15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працэс супраць Піначэта таксама пачынаўся ў Лондане

22
Працэс супраць Піначэта таксама пачынаўся ў Лондане

Былога чылійскага дыктатара арыштавалі на падставе рашэння суда ў Іспаніі.

У аўторак брытанская юрыдычная фірма H2О Law абвясціла, што рыхтуецца ініцыяваць прыватнае судовае расследаванне ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Юрысты спадзяюцца, што гэта прывядзе да выдачы ордэра на ягоны арышт.

Нагадаем, падставай для пачатку справы сталі падзеі 19 снежня, калі ў Менску была жорстка разагнаная акцыя супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, збітыя і арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, сябры іх каманд, журналісты, праваабаронцы і сотні грамадзянаў Беларусі. Дадатковым фактарам сталі паказанні зняволеных аб катаваннях. Асабліва заява кандыдата ў прэзідэнты Аляксея Міхалевіча. «Радыё Свабода» высвятляла, як ставяцца да ініцыятывы брытанскіх юрыстаў у Беларусі.

Паводле міжнародных дамоваў, існуюць працэдуры прыцягнення вінаватых да адказнасці. Гэта так званая універсальная крымінальная юрысдыкцыя. Яна дазваляе краінам незалежна ад таго, дзе здзяйсняліся міжнародныя злачынствы, звязаныя з бесчалавечныя стаўленнем да людзей, разглядаць іх у нацыянальных судах. У Вялікабрытаніі спецыяльныя грамадскія аб'яднанні і адвакаты ўжо выкарысталі для гэтага юрысдыкцыю сваёй краіны.

Праваабаронца Гары Паганяйла згадвае, што менавіта ў Лондане адбываліся першыя судовыя слуханні па справе Піначэта, якога арыштавалі на падставе рашэння суда ў Іспаніі: «Пры наяўнасці доказаў здзейсненых Лукашэнкам злачынстваў на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы ад выкрадання і магчымых пазасудовых смяротных пакаранняў сваіх палітычных апанентаў у 1999 - 2000 гадах, а таксама шэрагу іншых абвінавачванняў, у прыватнасці катаванняў удзельнікаў падзей 19 снежня, - такія працэдуры могуць вылучацца і забяспечвацца. Калі англійскія юрысты, адвакаты прыйдуць да такой высновы і адпаведную скаргу накіруюць у суд, то ён будзе яе разглядаць».

Брытанскія юрысты маюць намер пераследваць Лукашэнку ад імя ягоных ахвяр. Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксей Міхалевіч, які быў выпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, ўхваляе ініцыятыву брытанскіх юрыстаў: «Радуе, што юрысты з розных краін займаюцца гэтым пытаннем. Спадзяюся, што скаргі будуць пададзеныя і на больш высокім юрыдычным узроўні. Радуе, што задзейнічаны механізм ААН, не толькі ўпаўнаважанага па катаваннях, але і ёсць зварот у Савет бяспекі ААН. Ну, а далей будзем глядзець. Я пакуль не да канца разумею прававы механізм, які будзе выкарыстоўвацца. Але выкарыстоўваць любыя мірныя, негвалтоўныя спробы, каб спыніць катаванні і вызваліць палітвязняў, гэта вельмі добра і пазітыўна».

Жонка зняволенага Зміцера Бандарэнкі Вольга вітае любыя крокі, якія могуць вызваліць палітвязняў: «Тое, што зрабілі з нашымі роднымі - гэта злачынства. Не яны здзейснілі злачынства, а тое, што зараз робяць з імі - злачынства. Таму я вельмі станоўча да гэтага стаўлюся. Калі юрысты гэтую справа пачалі, то ў іх ёсць нейкая надзея. Будзем чакаць добрых, станоўчых вынікаў. Звярнуліся да іх сваякі: сястра Саннікава, дачка Някляева, дачка Статкевіча, сястра Міхалевіча, наколькі я ведаю».

Праваабаронца Алег Воўчак адзначае, што да ініцыятывы ў Вялікабрытаніі падключыліся вядомыя адвакаты, якія маюць міжнародны вопыт працы: «Натуральна, усе гэтыя катаванні, здзекі яны збіралі, вялі маніторынг. Некалькі сустрэч было са сваякамі Андрэя Саннікава і іншых палітвязняў. Я думаю, заява юрыстаў не галаслоўная і яны маюць досвед па такой катэгорыі спраў. У заканадаўстве ёсць механізмы пачаць такі працэс. Гэта адна з формаў абароны правоў чалавека: калі нацыянальнае заканадаўства не дазваляе ахвярам абараніць сябе, то дзейнічае міжнароднае права. Я не ведаю, як яны будуць будаваць само справа, але падставы для ўзбуджэння, я думаю, у іх ёсць».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках