15 лiстапада 2024, Пятніца, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская бытавая тэхніка падаражала на 50%

80

Чэргі ўтварыліся не толькі ля абменнікаў, але і ў крамах бытавой тэхнікі.

Так, чарга на набыццё беларускай лядоўні ў фірмовай краме сёння складае 50 чалавек. Людзі падыходзяць да крамы загадзя – яшчэ да адкрыцця. І ствараюць адмысловыя спісы, каб ніхто не прайшоў без рэзервацыі. Новых завозаў найбліжэйшымі днямі не плануецца – за тыдзень у Менску скупілі месячны запас тэхнікі. “Ажыятаж хутка мусіць знізіцца, – кажа кансультант салону-крамы “Атлант”. – За дзень кошты ўзняліся да 3 000 000 руб. за холадню-лядоўню – гэта на 50 % больш, чым учора”. Сапраўды, самыя хадавыя мадэлі – лядоўні ХМ 6022 і ХМ 6024 – днямі каштавалі 1 980 000 руб., новы кошт – 2 990 000 руб.

Попытам карыстаюцца таксама тэлевізары, пральныя машыны, мікрахвалевыя печы. У гандлёвым цэнтры “На Нямізе” – пустыя прылаўкі. “У нас раскупілі нават фены, – кажа прадавачка. – Людзі прыходзяць па холадні, але калі не знаходзяць іх, пытаюцца, што яшчэ засталося, і па старых коштах літаральна змятаюць пыласосы, вентылятары і нават эпілятары”.

“Беларусы імкліва шукаюць, куды ўкласці свае грошы. Набыць валюту ўжо амаль нерэальна, проста адкладаць – неэфектыўна, а здаць у банк пад адсоткі – неперспектыўна: рубель абясцэньваецца з кожным днём, – гаворыць эканамістка Ірына Урбан. – Набываюць айчынную тэхніку, бо на замежную кошты імгненна ўзляцелі яшчэ месяц таму. Але цяпер відавочна, што і беларускія вытворцы шукаюць выгоду. Дарэчы, каля 50 % вырабаў тых жа прадпрыемстваў перапрафілюецца на экспарт – заводу патрэбная валюта не менш, чым беларускаму пакупніку”.

Паводле намесніка гендырэктара "Атланта" ў пытаннях эканомікі ды фінансаў Дзмітрыя Сакалоўскага, заяўкі на прадукцыю ў крамах фармуюць што два тыдні. Тавараведы не разлічвалі на такі ажыятаж, таму цяпер утвараюцца чэргі на холадні ды пральныя машыны. “Менскі завод холадняў працуе ў звычайным рэжыме, таму да чэрвеня мы задаволім усе заяўкі, якія нам паступілі на сёння, – падкрэсліў Дзмітрый Сакалоўскі ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат». – Кошты сапраўды ўзняліся, бо частку абсталявання і некаторыя дэталі мы набываем за мяжою, таму вытворчасць усё ж прывязаная да валютнага курсу. І для юрыдычных асобаў апошні тыдзень ён ужо дасягае 7 000 руб.”.

Падобная сітуацыя назіралася ў 2009 годзе, падчас папярэдняй дэвальвацыі беларускага рубля. Але тады вытворцы ды крамы не былі гатовыя да ажыятажу, таму кошты на тэхніку заставаліся на месцы. Сёлета прадаўцы ўлічылі папярэдні досвед і маюць намер пераацэньваць тавар і надалей. “Людзі пытаюць нас, ці будзе заўтра яшчэ даражэй, чым сёння, але мы не можам нічога ім гарантаваць. Загад пра пераацэнку прыходзіць імгненна ад кіраўніцтва. Здараецца, што робім яго падчас тэхналагічнага перапынку”, – адзначылі ў салоне “Гарызонт”.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках