16 лiстапада 2024, Субота, 3:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады вырашыліся на эксперымент: «чарнілы» забароняць на два месяцы

62
Улады вырашыліся на эксперымент: «чарнілы» забароняць на два месяцы

Эксперыментальнай пляцоўкай стане Случчына. Прадстаўнікі Менаблвыканкама храбрацца і заяўляюць, што абурэння пэўнай часткі насельніцтва не баяцца.

У межах эксперыменту Менаблвыканкама на Случчыне на два месяцы будзе забаронена прадаваць пладова-ягадныя віны. Забарона ўступае ў сілу ў чэрвені. Акрамя таго, Менаблвыканкам прапануе забараніць рэалізацыю алкагольных напояў у вобласці асобам, якія не дасягнулі 21 года.

- Эксперыментальная забарона на продаж пладова-ягадных вінаў - частка дзяржаўнай праграмы па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам, - сказаў «Салідарнасці» намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Шчацько.

Прымаючы рашэнне аб забароне «чарнілаў», чыноўнікі меркавалі, што яно выкліча незадаволенасць пэўнай часткі насельніцтва. «Але вялікая частка будзе задаволеная, - лічыць Віктар Шчацько. - Вось вы п'яце чарнілы?».

Случчакі актыўна абмяркоўваюць новаўводзіны на сайце рэгіянальнай газеты «Інфа-Кур'ер». Некаторыя лічаць забарону на продаж «чарнілаў» памылкай уладаў. «Калі простаму чалавеку не даць выпіць таннага віна, забраць у яго амаль адзіны сродак пасля працоўнага дня, ён перастане верыць БТ і ОНТ і пачне думаць: што ж гэта ў краіне робіцца, куды зніклі «абяцанкi-цацанкi» павелічэння жыццёвага ўзроўню. Глядзіш, і ў Інтэрнэт палезе, а там розныя апазіцыйныя сайты. Колькасць удзельнікаў «пятай калоны» можа значна павялічыцца. Куды ж глядзяць БРСМ і ідэалогія?».

Іншыя мяркуюць, што гандаль зможа трымаць удар за кошт павелічэння продажу піва - эксперымент жа ж нездарма праводзяць летам. Акрамя таго, спажыўцы чарнілаў могуць выстраіцца ў чаргу да самагоншчыкаў або «затарыцца» у суседніх раёнах.

Пакуль падобных аналагаў барацьбы з п'янствам, акрамя дзён цвярозасці, у Беларусі ўлады не праводзілі. Да гэтага часу ў Беларусі была толькі адна зона цвярозасці - вёска Мосар. «Ксёндз Ёзэф Булька мог прысароміць вяскоўцаў так, што набытую выпіўку людзі неслі назад у краму, - пісаў у сваім блогу журналіст Глеб Лабадзенка. - Гэтыя распіскі захоўваюцца ў створаным Булькам музеі цвярозасці. Ксёндз хадзіў ад хаты да хаты і пераконваў людзей не піць алкаголь, не расплочвацца бутэлькай з трактарыстам за пасяўную, не ператвараць святы ў папойкі».

Пакуль улады змагаюцца з ужываннем «чарнілаў» ў асобна ўзятым горадзе, статыстыка сведчыць аб росце вытворчасці алкаголю ў краіне.

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, вытворчасць алкаголю з 1990 да 2009 года ўзрасла ў два з нечым разы - з 5,6 да 11,3 млн. дэкалітраў. Аб'ём вытворчасці пладовага віна (уключаючна з напоямі) за гэты перыяд павялічыўся амаль у дзвесце разоў (!) - з 0,1 да 19.100.000 дэкалітраў.

Па інфармацыі Белстата, на пачатак 2011 года на 100 тысяч беларусаў прыходзілася 2,1 тысячы хворых на алкагалізм і алкагольныя псіхозы.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках