28 снежня 2024, Субота, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Красоўская: Ёсць відэазапіс забойства Ганчара і Красоўскага

71
Ірына Красоўская: Ёсць відэазапіс забойства Ганчара і Красоўскага

Ад крыніцы ў Расеі ўдаве зніклага беларускага бізнэсоўца стала вядома, што адбылося на самой справе.

У апошні раз Ірына Красоўская бачыла свайго мужа Анатоля Красоўскага жывым 16 верасня 1999 года.

У той вечар выбітны бізнэсовец вёў Jeep Cherokee па Фабрычнай вуліцы ў Менску. У машыне знаходзіўся ягоны блізкі сябар, адзін з лідэраў апазіцыі, старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі і кандыдат у прэзідэнты Віктар Ганчар.

Нечакана адзін аўтамабіль заблакаваў ім дарогу, а другі затармазіў перад імі, змушаючы джып спыніцца. З машын выскачылі ўзброеныя бандыты, разбілі шкло ў аўтамабілі, выцягнулі адтуль Красоўскага і Ганчара. Больш нікога з іх не бачылі.

У Красоўскай няма ілюзій наконт гэтага вечара. Яна перакананая, што забіць абодвух мужчын аддаў загад асабіста Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі з 1994 года, якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы.

«Калі муж прапаў, я не ведала што рабіць. Я нават не разумела, што адбываецца, - распавяла жанчына The Washington Diplomat. - Я стукала ва ўсе дзверы. Нарэшце я зразумела, што толькі міжнародная супольнасць можа мне дапамагчы, таму што ў Беларусі няма справядлівасці».

Ейная дачка Валерыя нядаўна апісала той жах, які яна перажыла, для Еўрапейскага часопіса «Indigo».

«Я памятаю тую ноч, калі мой бацька не вярнуўся дадому, як быццам гэта адбылося толькі ўчора. Я прачнулася ў 4 ночы і ўбачыла, што мама сядзіць на кухні. Я спытала, што здарылася і ці прыйшоў тата, а яна сказала, што ягоныя мабільныя тэлефоны выключаныя. Сказала, каб я ішла спаць і што ўсё будзе нармальна. Але нармальна не было».

Красоўская кажа, што «калі б Ганчар не знік, я ўпэўненая, што ён быў бы наступным прэзідэнтам Беларусі». Яна тлумачыць, што ейны муж дапамагаў спансіраваць палітычную кампанію Ганчара ў той час.

Па словах Красоўскай, «беларускі КДБ пачаў расследаванне здарэння. Яны амаль высветлілі праўду і арыштавалі чалавека, адказнага за выкраданне. Але потым прэзідэнт даў загад вызваліць гэтага чалавека і звольніў генерала, які ўзначальваў КДБ».

Забойства і яго замяцце - гучыць як сцэна з бестсэлера 1981 года «Парк Горкага» Марціна Круза Сміта, але гэта не дэтэктыўны раман. Гэта хутчэй жудасны напамін пра тое, што можа здарыцца нават сёння з тым, хто ідзе супраць Лукашэнкі.

«Ніхто і ўявіць не мог, што рэжым можа быць такім жорсткім, - кажа Красоўская. - Я чакала, што яны могуць знішчыць ягоны бізнес або пасадзіць у турму. Але я ніколі не думала, што яны могуць забіваць людзей».

Пяцідзесяцідвухгадовая Красоўская дае інтэрв'ю ў гасцінай з кнігамі і рэдкімі мапамі Усходняй Еўропы XVII стагоддзя, у сваім ўтульным доме недалёка ад гістарычнага Парку Кліўленда.

Красоўская вырасла пры камунізме, але, па ейных словах, яна радавалася, калі Савецкі Саюз, нарэшце, разваліўся і Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

«Гэта быў як глыток свежага паветра. Мы думалі, што станем жыць лепш і зможам вольна падарожнічаць і пабываць у астатняй Еўропе, атрымаць адукацыю і дэмакратыю. Было столькі надзей, - успамінае яна. - Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, я падумала, што гэта нейкі жарт. Ён выглядаў, як блазан. Ён не мог правільна гаварыць, і ягоныя прамовы былі такімі дурнымі».

У той час Красоўская выкладала дзіцячую псіхалогію ў вядучым універсітэце краіны і была замужам 24 гады. Ейнаму мужу было 47, калі ён знік.

«Ёсць відэазапіс забойства, але ўлады ніколі не дазволяць расследаваць справу да канца, таму што яны самі ўсё гэта арганізавалі. Нават афіцыйны следчы сказаў нам аб гэтым. Ад крыніцы ў Расеі нам стала вядома, што адбылося на самой справе. Так што мы ведаем, хто арганізаваў усё і хто аддаў загад», - кажа Красоўская.

У 2002 годзе Красоўская і ейная сяброўка Святлана Завадская, жонка журналіста Зміцера Завадскага, выкрадзенага двума гадамі раней, арганізавалі ініцыятыву правых поглядаў «Мы памятаем», чыя задача, як напісана на сайце, заключаецца ў распаўсюдзе праўдзівай інфармацыі аб палітычна матываваных знікненнях грамадзянаў Беларусі і інфармаванні сусветнай супольнасці аб сітуацыі ў Беларусі».

У кастрычніку 2004, пасля выхаду рэзкага даклада Рады Еўропы аб парушэннях правоў чалавека ў краіне, Кангрэс ЗША ўхваліў, і прэзідэнт Джордж Буш падпісаў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Закон дазваляе дапамогу ЗША палітычным партыям, НДА і незалежным СМІ, што распаўсюджваюць ідэі дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Красоўская сустракалася тры разы з прэзідэнтам Бушам падчас ягонга прэзідэнцтва і два разы з былым дзяржсакратаром Кандалізай Райс. 6 студзеня гэтага года яна таксама сустрэлася з пераемнікам Райс Хілары Клінтан, каб пераканаць Белы дом прыняць жорсткія меры супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Дэлегацыя ў складзе пяці прадстаўнікоў беларускай дыяспары гаварыла з Дзяржсакратаром Клінтан амаль гадзіну, - распавяла яна The Washington Diplomat. - У мяне склалася ўражанне, што нас пачулі і атрымалі некаторае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў Беларусі».

Сувязі наверсе, безумоўна, дапамагаюць. Дзесяць гадоў таму Ірына сустрэлася з даўнім прыхільнікам Рэспубліканскай партыі Брусам Джэксанам на канферэнцыі па правах чалавека ў Вашынгтоне, дзе ён зладзіў вячэру для беларускай дэлегацыі. Праз чатыры гады яны пажаніліся.

Джэксан, былы супрацоўнік вайсковай выведкі і кіруючы работнік ў кампаніі «Lockheed Martin», цяпер займае пасаду прэзідэнта НУА «Праект пераходных дэмакратый».

З'яўляючыся актыўным прыхільнікам пашырэння НАТА ў Усходняй Еўропе, ён, магчыма, больш вядомы як заснавальнік цяпер ужо не існуючага Камітэта па вызваленні Іраку, неакансерватыўнай групы, якая дапамагала стварыць грамадскую падтрымку для ўварвання ў Ірак пасля нападаў 11 верасня.

Джэксан таксама быў сябрам праўлення арганізацыі сваёй жонкі, якая спачатку займалася толькі пытаннямі Беларусі, а цяпер уваходзіць у склад некамерцыйнай кааліцыі НУА, якія расследуюць палітычныя знікненні ва ўсім свеце. У межах арганізацыі і пры шчодрай дапамогзе ўрада Францыі Красоўская наведала Філіпіны, Тайланд і Аргентыну.

Красоўская вярнулася на радзіму ў снежні, і яе ледзь не арыштавалі щвечары 19 снежня, калі 600 чалавек былі затрыманыя на галоўнай плошчы Менска падчас пратэсту супраць вынікаў сумнеўных выбараў, якія працягнулі кіраванне Лукашэнкі яшчэ на пяць гадоў.

«Людзей на краю щскрайку збівалі, але я з сябрамі была ў сярэдзіне, і нас сціснулі з усіх бакоў. Там было больш людзей, чым міліцыі. У іх не было дастаткова сіл, каб арыштаваць усіх, - узгадвае яна. - Мне пашанцавала, але большасць з маіх сяброў арыштавалі. Тры апазіцыйныя кандыдаты да гэтага часу знаходзяцца ў турме».

Улады сцвярджаюць, што Лукашэнка выйграў выбары з 79,6 адсоткамі галасоў, але Красоўская сумняецца, што ён набраў хаця б 40 адсоткаў, ужо сапраўды не больш.

«Выбары не былі прызнаныя АБСЕ (Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе), а гэта азначае, што Лукашэнка нелегітымны, - кажа яна. - Праблема ў тым, што грамадзянская супольнасць не можа ўдзельнічаць у падліку галасоў. У памяшканне, дзе адбываецца падлік галасоў, нікому нельга зайсці, так што можна фальсіфікаваць вынікі колькі заўгодна».

Сярод іншага, Красоўская і іншыя пратэстанты патрабавалі безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і правядзення новых выбараў пад міжнародным назіраннем.

Аднак не ўсе беларусы незадаволеныя такім статус-кво. Народу падабаецца адносна высокі ўзровень жыцця з найменшай сярод 15 былых савецкіх рэспублік розніцай у прыбытках паміж багатымі і беднымі. Прыбытак на душу насельніцтва ў краіне прынамсі на 50 адсоткаў вышэйшы, чым у суседняй Украіне.

Тым не менш, Красвовская лічыць гэтыя дасягненні проста паказухай.

«Лукашэнку падтрымліваюць у асноўным пенсіянеры і сельскія жыхары, у якіх няма адукацыі. Яны ніколі не былі за мяжой».

На пытанне, ці ёсць якія-небудзь паралелі паміж антыўрадавымі акцыямі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Менску і дэманстрацыямі на плошчы Тахрыр у Каіры з патрабаваннем звяржэння Хосні Мубарака, які кіраваў 30 гадоў, Красоўская адказвае, што моладзь Беларусі не будзе трываць Лукашэнку яшчэ 14 гадоў. Яна дадала, што палітыка Еўрапейскага звяза «канструктыўнага ўзаемадзеяння» з такімі рэпрэсіўнымі рэжымамі, як у Беларусі, не працуе.

«Раней Польшча была за гэтае ўзаемадзеянне. Яны думалі, што гэта адцягне Беларусь ад Расеі. Але я асабіста папярэдзіла іх пра Лукашэнку. Я ўпэўненая, што ён нясе адказнасць за забойства майго першага мужа. Ён заўсёды быў крывавым дыктатарам, і вы ніколі не зменіце яго».

Пераклад - сайт charter97.org

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках