26 снежня 2024, Чацвер, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва ўладаў істэрыка. Міліцыя збілася з ног

76
Ва ўладаў істэрыка. Міліцыя збілася з ног

Па ўсім Менску сёння, як і ў рэгіёнах, пачалося «паляванне» на дэмакратычных актывістаў.

Цэлы дзень (пачынаючы з 6.30 раніцы і да гэтага часу) міліцыя дзяжурыць ля кватэры актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Паліны Дзьяковай. Людзі ў цывільным, прадставіўшыся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку, прыйшлі на кватэру да актывісткі ў 6.30, аднак Паліна адмовілася адчыняць дзверы. Невядомыя ў цывільным працягваюць сцерагчы ля кватэры.

У 6.50 людзі ў цывільным прыйшлі па месцы жыхарства яшчэ адной актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Кацярыны Людвіг. Цяпер пад вокнамі дзяўчыны дзяжурыць міліцыя, паведамляе «Вясна».

Каля 7 раніцы дома затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Кудлаеў. Без тлумачэння прычын актывіст дастаўлены ў Заводскі РАУС, дзе міліцыя абяцала пратрымаць яго да 20 гадзін.

Менскія актывісты кампаніі «Гавары праўду» Аляксандр Сяргеенка і Тацяна Ласкавец затрыманыя ў кватэры.

Супрацоўнікі міліцыі доўга грукалі ў дзверы, пасля некалькі разоў ударылі па дзвярох, дзвярныя вушакі адышлі - і яны праніклі ў кватэру. Без усялякіх тлумачэнняў затрымалі актывістаў і павезлі ў Заводзкі РУУС.

Лідэраў «Маладой Беларусі» Артура Фінькевіча і Анастасію Машчаву міліцыя заблакавала ва ўласных кватэрах.

У кватэрах адключаная сувязь і электрычнасць, міліцыя спрабуе ўварвацца ў кватэры. Супрацоўнікі міліцыі не паведамляюць, на якіх падставах спрабуюць затрымаць маладых людзей.

Ва універсаме «Цэнтральны» ў Менску затрыманыя дэмакратычныя актывісты Франак Вячорка, Павал Прывалаў і іхні гомельскі сябар, прозвішча якога не называецца.

Адзін з міліцыянтаў, які праводзіў затрыманне, прадставіўся як Уладзімір Дзем'янкоў і абвясціў затрыманым, што яны падобныя да злачынцаў, якія здзейснілі цяжкае злачынства, паведамляюць праваабаронцы.

Слонімскага актывіста затрымалі ў лякарні. Барыс Кучынскі знаходзіўся па справах у лякарні. Там да яго падышлі міліцыянты і запатрабавалі прад'явіць дакументы, а потым загадалі прайсці з імі.

Полацкага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктара Калесніка міліцыянты затрымалі, спыніўшы маршрутку «Полацк-Менск». Затрыманне адбылося ў дзесяці кіламетрах ад Полацка. Актывіста перасадзілі ў службовую машыну, не патлумачыўшы прычын затрымання. Куды вязуць і навошта, не паведамілі.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках