня праводзілі мірныя акцыі перад будынкам былога касцёла. За імі спачатку даволі мірна назіралі сілавікі. Але ўчора маладыя людзі спартовага целаскладу разагналі гэтае мерапрыемства, затрымаўшы 12 актывістаў. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец паведаміў «НИ», што ўлады напалохаў размах акцыі. «З кожным днём нас станавілася ўсё больш, і афіцыйныя структуры вырашылі, што такімі тэмпамі можа паўстаць некантраляваны грамадскі рух», – сказаў ён.

Уладам сапраўды ёсць чаго баяцца. Бо прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца даволі хутка – 19 снежня 2010 года. Праўда, у адрозненні ад папярэдніх выбараў, у гэтай выбарчай кампаніі апазіцыя адзінай калонай не выступіць. Пра свой намер вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты, ужо абвясцілі 8 прадстаўнікоў апазіцыі. Аднак, на думку мясцовых назіральнікаў, толькі чацвёра з іх змогуць сабраць неабходныя 100 тыс. подпісаў за сваё вылучэнне. Гэта лідэры кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і руху «Гавары праўду» Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Партыі Беларускага народнага фронта Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Яраславаў Раманчук. Аляксандр Мілінкевіч, які ў 2006 годзе быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі, і яшчэ нядаўна лічыўся самай буйной «альтэрнатыўнай» фігурай на гэтых выбарах, на мінулым тыдні паведаміў, што здымае сваю кандыдатуру. Гэты крок ён патлумачыў адсутнасцю ўмоваў для правядзення свабодных выбараў у Беларусі. Аднак у беларускіх і польскіх СМІ ўжо з'явіліся інфармацыі пра тое, што прычынай самаадводу Мілінкевіча стаў элементарны недахоп грошай на выбарчую кампанію. У прыватнасці, паводле дадзеных польскіх СМІ, Мілінкевіча «адсунула» Варшава, якая зацікаўленая знайсці кампрамісную з Масквой кандыдатуру на выбарах, якія маюць адбыцца.

Нагадаем, што заходнія назіральнікі, уключаючы прадстаўнікоў АБСЕ, не прызналі пачынаючы з 1995 года ніводныя беларускія выбары сумленнымі. Але гэта на іх вынікі ніяк не ўплывала. Лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў распавёў «НИ», што ён хоць і бярэ ўдзел у перадвыбарчай кампаніі, але ў цяперашніх умовах у магчымасць правядзення сумленнага галасавання не верыць.

«Зараз у краіне наладжаная сістэма фальсіфікацыі выбараў, і ўлады самі вырашаць, каму колькі адсоткаў прыпісаць», – упэўнены сп-р Саннікаў. «Выбары, натуральна, сфальсіфікуюць, мы пачнём акцыі пратэсту і тады паспрабуем пераламаць сітуацыю», – паабяцаў ён.

З ім пагадзіўся старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. «Але мы актыўна будзем удзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі, каб людзі бачылі – альтэрнатыва цяперашняму рэжыму ёсць, і мы ўзнімем выбаршчыкаў у барацьбу за паскораныя палітычныя змены ў краіне», – заявіў Янукевіч.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках