27 снежня 2024, Пятніца, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БТ паказала, што тысячы маніфестантаў былі гатовыя скідаць Лукашэнку

150
БТ паказала, што тысячы маніфестантаў былі гатовыя скідаць Лукашэнку

На Першым лукашэнкаўскім тэлеканале ў нядзелю выйшаў новы прапагандысцкі фільм «Плошча. Жалезам па шкле». Стужка апавядала пра падзеі 19 снежня на Плошчы і таму, што ёй папярэднічала.

У прынцыпе, нічога выразна новага ў фільме не прагучала. У пачатку аўтары засяродзіліся на тым, што кандыдаты заклікалі не на выбары, а на Плошчу. Потым вялікая частка была прысвечаная падрыхтоўцы «тэрактаў».

У кадры з’яўляецца гомельскі прадпрымальнік Юрый Панчук, які кажа, што ад Мікалая Статкевіча яму паступіла замова на вытворчасць «металічных штыроў».

Быццам бы тыя штыры немагчыма купіць у Мінску, у любой краме будаўнічых вырабаў — арматура ж масава выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве. Дырэктар Жлобінскага рамонтна-тэхнічнага завода Ігар Нікіцін паведамляе пра замову па заточцы арматуры. Дэманструецца відэа затрымання «электрашокераў, нажоў, балончыкаў» на беларуска-ўкраінскай і расійскай межах. Пры гэтым так і не паведамлена, што нехта быў затрыманы.

У фільме шмат фігуруе тэлефонных размоваў кандыдатаў і (быццам бы) удзельнікаў іх камандаў. Але яны настолькі неканкрэтныя, што ніякай новай інфармацыі не даюць. Такія размовы маглі запісаць і сексоты, і нават акторы. Яны ўспрымаецца, хутчэй, як гордая канстатацыя таго, што ў краіне «падслухоўваюць усіх» і таму праз тэлефон ніхто нічога сур’ёзнага не кажа.

Сярод тэлефонных размоваў былі і псіхадэлічныя: нейкая мама тэлефануе ў міліцыю, што яе 16-гадовы сын абвязаўся выбухпакетамі і пайшоў на Плошчу… Памажыце мне яго злавіць!..

Усё гэта на поўным сур’ёзе!

Таксама на поўным сур’ёзе ў збіцці Уладзіміра Някляева абвінавацілі іншых кандыдатаў (Саннікава, Статкевіча, Рымашэўскага), якія, маўляў, былі незацікаўленыя ў тым, каб лідар «Гавары праўду» ўзначаліў Плошчу.

Але ж дзясяткі журналістаў былі сведкамі таго, хто і нашто збіваў Някляева, — каб забраць гукаўзмацняльную апаратуру.

Паводле БТ, Саннікаву на кампанію было «выдзелена» паўмільёна даляраў. А вось Някляеў змог перавезці ў Беларусь 1 мільён 668 тысяч 550 даляраў, хоць рабіў запыт на 16 мільёнаў.

Яго спонсарамі называюць амерыканскі Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, а таксама нейкі еўрапейскі фонд СІМПФА (прагучала невыразна, цяжка было разабраць). Фонд СІМПФА нам невядомы, а НФПД (NED) — гэта амерыканская фундацыя, якая была заснаваная за Рэйгана для прасоўвання дэмакратыі ў свеце. На нашу думку, амаль неймаверна, каб кампанія «Гавары праўду» атрымлівала сродкі ад НФПД. Найхутчэй, крыніцы шчодрага фінансавання «Гавары праўду» застаюцца для спецслужбаў невядомымі.

Вось якую схему дастаўкі грошай намалявалі аўтары фільма.

Сяргей Вазняк нібыта ехаў у Вільню, дзе атрымліваў грошы ад Андрэя Дзмітрыева, а потым змяшчаў іх на вакзале ў камеры захоўвання ў розных аддзелах. Потым звязваўся праз скайп з кур’ерамі, якія прыязджалі грошы забіраць.

Гаварылася, што ідэйных прыхільнікаў у Някляева не было, усе працавалі толькі за грошы.

Дарэчы, фільм агучваў, здаецца, новы кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька — у мінулым жыцці блізкі прыяцель Някляева, наведнік адной з ім лазні.

Шмат было паказанняў хлопцаў, што ўдзельнічалі ў акцыі, а потым адбывалі пакаранні ў ізалятарах часовага ўтрымання, у тым ліку некалькіх, што праходзяць па крымінальнай справе, — паказаны былі Антон Давыдзенка, Васіль Парфянкоў, Сяргей Лугаўскі, Ігар Мыслівец, Мікіта Шапураў, грамадзяне Расіі Арцём Брэўс і Аляксей Еўдакімаў. Праўда, і яны нічога істотнага не сказалі. Так, агульныя словы ў сваё апраўданне.

Адзначыўся ў фільме і «сацыял-дэмакрат» Уладзімір Нісцюк, які выказаўся пра дзялёжку грантаў.

«Плошча…» паказвае кадры з тысячамі людзей на вуліцах Мінска. Відаць, у БТ проста не было іншых ракурсаў і яны былі вымушаны міжволі паказаць, наколькі шматлюдным быў выступ супраць дыктатуры.

Аператары спецслужбаў імкнуліся ў самыя гарачыя пункты падзей.

Напрыклад, яны сфільмавалі цікавы момант, калі ці то Дзмітрыеў, ці то Саннікаў паказвае Кастусёву аддрукаваны аркуш паперы, дзе гаварылася пра стварэнне «Ураду нацыянальнага выратавання». Значыць, у кагосьці з кандыдатаў былі сцэнары, А, Б і В на розныя выпадкі развіцця падзей.

БТ старалася абвергнуць словы, што «штурмам» Дома ўрада займаліся пераапранутыя ў цывільнае міліцыянты і кадэбэшнікі.

Яны нават назвалі некалькі імёнаў і паказалі іх пры дзвярах Дома ўрада. Гэта 49-гадовы прараб Алег Федаркевіч, 20-гадовы Мікіта Ліхавід.

Разам з тым, было пацверджана, што ў першых шэрагах дзейнічалі дзіўнаватыя, раней судзімыя асобы. Такімі названы былі Васіль Парфянкоў і «Навушнік» Уладзімір Хамічэнка. Асобы зусім не засвечаныя ў апазіцыі.

Сярод тых, хто «атакаваў», быў таксама названы прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў. Аднак на кадрах відавочна, што яго проста нясе ў людской плыні, якая хоча правесці ў Дом урада дэлегацыю кандыдатаў у прэзідэнты.

А лідар АГП Анатоль Лябедзька і Наталля Каляда спрабавалі закрыць камеры аператара спецслужбаў. І гэта таксама фігуравала як частка «беспарадкаў»…

Пусцілі запіс тэлефонных размоваў Статкевіча з нейкім Сашам, які, маўляў, званіў з Украіны і настойліва дапытваўся, ці ўжо «ўзялі Кабмін». Калі верыць запісу, ён падбадзёрваў Статкевіча: «Займай крэсла Сідорскага і націскай на кнопкі!»

А адзін з самых маляўнічых званкоў — быццам бы ад Аляксандра Фядуты са штаба Някляева быццам бы жонцы Някляева ў бальніцу. Мужчынскі голас просіць: «Сообщите проводырю, что наши вошли в Дом правительства. Ну, он знает». Цяжка сказаць, ці такое тэлефанаванне сапраўды мела месца. Калі так, значыць, і Фядута па-юначаму паддаўся эйфарыі — сайт Charter97.org сапраўды ў пэўны момант беспадстаўна змясціў такую інфармацыю.

Напрыканцы было названа, што апазнана «больш за 100» удзельнікаў «беспарадкаў», а 40 з іх ужо арыштаваныя. Гэта не апошняя серыя БТ пра падзеі на Плошчы.

Фільм БТ трохі дадае ў разуменне таго, якія хады прыдумалі ўлады, каб апраўдаць свой план разгону Плошчы, разгрому і застрашвання апазіцыі. Фільм таксама дае магчымасць ацаніць, як шмат людзей гатовы былі падтрымаць радыкальны план скідання рэжыму. З кадраў паўстае, пераважна, спантанная актыўнасць дэманстрантаў. Ніякіх вартых даверу доказаў арганізаванай дзейнасці «груп баевікоў» прадэманстравана не было.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"

Напісаць каментар 150

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках