27 снежня 2024, Пятніца, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Недавер да заключэння МУС аб смерці Алега Бябеніна толькі ўзмацніўся» (Відэа)

55
Андрэй Саннікаў: «Недавер да заключэння МУС аб смерці Алега Бябеніна толькі ўзмацніўся» (Відэа)

У Менскай абласной пракуратуры 5 верасня апыталі лідэра «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава.

Вось што распавёў кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў сайту charter97.org пасля візіту ў пракуратуру:

«Гэта было «апытанне», як яны сказалі. Нібыта апытваюць людзей па ўваходзячых і сыходзячых званках мабільнага тэлефона. Калі я спытаў, чаму мяне выклікалі, калі ўжо апытвалі на месцы здарэння, сказалі што «неабходна яшчэ шмат чаго ўдакладніць». Спачатку былі агульныя пытанні: што за чалавек, як характарызую, ці не заўважаў чаго-небудзь дзіўнага, абставіны яго паводзінаў. Потым былі пытанні пра сайт charter97.org, ці маю да яго дачыненне. Я сказаў, што збіраюся ісці кандыдатам у прэзідэнты, што разлічваў на Алега, які даў згоду дапамагаць мне. Гэта зафіксавалі ў пратаколе. Запытвалі, ці пагражалі Алегу. Я распавёў, што становішча ў краіне напальваецца, людзей хапаюць на вуліцах, разганяюць дэманстрацыі, узмацняецца ціск на журналістаў. Увогуле, пры сітуацыі ў Беларусі не даводзіцца казаць пра бяспеку праціўнікаў дыктатуры.

Гутарку вёў старэйшы следчы па найважнейшых справах Аляксандр Азарэвіч. У мяне з'явілася яшчэ больш сумненняў, што гэта было самагубства. Мне патлумачылі, што нават пра дату смерці Алега можна будзе казаць толькі пасля правядзення поўнай экспертызы, што можа заняць каля месяца. Таму ў мяне толькі ўзмацніўся недавер да афіцыйных заяваў МУС, якое ўжо выносіць сваё заключэнне аб прычынах смерці Алега Бябеніна. Таму што, калі яны не могуць з упэўненасцю выявіць час смерці, як яны могуць казаць, з-за чаго чалавек памёр?», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Нагадаем, што цела заснавальніка і кіраўніка сайта charter97.org Алега Бябеніна было знойдзена павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак калегі журналіста паведамляюць, што смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў.Судмедэксперты блытаюцца нават у даце наступлення смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Ён быў поўны планаў. У журналіста засталіся жонка і два сыны. Ён быў асноўным удзельнікам каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках