27 снежня 2024, Пятніца, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «Мы заклікаем дзейнічаць»

10
Віктар Івашкевіч: «Мы заклікаем дзейнічаць»

Маніфест групы палітыкаў аб негвалтоўным супраціве нелегітымнай уладзе і актыўным грамадзянскім супрацьстаянні каментуе адзін з ягоных аўтараў Віктар Івашкевіч.

- Пад вашым маніфестам пакуль падпісалася толькі некалькі асоб. Ці азначае гэта, што іншыя не захацелі падпісвацца, або дакумент адкрыты для падпісання?

- У прынцыпе, гэта спроба ў фармаце дыскусіі, якая цяпер вядзецца аб стратэгіі дэмакратычных сілаў, сфармуляваць больш зразумела сваю пазіцыю. Заўсёды, калі збіраецца шмат людзей, якія шукаюць фармулёўкі, якія б задаволілі ўсіх, - вельмі цяжка нарадзіць нейкі агульны кампрамісны варыянт. Каб быў зразумелы наш падыход, мы і апублікавалі гэты артыкул.

- Ці можна сказаць, што Маніфест - ваш адказ на дакумент, які завецца «Стратэгія 2012»? Станіслаў Шушкевіч падчас онлайн-канферэнцыі на «Радыё Свабода» ўжо негатыўна выказваўся пра «Стратэгію 2012». Ці з'яўляецца ваш Маніфест альтэрнатыўных дакументам?

- У «Стратэгіі 2012» зусім не тлумачыцца пазіцыя з нагоды сітуацыі з палітвязнямі і ўмовамі дыялогу, якія павінныя быць, каб гэты дыялог адбыўся. Усе разумеюць, што ўлады сядуць за стол перамоваў з апазіцыяй, толькі калі будуць змушаныя да гэтага. Механізм гэтага прымусу ў «Стратэгіі 2012» як раз не агучаны.

У суботу, 19 сакавіка, я прымаў удзел у запісу перадачы на ​​Белсаце, і там намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які з'яўляецца прыхільнікам «Стратэгіі 2012», заявіў, што ўдзел у парламенцкіх выбарах і дыялог з рэжымам ніяк не звязаныя з наяўнасцю палітвязняў. І калі вядучы перапытаў, ці значыць гэта, што вы можаце пайсці на парламенцкія выбары ў той час, калі палітвязні будуць сядзець, то Губарэвіч адказаў «Так».

Гэты момант найбольш прынцыповы. Я не ўяўляю сабе, як магчыма аб'яднаць пазіцыю «ўдзел у парламенцкіх выбарах пры наяўнасці палітвязняў» з пазіцыяй «удзел у выбарах магчымы толькі пасля вызвалення палітвязняў». І другое пытанне - як жа ўлады прымусіць пайсці на дыялог. Вось мы і прапануем механізм прымусу, які розным людзям дазваляе выбраць розныя формы - ад пасіўных (не падпісвацца на дзяржаўныя выданні) да актыўных - выхад на несанкцыянаваныя акцыі.

- Крытыкі ўжо сказалі ці яшчэ скажуць, што такое надзея на масавае паўстанне людзей, на тое, што сотні тысяч будуць дзейнічаць - наіўнае і рамантычнае...

- Сотні тысяч ужо дзейнічаюць у гэтым кірунку, скупаючы валюту, хоць кіраўнікі дзяржавы заклікаюць гэтага не рабіць. Пачынаецца кампанія «Стоп бензін», дзе людзі выступаюць супраць падаражэння бензіну. У гэтым сэнсе нашая прапанова не выйшла з космасу, а абапіраецца на тыя працэсы, якія ўжо ідуць у грамадстве.

Больш фантастычнымі, я лічу, з'яўляюцца стратэгіі, заснаваныя на тым, што рэжым пойдзе на дыялог з апазыцыяй, працягваючы рэпрэсіі.

- Ці значыць з'яўленне вашага звароту, што апазіцыя дэ-факта падзяляецца на дзве часткі - больш радыкальную, бескампрамісную, і «дыялогавую»?

- Паміж намі няма такога радыкальнага ўзаемаадмоўлення. Бо тыя, хто выступае за дыялог, прызнаюць, што ўладу трэба да гэтага прымушаць. Хто гатовы займацца працай па прымусе ўлады - будзе гэтым займацца. Хто хоча ісці дамаўляцца з рэжымам, ўгаворваць яго зрабіць саступкі - хай ідзе.

Абмеркаванне, пошук адзінай стратэгіі трэба пераводзіць у актыўныя дзеянні. Наша прапанова дае магчымасць дзейнічаць. А тыя, хто хоча праводзіць круглыя ​​сталы з Макеем - хай паспрабуюць правесці і запрасіць Макея. Пакуль што ім нават памяшкання не даюць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках