28 снежня 2024, Субота, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перад «Чарнобыльскім шляхам» спецназ ачапіў цэнтр Менску

47

(абноўлена) Так спецназовы збіраліся спыніць акцыі, прысвечаныя 25-й гадавіне аварыі на ЧАЭС.

Як перадаюць карэспандэнты агенцтва «Інтэрфакс-Захад», прадстаўнікі праваахоўных органаў прыбылі на пляцоўкі, заяўленыя апазіцыяй як месца правядзення акцый у цэнтры Менска: плошчу Якуба Коласа і на плошчу ля Нацыянальнай акадэміі навук (НАН). Так, у дварах ў раёне плошчы Я. Коласа стаялі некалькі мікрааўтобусаў з супрацоўнікамі міліцыі. На вуліцы П. Броўкі была забароненая паркоўка, там стаялі тры «аўтазакі» (аўтафургоны для перавозкі зняволеных), некалькі аўтобусаў ПАЗ з таніраваным шклом, у якіх знаходзіліся супрацоўнікі спецназа. На поручнях аўтобусаў віселі шлемы з магчымасцю падлучэння радыёсувязі. Акрамя таго, прыехаў мікрааўтобус з супрацоўнікамі ДАІ.

Плошча каля НАН была абгароджаная жалезнымі бар'ерамі. Выхад з метро да НАН закрыты. Уздоўж загароды хадзілі супрацоўнікі спецназа з мегафонамі. На процілеглым баку плошчы стаялі хуткая, эвакуатар і аўтамабіль ДАІ.

Дазволены мітынг праходзіць у парку Дружбы народаў, на некаторым выдаленні ад цэнтра горада. Удзельнікаў мітынгу супрацоўнікі міліцыі правяралі з дапамогай металадэтэктараў.

Тэрыторыя на плошчы Бангалор, вылучаная для акцыі, была абнесеная металічнымі загародамі, супрацоўнікі міліцыі прапускалі людзей ўнутр пасля дагляду рэчаў і праверкі металашукальнікам.

Усіх удзельнікаў акцыі пры гэтым здымалі на відэа.

Пры ўваходзе на тэрыторыю, на якой запланаванае правядзенне акцыі, супрацоўнікі міліцыі затрымалі мужчыну са скрыняй для інструментаў, але праз некаторы час, зафіксаваўшы на відэа яго і змесціва скрыні, прапусцілі.

Па дадзеных «Радыё Свабода», у акцыі прынялі ўдзел каля тысячы чалавек. З палітычных лідэраў на мерапрыемства прыбылі кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня стваранай партыі БХД Віталь Рымашэўскі, арганізатары партыі «Беларускi Рух» Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка і Юрый Хадыка, лідэры незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч і Аляксандр Бухвостаў .

Удзельнікі акцыі трымалі плакаты «Чарнобыль, Фукусіма - што далей?», «Астравецкая АЭС - дзякуй, не трэба», «Нам не патрэбны другі Чарнобыль», «Хопіць выбухаў», а таксама бел-чырвона-белыя сцягі.

У сваім выступе на мітынгу арганізатар акцыі «Чарнобыльскі шлях» Юрый Хадыка адзначыў, што ўсе папярэднія гады гадавіна трагедыі адзначалася шэсцем, але ў гэтым годзе ўлады абмежаваліся дазволам на «мітынг маўчання» ў парку Дружбы народаў. Гаворачы аб аварыі на ЧАЭС, ён назваў яе «сусветнай катастрофай», спаслаўшыся на словы кіраўніка Расеі Дзмітрыя Мядзведзева, што з 829 тысяч ліквідатараў жывымі засталіся крыху больш за 200 тысяч. Хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць навукоўцаў Івана Нікітчанкі і Васіля Несцярэнкі, а таксама памерлых ліквідатараў.

Прафесар Георгій Лепін заявіў на мітынгу, што практычна ўсе беларусы спажываюць радыяцыйна забруджаныя прадукты, якія вырабляюцца ў тым ліку і ў непасрэдна забруджаных рэгіёнах. «Усе мы - чарнобыльцы, усе мы пакутуем ад той страшнай аварыі, бо носім у сабе сляды Чарнобыля», - сказаў Лепін.

У часе мітынгу была прынятая рэзалюцыя з заклікам да беларускіх уладаў адмовіцца ад будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках