15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння ў Беларусі будуць судзіць адразу 5 кандыдатаў у прэзідэнты

12
Сёння ў Беларусі будуць судзіць адразу 5 кандыдатаў у прэзідэнты

11 мая паўстануць перад суддзямі ў розных судах Менска усе пяцёра кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

Палітыкі з'яўляюцца абвінавачанымі па так званай крымінальнай справе аб масавых беспарадках, паведамляе БелаПАН.

Так, у судзе Ленінскага раёна пачынаецца працэс над Мікалаем Статкевічам і Зміцерам Усам. Яны абвінавачваюцца ў «арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч. 1 арт. 293 КК).

Разам з кандыдатамі судзяць Аляксандра Квяткевіча, Зміцера Буланава, Андрэя Пазняка, Арцёма Грыбкова і Аляксандра Класкоўскага. Па версіі следства, яны з'яўляюцца «найбольш актыўнымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў». Першыя чацвёра абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Класкоўскаму прад'яўленае абвінавачванне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы).

Яшчэ адзін працэс над фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня пачынаецца сёння ў судзе Заводскага раёна Менска. Перад судом паўстануць Ірына Халіп - жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, карэспандэнтка расейскай «Новой газеты», Павел Севярынец - кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і Сяргей Марцалеў - кіраўнік штаба Мікалая Статкевіча.

Першапачаткова яны абвінавачваліся ў арганізацыі масавых беспарадкаў, аднак 4 красавіка ўсім траім абвінавачванне перакваліфікавалі на больш мяккае - па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Замест 15 гадоў ім пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя таго, у судах Фрунзенскага, Партызанскага і Маскоўскага раёнаў Менска працягнуцца працэсы над фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках, якія пачаліся на мінулым тыдні.

У судзе Партызанскага раёна слухаецца справа кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а таксама ўдзельнікаў акцыі Іллі Васілевіча, Алега Гнедчык, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменка. Яны абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).

У судзе Фрунзенскага раёна судзяць двух кандыдатаў у прэзыдэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сябраў ініхх каманд Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуту, Анастасію Палажанка і Сяргея Вазняка. Яны абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Вазняк акрамя гэтага абвінавачваецца па частцы 1 артыкула 401 КК (заведама ілжывае паказанне).

У судзе Маскоўскага раёна слухаецца справа яшчэ шасці ўдзельнікаў падзей 19 снежня - Зміцера Дароніна, Сяргея Казакова, Яўгена Сакрэта, Андрэя Федаркевіча, Уладзіміра Лобана і Віталя Мацукевіча. Яны абвінавачваюцца па частцы 2 артыкулу 293 КК (масавыя беспарадкі).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках