16 лiстапада 2024, Субота, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура пераследуе Сяргея Міхалка

126
Пракуратура пераследуе Сяргея Міхалка

Прызначаная лінгвістычная экспертыза выказванняў лідэра гурта «Ляпіс Трубяцкой» Сяргея Міхалка ў дачыненні да беларускага дыктатара.

Экспертыза прызначаная ў межах праверкі, якую праводзіць пракуратура Цэнтральнага раёна Менска ў дачыненні да музыкі, паведамляе БелаПАН.

Як паведамлялася раней, праверка ў дачыненні да Міхалка вядзецца з пачатку кастрычніка. Паколькі праваахоўныя органы не маюць магчымасці дапытаць Міхалка, які знаходзіцца за межамі Беларусі, праверка працягваецца. Па звестках БелаПАН, яна можа працягнуцца некалькі месяцаў.

Крымінальная справа ў дачыненні да музыкі пакуль не ўзбуджалася. Запытаў для правядзення следчых дзеянняў з Сяргеем Міхалком ў іншых краінах таксама пакуль не накіроўвалася.

Нагадаем, на брыфінгу 17 кастрычнік начальнік упраўлення Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Павел Радзівонаў паведаміў, што правяраецца інфармацыя, якая змяшчаецца ў інтэрв'ю музыкі. Вынікам праверкі стане прававая ацэнка.

«Так званыя смелыя і бяскрыўдныя выказванні саліста «Ляпіса Трубяцкога», відавочна, знаходзяцца па-за межамі не толькі нормаў этыкі і маралі, але і права», - заявіў Радзівонаў. Па ягоных словах, у любым цывілізаваным грамадстве абраная музыкам форма казання «з'яўляецца недапушчальнай і ставіць ейнага аўтара ў разрад банальных хуліганаў».

«Міхалок лічыць сябе чалавекам культурным і сучасным. Значыць, ягоная творчая дзейнасць павінная будавацца на прынцыпах павагі асобы. Выраз грамадзянскай пазіцыі павінны будавацца на тых жа прынцыпах - без абразаў і зневажанняў каго б там ні было», - сказаў прадстаўнік Генпракуратуры.

Пры гэтым ён не адказаў на пытанне, ці можа Міхалок падчас правядзення праверкі вярнуцца ў Беларусь не баючыся быць затрыманым.

Гурт «Ляпіс Трубяцкой» ўключаны ў сакрэтны чорны спіс музычных калектываў і дзеячаў мастацтва, дзейнасць якіх на тэрыторыі Беларусі фактычна забароненая. На працягу года канцэрты гурта ў Беларусі неаднаразова адмяняліся, у той час як за мяжой яго выступы карыстаюцца вялікім поспехам. Многія беларускія прыхільнікі групы вымушаныя ездзіць у суседнія краіны, каб паслухаць выступ «Ляпіса».

У апошніх інтэрв'ю Сяргея Міхалка гучала рэзкая крытыка на адрас беларускіх уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках