15 лiстапада 2024, Пятніца, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На лядовыя палацы скончыліся грошы

113
На лядовыя палацы скончыліся грошы

На Магілёўшчыне ўзвядзенне лядовых палацаў у Шклове і Горках прыпыненае.

Каб завяршыць будаўніцтва, патрэбныя мільярды рублёў, якіх у бюджэце няма.

У Шклове лядовы палац пачалі будаваць паўтара гады таму. Кошт будоўлі ў коштах другога квартала 2010 года ацэньваўся ў 50 мільярдаў рублёў. Завяршыць будаўніцтва лядовай арэны планавалі ў 2011 годзе. Як сцвярджаюць жыхары райцэнтра, гэтай ўрачыстасці сягоння не будзе, піша БелаПАН.

- Каб працы ішлі інтэнсіўна - я такога не бачыў. Там толькі палі забілі і пяском засыпалі пляцоўку. Каму патрэбная гэтая цацка, і хто туды будзе хадзіць? - абураецца жыхар Шклова Міхась.

Калі здадуць палац, дакладна не ведаюць і ў райвыканкаме.

- Тыя грошы, якія вылучылі, мы іх засвоілі, і ўсё. Там жа патрэбная велізарная сума грошай - пад 70 мільярдаў. Даляр жа падскочыў. Чакаем, што на будучы год нам грошы дадуць для ўводу, - кажа адзін з супрацоўнікаў райвыканкама.

У сталіцы «Дажынак-2012» Горках узводзіць лядовы палац таксама пачалі больш за год таму. Вынік - як у Шклове. Будаўніцтва прыпыненае. Са зробленага - убітыя бетонныя палі ды пасыпаная жвірам пляцоўка, якая, па словах жыхароў, зарастае бур'яном.

- Улетку перад візітам Аляксандра Лукашэнкі падагналі туды трактары і гэты бур'ян ўвесь разграблі, каб хоць яго не бачна было. Насыпалі зверху пяску, каб было бачна, што будаўніцтва якое-ніякое ідзе, - кажа эканаміст Андрэй Юркоў.

У райвыканкаме супакоілі - да зімы будзе ўзведзены каркас будучага палаца. Але пакуль грошай няма, адзначыў супрацоўнік райвыканкама:

- Сто мільярдаў павінныя пайсці на падрыхтоўку да «Дажынак». З іх 21 мільярд - менавіта на лядовую арэну, каб працягнуць працы.

Ці гэтак патрэбны Горкам лядовы палац, пытаюся ў заўзятага аматара хакея Андрэя Юркова.

- На сённяшні дзень больш-менш рэгулярна гуляюць у хакей 20-25 чалавек. Для іх будаваць гэты палац? Трэба спачатку забяспечыць школы раёна спартовым інвентаром. Няма грошай ні на канькі, ні клюшкі, - адказаў Юркоў.

Акрамя Горак і Шклова, мясцовыя ўлады зімой 2011 года заяўлялі, што пабудуюць лядовыя палацы яшчэ ў шасці райцэнтрах. Будаваць там да гэтага часу не пачалі.

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках