9 лiстапада 2024, Субота, 1:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ Германіі: Незалежным журналістам Беларусі ўжо даўно пагражае небяспека

12

Смерць Алега Бябеніна выклікае вялікую трывогу, піша «Sueddeutsche Zeitung».

Як піша газета «Sueddeutsche Zeitung», афіцыйныя ўлады кажуць, што гэта было самагубства. Судмедэксперты пацвердзілі тое, што генеральная пракуратура і без таго лічыць найбольш верагоднай версіяй, у адпаведнасці з якой Алег Бябенін вырашыў скончыць жыццё. Яго жонка была моцна занепакоеная ў пятніцу, таму што Алег Бябенін павінен быў знаходзіцца на лецішчы, але не падыходзіў да тэлефона. Таму яна адаслала туды людзей для таго, каб тыя праверылі размешчаны недалёка ад Менска дом. Знайшлі беларускага журналіста мёртвым, павесіўшымся, побач з дзвюма пустымі бутэлькамі з-пад алкаголю.

Бябеніну было 36 гадоў, і цяпер яго знаёмыя і калегі ламаюць галаву, спрабуючы зразумець, чаму ён гэта зрабіў. У яго была дэпрэсія? Развітальны ліст не быў знойдзены. Таму Наталля Радзіна сумняецца ў афіцыйнай версіі пра самагубства. «Як можа міністэрства ўнутраных спраў рабіць такія каментары, калі няма яшчэ вынікаў судова-медыцынскага даследавання?», запытвае рэдактар крытычна настроенага ў дачыненні да ўрада інтэрнэт-сайта сharter97.org, які быў заснаваны Бябеніным і працаваў пад яго кіраўніцтвам.

У інтэрв'ю расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Радзіна паведаміла, што Бябенін з сям'ёй і дзецьмі толькі на мінулым тыдні вярнуўся з адпачынку, які ён праводзіў у Грэцыі. «Мы хацелі сустрэцца ў гэты панядзелак, у яго было так шмат планаў, ён быў жыццярадасным чалавекам, і ў яго не было праблемаў ні з сям'ёй, ні са здароўем». Гэты беларускі журналіст уваходзіў у каманду палітыка Андрэя Саннікава, які нядаўна заявіў пра тое, што будзе прадстаўляць «Еўрапейскую Беларусь» на прэзідэнцкіх выбарах і будзе змагацца за гэты пост з Аляксандрам Лукашэнкам. Саннікаў таксама сумняецца ў тым, што гэта было самагубства. Паводле яго словаў, Бябенін атрымліваў пагрозы, і на яго быў здзейснены напад. «У сваім апошнім адасланым SMS-паведамленні ён нават запрашаў сяброў пайсці ў кіно. Ніякія варыянты нельга адкідаць», адзначыў ён.

Саннікаў выступае супраць антырасейскага курсу аўтарытарнага кіраўніка Лукашэнкі, які не пазней пачатку наступнага года будзе дамагацца на выбарах свайго пераабрання. «Нам патрэбна Расея», падкрэслівае яго супернік на хуткіх выбарах, але ён таксама выступае за тое, каб Беларусь стала сябрам Еўразвяза. Бябенін хацеў дапамагчы свайму даўняму знаёмаму Саннікаву дамагчыся змены ўлады.

Інтэрнэт-сайт Бябеніна на працягу многіх гадоў быў платформай для дэмакратычнага руху ў Беларусі, дзе апазіцыйныя палітыкі і партыі падвяргаюцца ціску з боку ўладаў. Крытычна настроеным журналістам ужо даўно пагражае небяспека, хоць арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у мінулым годзе прыйшла да высновы, што сітуацыя ў гэтым дачыненні «злёгку палепшылася пасля таго, як стаў больш інтэнсіўным дыялог з Еўразвязам».

Расея, паводле праведзенай гэтай арганізацыяй ацэнцы, упершыню нават апынулася ніжэй за Беларусь. Аднак пахваліцца гэтым Менск у любым выпадку не можа. Справа ў тым, што гэтая краіна займае ўсяго толькі 151 месца ў свеце, і эксперты арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» не бяруцца сцвярджаць, «ці захаваецца выяўленая тэндэнцыя». Смерць Алега Бябеніна можа ўзмацніць іх сумненні.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках