26 снежня 2024, Чацвер, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

"У калёніі Алесь убачыў футбольнае поле..."

5
"У калёніі Алесь убачыў футбольнае поле..."

5 красавіка Менскі гарадзкі суд разгледзіць касацыйныя скаргі Алеся Атрошчанкава, Дзьмітрыя Новіка і Аляксандра Малчанава, якіх асудзілі да зьняволеньня за ўдзел ў падзеях 19 сьнежня.

Праваабаронцы "Вясны" дакладана ведаюць, што на 5 красавіка прызначаны разгляд скаргі Алеся Атрошчанкава і мяркуюць, што тады ж суд разгледзіць і касацыі Дзьмітрыя Новіка і Аляксандра Малчанава, якіх судзілі ў адным працэсе. Наста Лойка кажа пра пацьверджаньні гэтых зьвестак.

"Іх судзілі разам і скаргі яны дакладна падавалі ўсе тры. Вось родныя Дзьмітрыя Новіка гэта пацьвердзілі. Такім чынам усе тры скаргі разгледзяць".

Аляксандр Атрошчанкаў, Дзьмітры Новік і Аляксандр Малчанаў былі прызнаныя судзьдзёй Тацянай Чаркас вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня. Прэсавы сакратар штабу былога канддата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Атрошчанкаў нібыта ўдзельнічаў у штурме дзьвярэй Дому ўраду.

На відэа, якое паказалі ў судзе, гэтага, аднак, не было бачна: Атрошчанкаў толькі знаходзіцца ў натоўпе непадалёк ад уваходу ў Дом ураду, але ніякіх сілавых дзеяньняў ня робіць. Судзьдзя палічыла віну актывіста даказанай і асудзіла яго на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пакараньне Атрошчанкаў будзе адбываць ў калёніі "Віцьба-3".

Такія ж няпэўныя доказы былі прыведзеныя адносна кіроўцы амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў ў Беларусі Дзьмітрыя Новіка. Адзін з калегаў сьведчыў, што Дзьмітры званіў яму з мабільнага тэлефону. Тэлефон зафіксаваўся на плошчы. З,5 гады зьняволеньня. Калёнія, у якой вызначана сядзець Новіку – там жа пад Віцебскам, "Віцьба-2".

Працаўнік барысаўскага заводу БАТЭ Аляксандр Малчанаў прызнаў, што сарваў з будынку КДБ чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг, а замест яго павесіў бел-чырвона-белы. Яшчэ сьведкі бачылі Малчанаў на трактары камунальных службаў каля Плошчы Незалежнасьці, калі мітынговец размахіваў бел-чырвона-белым сьцягам. Але Малчанаў адмаўляе, што ўдзельнічаў у ламаньні дзьвярэй Дому ўраду. Суд зь ім не пагадзіўся. 3 гады зьняволеньня. Ужо вядома дзе – у Магілёўскай калёніі.

Калі б актывісты дагэтуль знаходзіліся ў ізалятары на Валадарскага, іх маглі б прывезьці ў суд. Але ўсе тры ўжо перавезены ў калёніі.

Жонка Алеся Атрошчанкава Дар'я Корсак распавяла: толькі што атрымала першы ліст ад мужа з "Віцьбы-3". "Алесь напісаў пра "Валадарку", пра этап і пра калёнію, якая ў параўнаньні з СІЗА КДБ, дзе яго трымалі амаль 3 месяцы, месца ўсё ж не такое жахлівае", -- кажа Дар'я Корсак.

"Напісаў, што там ёсьць стадыён. Паколькі ён вялікі аматар гэтай гульні, як я разумею, яму ногі чэшуцца пабегаць у футбол. Нават пабыўшы ўсяго дзень на "Валадарцы" ён пасьпеў пагуляць у турэмны футбол. Тое, што ў калёніі ёсьць стадыён, што ён убачыў траву, сонейка, мяркую, яго гэта ўзбадзёрыла".

Паводле Дар'і Корсак, яе муж Алесь Атрошчанкаў будзе ў лягерным карантыне да сярэдзіны красавіка. Гэта калі Менскі гарадкі суд не скасуе прысуд. Але Дар'я кажа, што па шчырасьці ў такі вынік касацыі ня верыць, хаця спадзяецца, што мужу паменшаць тэрмін зьняволеньня.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках