27 снежня 2024, Пятніца, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы суткамі стаяць у чэргах, каб купіць валюту

29
Беларусы суткамі стаяць у чэргах, каб купіць валюту

У Магілёве, каб набыць валюту, людзям ля абменных пунктаў прыходзіцца прастойваць суткамі.

Каля пункта абмену валют ў адным з буйных магілёўскіх гандлёвых цэнтраў дзве дзяўчыны разгарнулі аркуш паперы, на якім пазначаныя 40 прозвішчаў. Гэта і ёсць чарга, паведамілі яны. Казаць пра яе арганізацыі адмовіліся. Параілі звярнуцца да мужчын. Трое мужчын неахвотна, але ўсё ж пагадзіліся пагутарыць, перадае БелаПАН.

Карэспандэнт: «Колькі трэба стаяць, каб, напрыклад, набыць 100 даляраў?»

Мужчына: «Па двое сутак, а тое і па трое».

Мужчына: «Я вось пазаўчора, каб сто баксаў купіць, дзень стаяў. Хтосьці здае, а мы адразу купляем».

Карэспандэнт: «Мужчыны ў асноўным стаяць ці жанчыны?»

Мужчына: «Усе ёсць. І людзі ва ўзросце 70 гадоў стаяць, і па 20. Мы вось прадпрымальнікі. Мы ўсё нешта прадаем. Нам тавар трэба набываць».

Мужчына: «Мы тавар набываем за валюту. А ў нас цяпер толькі беларускія рублі. Куды іх дзяваць? Патрэбная валюта. А яе няма. Прыходзіцца стаяць. У валютчыкаў купляць небяспечна і дорага».

Мужчына: «Зараз жа новы закон. Першы раз трапіўся - штраф да 100 базавых велічынь. А другі раз - ужо турма да шасці гадоў».

Карэспандэнт: «Валютчыкі па якім курсе прапануюць даляр?»

Мужчына: «Чатыры тысячы за даляр. А еўра - пяць тысяч».

Карэспандэнт: «А ці можна сказаць, што сітуацыя з валютай спарадзіла новую прафесію - стаянне ў чарзе за валютай?»

Мужчына: «Не, хутчэй адрадзіла старую».

Карэспандэнт: «Як вы думаеце, колькі такая сітуацыя яшчэ будзе доўжыцца?»

Мужчына: «Мне здаецца, што цяпер - заўсёды».

Мужчына: «Сітуацыя стала такой некіравальнай ў фінансавым плане. Чакаюць усе абяцанага Расеяй крэдыту. Але мы не ўпэўненыя, ці дапаможа гэты крэдыт чым-небудзь».

Гутарку маладыя людзі нечакана перапынілі. Захваляваліся. У гандлёвым цэнтры двое міліцыянтаў сочаць за парадкам. Яны тут з'явіліся адразу пасля тэракту ў Менску. Іх з'яўленне і ўстрывожыла мужчын.

Валютныя чэргі арганізуюцца ва ўсіх буйных гандлёвых цэнтрах Магілёва. У тым ліку ва ўнівермагу і ў будынку білетных кас чыгуначнага вакзала. Часцей за ўсё на вакзале і ўзнікаюць канфлікты і нават бойкі, бо «абменнік» працуе круглыя ​​суткі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках