15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: «Гэтыя абразы і хлусню цярпець нельга»

52
Станіслаў Шушкевіч: «Гэтыя абразы і хлусню цярпець нельга»

Беларусам надакучыла прапагандысцкая хлусня цяперашніх уладаў, лічыць першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч адказаў на пытанні журналістаў і слухачоў Рускай службы радыё «Свабода».

- Вы ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Прайшло 16 гадоў, што змянілася?

- Змяніліся вось што: тады былі выбары, а праз два гады, пачынаючы з 1996-га, выбараў больш не было. У нас увесь час праходзіць аперацыя спецслужбаў пад назвай «Выбары», калі падлік галасоў не вядзецца. Еўропа гэта зафіксавала, і ні адныя выбары ў Беларусі цывілізаваныя краіны Еўропы не прызналі. Таму катэгарычна адрозніваецца абстаноўка. Мяркуючы па тым, як адбываецца падрыхтоўка да так званых выбараў зараз, усё будзе па-ранейшаму. Зноў назіральнікі не будуць дапушчаныя да таго, каб паглядзець у бюлетэнях, за каго ідзе галасаванне.

- Пытанне слухача Сяргея з Масквы: Што важней - бацька ці незалежнасць Беларусі? Таму што бацька цяпер стаіць у авангардзе таго, каб не даць Расеі зжэрці Беларусь. Беларусь трэба захаваць любой цаной, мне здаецца.

- Вы ведаеце, трэба адстаяць тую Беларусь, якая сапраўдная. Сапраўдная Беларусь ніколі не была варожая Расеі. А вось гэтыя гульні нашага так званага бацькі (хоць гэта абразліва, я лічу, нельга так называць чалавека), гэтая яго ірацыянальная логіка, калі ён кажа адно, другое, трэцяе... Ён не можа адказаць ні на адно пытанне. Ад яго чуецца адна хлусня, паказаная ў перадачах, якія зрабіла Расея (гаворка ідзе пра фільм «Хросны бацька», паказаны на НТВ). Я вельмі ўдзячны расейскім журналістам за тое, што яны гэта зрабілі. Чалавек, які нястрымна хлусіць. Відавочна, што ў нас ёсць толькі прапаганда, людзям гэта надакучыла, людзі не могуць трываць, гэта перавысіла ўсялякія рамкі. І слава богу, што, нарэшце, расейскія палітыкі, расейская прэса звярнулі на гэта ўвагу.

Абразы, якія пасыпаліся з Менска, цярпець нельга. Сказаць, што расейскае кіраўніцтва бязмозглае, можа толькі наш так званы прэзідэнт. Ён нелегітымны прэзідэнт, ён можа казаць усё, што заўгодна. Таму трэба з ім канчаць, і мы гэтую працэдуру выбараў павінны давесці да перамогі.

- Пытанне слухача Фёдара з Пецярбурга: Чаму вы перакананыя, што, абапіраючыся на Расею, вы зможаце атрымаць у Беларусі нейкі новы дэмакратычны парадак? Мне здаецца, што нашая ўлада можа пайсці на інспіраванне беспарадкаў і іншых негатыўных праяўленняў у Беларусі, каб узяць сітуацыю ў Менску пад кантроль. І фактычна альбо ўсталяваць марыянеткавы ўрад у Беларусі, альбо наогул у перспектыве зрабіць аншлюс, далучыць Беларусь да Расеі самым грубым чынам.

- Вельмі добрае пытанне. Перш за ўсё, ніхто ў нас не думае прывезці дэмакратыю з Расеі. Мы ведаем усе дэфекты вашай дэмакратыі. Я толькі што быў у Санкт-Пецярбургу, на пытанне такога роду я магу адказаць: у нас няма дэмакратыі, але ў параўнанні з намі Расея дэмакратычная краіна. Цяпер паглядзіце: аб марыянеткавым урадзе ішла гаворка, калі ішоў Лукашэнка. Лукашэнка ішоў на першыя выбары пад лозунгам: усе - ворагі Расеі. Потым гэты ідыятызм з саюзнай дзяржавай, гэта выкопванне слупа на мяжы, гэтая гульня, што працягваецца ўвесь час, каб паказаць, што ўсе астатнія - ворагі Расеі. А цяпер, калі ў агульным, гэтых ворагаў няма, ён пачынае бравіраваць: яны хочуць прадаць Беларусь Расеі.

Самае брыдкае, што можна было зрабіць у адносінах да Беларусі, зрабіў Лукашэнка. Ён фактычна знішчыў беларускую мову, беларускую культуру, беларускія традыцыі. Ідуць традыцыі не насуперак Расеі, у нас падобная ментальнасць, мы можам дакладна, досыць добра ўзаемадзейнічаць. Мы хочам ісці еўрапейскім шляхам. Дарэчы, пра гэта вельмі часта кажа расейскае кіраўніцтва, але яно прыдумляе суверэнную дэмакратыю замест нармальнай, а мы хочам ісці шляхам нармальнай дэмакратыі. І ніхто не кажа пра тое, каб нам дэмакратыю прывезлі адтуль, дзе яе вельмі мала, але, па меншай меры, на сённяшні дзень больш, чым у нас.

- Станіслаў Станіслававіч, вы сказалі, што ўдзячныя расейскім журналістам за гэты фільм пра Аляксандра Лукашэнку. Вас не бянтэжыць, што ў Расеі няма свабоднай прэсы, гэтым журналістам што скажуць з Крамля, то яны і робяць, на каго пакажуць, на таго і гаўкаюць?

- Я гутарыў з добра вядомымі журналістамі, тэлевядучымі, і яны кажуць, што зараз знятая забарона даваць адмоўную інфармацыю па Беларусі. Сказалі: дзейнічайце, як хочаце. Але я хачу сказаць, у нас наогул няма мас-медыя, ёсць толькі дзяржаўная прапаганда. 25 найменняў газет, у якіх галоўны лозунг: лепш за Лукашэнку нікога няма на свеце, усе астатнія падлы, нягоднікі, шпіёны Расеі, шпіёны Захаду і гэтак далей.

- Пытанне слухачкі Лідзіі Васільеўны з Масквы: Як вы лічыце, ёсць што-небудзь станоўчае ў 15-гадовым вопыце знаходжання Лукашэнкі на чале Беларусі?

- Ён прыйшоў на ўгноеную глебу ў краіну, якая атрымала дэ-юрэ незалежнасць, у краіну, якую прызналі праз дзвесце гадоў пасля таго, як фактычна Беларусь была расейскай калоніяй, якую прызнала Расея. І ён прыйшоў на гэтае расчышчанае месца. Тая амаральнасць, якую ён дэманструе свету, тая хлусня, тая бессумленнасць, адсутнасць якой бы там ні было чалавечай прыстойнасці - гэта ўжо стала нормай паводзінаў. У нас дзейнічае адзін лозунг: я - начальнік, ты - дурань. Нікога не паважаюць.

- Вы кажаце, што 80% жыхароў супраць Лукашэнкі. Тады вам трэба пацвердзіць гэта сумленнымі выбарамі. Вы можаце пракантраляваць сумленнасць выбараў?

- На жаль, на сённяшні дзень пракантраляваць цяжка, таму што на чале выбарчай камісіі стаіць дама, якая заняла гэты пост незаконна. Законны старшыня камісіі Ганчар быў фактычна адхілены Лукашэнкам, хоць гэта мог зрабіць толькі парламент. І другое: яна займае гэты пост для таго, каб служыць Лукашэнку. Еўропай не прызнаныя ні адныя выбары. Яе трэба гнаць у шыю, яе не пускаюць у Еўропу. Калі такая дама будзе працягваць стаяць на чале выбарчай камісіі, будуць захоўвацца сумненні ў тым, што выбары, як і ўсе папярэднія выбары ў Беларусі, будуць сумленнымі. Сёння ўсё робіцца для таго, каб выбары былі несумленнымі. Паўтараю, назіральнікі ў Беларусі, назіральнікі міжнародныя не могуць паглядзець, за каго бюлетэнь, толькі сябры камісіі. А чальцы камісіі - гэта прадстаўнікі ўлады, гэта тыя, каго прызначае Лукашэнка.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках