26 снежня 2024, Чацвер, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ патрабуе спыніць пераслед журналістаў

1
БАЖ патрабуе спыніць пераслед журналістаў

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) выступіла з заявай, у якім патрабуе спыніць у Беларусі пераслед СМІ і журналістаў.

"Улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб прымусіць замаўчаць тыя нешматлікія вольныя галасы, што яшчэ засталіся на беларускім інфармацыйным полі. На жаль, не сталі выключэннем і трагічныя падзеі ў Менску 11 красавіка", - гаворыцца ў распаўсюджанай 21 красавіка прэс-службай БАЖ заяве, паведамляе БелаПАН.

У прыватнасці, адзначаецца ў дакуменце, толькі за апошнія 10 дзён Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні недзяржаўным газетам "Наша ніва" і "Народная воля" (14 і 15 красавіка адпаведна). 12 красавіка папярэджанні ад пракуратуры і КДБ атрымалі галоўны рэдактар ​​інтэрнэт-газэты "Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар ​​рэгіянальнай газеты "Бабруйскі кур'ер" Анатоль Саноценка, 18 красавіка - галоўны рэдактар ​​газеты "Наша ніва" Андрэй Скурко, 19 красавіка - выданне "Наша ніва", галоўны рэдактар ​​маланакладнай газеты "Вольны горад" (Крычаў) Сяргей Няроўны. Акрамя таго, затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці сябры БАЖ Вольга Карач, Павел Левінаў і Алег Баршчэўскі. На некаторых пасля затрымання склалі пратаколы аб "падазрэнні ў здзяйсненні тэракту 11 красавіка ў менскім метро".

"З вуснаў дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць гучаць пагрозы на адрас журналістаў па прыцягненні да адказнасці за "танцы на касцях". Падобна да таго, што так ўлады расцэньваюць любыя каментары і версіі, якія па нейкіх прычынах не задавальняюць афіцыйныя асобы", - гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, БАЖ асцерагаецца, што сітуацыя будзе выкарыстаная для абмежавання абарачэння інфармацыі ў Інтэрнэце. Так, ужо абмяжоўваўся доступ да сайтаў "Хартыя'97" і "Беларускі партызан". Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі заяўляў аб неабходнасці "заканчваць з безадказнасцю у блогах, сацыяльных сетках і іншых інтэрнэт-пляцоўках", адзначаюць сябры асацыяцыі.

Праўленне арганізацыі лічыць, што гэтыя падзеі "нельга разглядаць па-за кантэкстам той хвалі рэпрэсіяў супраць журналістаў, якая пачалася ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г.". У БАЖ нагадваюць, што шасцёра сябраў арганізацыі "абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах - удзеле ў "масавых беспарадках" альбо арганізацыі "дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак". Гэта Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Аляксандр Фядута, Сяргей Вазняк, Павел Севярынец і Зміцер Бандарэнка. Журналіст Аляксандр Атрошчанкаў ужо асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сябар БАЖ Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў паклёпе і абразе прэзідэнта і змешчаны ў турму да суду, адзначаюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках