14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя абставіны гібелі Алега Бябеніна

39
Новыя абставіны гібелі Алега Бябеніна

Сябры і калегі журналіста ўказваюць на дэталі, якія супярэчаць афіцыйнай версіі.

У пракуратуры ўжо агучылі версію пра самагубства, але запэўніваюць, што гэта не канчатковая выснова.

«Мы не казалі, што кропка пастаўленая. Усё яшчэ правяраецца, і самазабойства, і іншыя версіі. Калі самазабойства, дык прычыны і матывы. Будзем інфармаваць пра вынікі», - сказала «Радыё Свабода» прэс-сакратар абласной пракуратуры Таццяна Калініна.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка шмат гадоў працаваў у адным пакоі з Алегам Бябеніным, даўно з ім сябраваў. Увечары 3 верасня Зміцер Бандарэнка быў сярод тых людзей, якія прыехалі ў вёску Пярхурава на лецішча Бябеніна, калі стала вядома пра яго смерць. Зараз Зміцера Бандарэнку здзіўляе, што следчая група не здымала ў доме адбіткаў пальцаў, дом застаўся неапячатаным, як і аўтамабіль, на якім, магчыма, прыехаў журналіст, ці яго прывезлі. Яшчэ больш пытанняў у Бандарэнкі і яго сяброў ўзнікла пасля агляду цела нябожчыка.

«Усе зафіксавалі, што калі цела Алега стаяла ў пятлі, дык правы галенастоп быў ці зламаны, ці моцна вывіхнуты.

Калі задалі пытанне намесніку пракурора, той сказаў, што Алег, хутчэй за ўсё, калі скочыў з зэдліка, пашкодзіў нагу. Яшчэ намеснік пракурора дадаў, што тады ў яго, хутчэй за ўсё, будуць пашкоджаныя шыйныя пазванкі. Я бачыў цела і пасля анатаміравання і звярнуў увагу эксперта, што правы галенастоп відавочна пашкоджаны больш, чым левы. Эксперт сказаў: не, гэта ён больш стаяў на гэтай назе, і гэта ад трупнага здранцвення. Эксперт таксама сказаў, што пашкоджанняў шыйных пазванкоў і звязак няма. Была мяккая асфіксія. А гэта той самы эксперт, які рабіў ўскрыццё і зрабіў выснову, што жыццё Алега скончылася 2 верасня. Але калі мы былі на месцы здарэння (19.00, 3 верасня), дык і міліцыянт, і намеснік пракурора казалі, што глядзіце, ён яшчэ цёплы, смерць надышла нядаўна. І ён на самой справе быў мяккі, не было трупнага здранцвення. Гэта значыць версіі эксперта і намесніка пракурора ніяк не стыкуюцца», - распавёў Зміцер Бандарэнка «Радыё Свабода». Такім чынам, абсалютна невядомы дакладны час смерці, спосаб павешання і калі і кім была пашкоджаная правая нага.

Па словах Бандарэнкі, няпраўда, што на целе Алега Бябеніна не было незвычайных слядоў, якія можна лічыць вынікам знешняга ўздзеяння. Бандарэнка кажа пра парэзы на пальцы і сцёртую скуру на костачках левага кулака, таксама драпіна ў раёне грудзёў. На спіне нябожчыка былі заўважаныя крывяныя падцёкі ў галіне левай ныркі і на шыі. Зміцер Бандарэнка ўзгадвае, што неаднаразова мыўся з Бябеніным ў лазні і не памятае на яго целе такіх слядоў.

«Гэтыя сляды ў пратаколе агляду зафіксавалі і запэўнілі мяне, што цела з некалькіх ракурсаў сфатаграфавалі, і будуць усё правяраць», - паведаміў Зміцер Бандарэнка, які па-ранейшаму не верыць, што яго сябар мог сам сысці з жыцця.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках