27 снежня 2024, Пятніца, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Дэмеш: Саннікаў для Лукашэнкі - самы небяспечны канкурэнт

19
Павал Дэмеш: Саннікаў для Лукашэнкі - самы небяспечны канкурэнт

Адна з вядучых газет Славакіі «Pravda» апублікавала артыкул пра зняволенага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

Артыкул выйшаў пад загалоўкам: «15 гадоў турмы пагражае Андрэю Саннікаву. Да вязня Лукашэнкі на дзень нараджэння не пусцілі нават сына».

Андрэй Саннікаў ўжо амаль 80 дзён у зняволенні. Кандыдату ў прэзідэнты Беларусі, якога арыштавалі ў снежні мінулага года падчас дэманстрацыі апазіцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, учора споўнілася 57 гадоў. Былы намеснік міністра замежных спраў не толькі не мог адсвяткаваць свой дзень народзінаў, але не мог таксама асабіста прыняць віншаванні ад сваіх бліжэйшых сваякоў. Да яго не пускаюць ні каго з сям'і, нават маленькага сына Данііла. Мець зносіны з ім забаранілі і адвакату.

Саннікава абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, за што яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зняволення. Не выключана, што яго асудзяць на шмат гадоў турмы, што ў інтэрв'ю «Вашынгтон Пост» не выключыў Аляксандр Лукашэнка, якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы. «Саннікаў і ягоная жонка былі арыштаваныя як галоўныя адказныя за арганізацыю беспарадкаў», - сказаў ён у інтэрв'ю, прычым ухіліўся ад канкрэтнага адказу, ці гатовы ён памілаваць іх: «Чалавек, у якога дзеці, павінен пра іх думаць і разлічваць на наступствы, перш чым рабіць нейкія крокі. Калі прыйдзе час, я скажу, ці скарыстаюся гэтым правам».

Славацкая эксперт па Беларусі, былы кіраўнік МЗС Павал Дэмеш мяркуе, што Саннікаў для Лукашэнкі, верагодна, самы небяспечны апанент. «Таму ён даў загад жорстка яго збіць пасля выбараў і засадзіць у турму, КДБ, дзе той чакае суду», - упэўнены Дэмеш. Палітык таксама падкрэсліў, што да Саннікава нікога не дапускаюць: «Калі маці хацела перадаць яму пасылку, ахоўнікі не прынялі прадукты».

Жонка Саннікава, Ірына Халіп, таксама знаходзілася ў следчым ізалятары і толькі нядаўна ёй дазволілі знаходзіцца пад хатнім арыштам. Гэта відавочны вынік міжнароднага ціску, бо яна з'яўляецца маці маленькага Данііла. Спачатку органы нават меркавалі, што раз абодва бацькі за кратамі, іхні трохгадовы сын будзе адпраўлены ў дзіцячы дом, хоць аб ім часова клапацілася ягоная бабуля.

Бацька Ірыны, Уладзімір, сцвярджае, што Данііл без бацькі паводзіць сябе мужна. «Заявіў, што пакуль ён будзе ў сям’і галоўным. У ягоных паводзінах гэта адлюстроўваецца так, што ён больш слухаецца маму і больш ёй дапамагае», - сказаў для беларускага партала Хартыя'97 Уладзімір Халіп. Данііл не можа дачакацца таты: «Калі ён вернецца, хлопчык хоча замовіць таксі і паехаць разам з ім у высокі шкляны будынак, бо любіць ездзіць на панарамным ліфце», - дадае партал.

Таксама як і Саннікаў, у турмах знаходзяцца яшчэ прыблізна 40 крытыкаў рэжыму. «Да гэтага часу маючых месца заяваў і санкцый ЕЗ не дастаткова, іх трэба будзе пашырыць. Калі Лукашэнка не адпусціць на свабоду несправядліва пераследаваных палітычных зняволеных, трэба прыступіць да ўплыву праз эканамічны базіс ягонай улады, які з'яўляецца ахілесавай пятой тырана», - заўважыў Дэмеш, намякаючы на эканамічныя санкцыі.

Сіла волі ў Саннікава заўсёды была

Любамір Рэгак, Часовы павераны ў справах Славакіі ў Беларусі ў 2006-2008 гг:

- У Андрэі Саннікаве мне імпануе ягоная смеласць, з якой ён ідзе на дубінкі. Я ў ім цаню цвярозае ўсведамленне неабходнасці еўрапейскага шляху Беларусі. Я занепакоены апошнімі паведамленнямі аб стане ягонага здароўя ў следчым ізалятары. Яго можна зразумець па спісе дазволеных да перадачы прадуктаў. На снежаньскай дэманстрацыі Саннікаў, верагодна, быў сур'ёзна паранены. Доступу да яго няма нават у яго адваката Паўла Сапелкі, якога паміж тым выключылі з Менскай гарадской калегіі адвакатаў, каб ён не мог абараняць палітычных зняволеных. Моцнае здароўе цяпер - тое галоўнае, што трэба пажадаць Андрэю, таму што сіла волі ў яго заўсёды была. А з вызваленнем яму павінныя дапамагчы ўсе мы, каму не абыякавы лёс беларускага народа.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках