15 лiстапада 2024, Пятніца, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Натальлю Радзіну выклікаюць ў КДБ

7
Натальлю Радзіну выклікаюць ў КДБ

Сёньня рэдактарка сайту "Хартыя97" Натальля Радзіна выкліканая ў Менск ў КДБ для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях паводле яе справы.

Журналістка не выключае, што ёй выставяць канчатковае абвінавачаньне, паведамляе Радыё Свабода.

Сьледчае дзеяньне з удзелам Радзінай паводле папярэдняй інфармацыі мае пачацца аб 11 гадзіне. Але што гэта будзе – допыт, вочная стаўка ці выставяць канчатковае абвінавачаньне і пачнуць знаёміць з крымінальнай справай – сьледчы, які выклікаў Натальлю, не патлумачыў. Натальля Радзіна мяркуе, што хутчэй ёй выставяць абвінавачаньне.

"Паколькі ня кажуць, што допыт, яўна будзе канчатковае абвінавачаньне, і я пачну знаёміцца са справай. Справы прысьпешваюць, судовы канвэер працуе хутчэй, са справамі знаёмяць кандыдатаў на прэзыдэнта, верагодна, вырашылі перайсьці да журналістаў і паквітацца зь імі”.

Натальля Радзіна ўжо 2 месяцы жыве ў Кобрыне (Берасьцейская вобласьць), у бацькоўскім доме, пад падпіскай аб нявыезьдзе. За гэты час мясцовыя міліцыянты некалькі разоў папярэджвалі журналістку пасьля яе выступаў у мэдыях. Маўляў, за "лішнія словы" яе могуць вярнуць туды, дзе яна ўжо адбыла амаль паўтара месяца – у СІЗА КДБ. Пры гэтым ніводнага допыту ці іншых сьледчых дзеяньняў з удзелам Радзінай пасьля вызваленьня з турмы не было.

"Таму я і мяркую, што, верагодна зараз яны ўжо падрыхтавалі справу. Што там можа быць – не магу ўявіць. Бо нешта мне выставіць, абвінаваціць мяне ў арганізацыі – гэта верх абсурду. Прыехаць я мушу сама. Арыентавацца на 11 раніцы. Але гэта не канчатковы час. Магчыма да абеду, ці пасьля. Дамовіліся са сьледчым, што з раніцы я пазваню і скажуць дакладна час і месца. Прынамсі, месца ўжо вядома – гэта КДБ”.

30 сакавіка шасьці абвінавачаным ў справе падзеяў 19 сьнежня выставілі новае абвінавачаньне. Былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, актывістаў ягонага штабу Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуту і Сяргея Вазьняка, а таксама яшчэ аднаго былога кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага і актывістку ягонага штабу, намесьніцу кіраўніка “Маладога фронту” Насту Палажанку цяпер вінавацяць паводле 342 артыкулу – гэта арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны удзел у іх. Максымальнае пакараньне – 3 гады зьняволеньня, а мінімальнае – грашовы штраф.

Разам з тым кандыдатам на прэзыдэнта Андрэю Саньнікаву, Мікалаю Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу канчаткова выстаўленыя найбольш сур'ёзныя абвінавачаньні -- арганізацыя масавых непарадкаў. Максымальнае пакараньне - 15 год зьняволеньня. Рэдактарка сайту “Хартыя – 97” Натальля Радзіна ўваходзіла ў выбарчы штаб Саньнікава. Ці закране "паслабленьне" журналістку, стане вядома сёньня, 31 сакавіка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках