27 снежня 2024, Пятніца, 13:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Міхалок: «Ідзе культурны генацыд»

95
Сяргей Міхалок: «Ідзе культурны генацыд»

Слова апалітычны ў сітуацыі з сённяшняй Беларуссю губляе на дадзены момант ўсялякі сэнс, піша лідэр групы «Ляпіс Трубяцкі».

Чалавек, які сябе так называе апрыёры становіцца ў адзін шэраг са слугамі сучаснага беларускага рэжыму.

Я быў у адной менскай кавярні і бачыў часопіс, у якім быў топ-50 самых паспяховых людзей Беларусі. Сярод іх я не знайшоў ні аднаго мастака, драматурга, паэта, гiсторыка, вучонага, мысляра, касманаўта, героя працы. Уся эліта і багема сучаснай Беларусі складаецца з нейкіх гламурных рэстаратараў, нейкіх уладальніц вясельных салонаў і касметалагічных кабінетаў, дырэктараў буцікоў і двух-трох папугаяў з беларускага тэлебачання. Атрымліваецца, што нашая эліта - гэта бяздумны развясёлы мажорны натоўп, які адплясвае на шматлікіх рэйвах і шансон-канцэртах. Усё, што звязана са свежымі ідэямі, адкрыццямі, сапраўдным мастацтвам - усё гэта знаходзіцца ў глыбокім андэрграўндзе.

У сувязі з гэтым мне падаецца, што ў Беларусі ідзе нейкі культурны генацыд. Я ведаю, што шматлікія цяпер з'язджаюць на Захад - вучыцца, працаваць, таму што не бачаць перспектыў унутры краіны. Бо на самой справе ўсе гэтыя чорныя спісы можна працягваць да бясконцасці. Кожны разважны, прыстойны, інтэлігентны чалавек любой прафесіі можа ўносіць сябе ў чорны спіс. Такіх, як мы, проста выжываюць з краіны. Нам не даюць спяваць, іншым не даюць займацца мастацтвам, навукай, бізнесам. І калі ад нас раней патрабавалася маўчанне, то зараз нас адсюль проста выганяюць.

Я хачу парэкамэндаваць ўсім беларусам прачытаць самую галоўную для сучаснай Беларусі кнігу. Яна напісаная 50 гадоў таму чалавекам, які ніколі не быў у нашай краіне, але ён вельмі падрабязна яе апісаў. Кніга называецца «1984», аўтар - Джордж Оруэл.

А зараз вернемся да рок-н-ролу. Калі ідэолагі і работнікі культуры, афіцыйныя асобы лічаць, што «Ляпіс Трубяцкой», NRM, «Нейра Дзюбель», Naka, Вайцюшкевіч нявартыя высокага звання рок-музыкі, то няхай яны па метадзе «Фабрыкі зорак» набяруць з ліку БРСМ-актывістаў, самадзейных талентаў, апрануць іх у скураныя ўборы па ўзору галоўнага рокера нашай краіны Дзядзіі Вані. Няхай выдатныя кампазітары Алег Елісеенкаў, Макс Алейнікаў і іншыя напішуць ім рок-песні, паставяць ім цуда-цветамузыку, якую я бачыў на розных афіцыйных мерапрыемствах, а потым з дапамогай дубінак і электрашокераў заганяюць на гэтыя канцэрты моладзь. Таму што ўсе гэтыя афіцыёзныя мерапрыемствы і бясплатна нікому не патрэбныя.

Сяргей Міхалок

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках