26 снежня 2024, Чацвер, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гонар ці прыбытак. У Лондане пікетавалі McDonald's (Фота)

47

Акцыя пратэсту была выкліканая удзелам менскага рэстарана ў судовых працэсах над удзельнікамі Плошчы.

У сераду, 18 мая, на працягу чатырох гадзін - з 15.00 да 19.00, удзельнікі кампаніі Free Belarus Now! праводзілі акцыю «Гонар ці прыбытак» ля ўваходу ў рэстаран хуткага харчавання McDonald's, размешчанага ў цэнтры Лондана.

Акцыя пратэсту была справакаваная удзелам менскага рэстарана ў судовых працэсах над удзельнікамі Плошчы. Да справаў падсудных былі далучаныя заявы рэстарана McDonald's і крамы «Евросеть» пра ўпушчаны прыбытак увечары 19 снежня, калі ў Менску праходзіла акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Лонданскую акцыю пратэсту арганізавалі грамадзянская кампанія Free Belarus Now! і Беларускі Свабодны тэатр. Яе мэтай стала прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы выбару бізнес-структур паміж прыбыткам і гонарам. Каардынатар кампаніі Free Belarus Now! Ірына Багданава, сястра прысуджанага да 5 гадоў турэмнага зняволення кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, каментуючы акцыю, сказала: «Мы спадзяваліся, што на працягу судовых працэсаў кампанія McDonald's недвухсэнсоўна адмяжуецца ад задумы ўладаў па ўцягванні камерцыйных структур у брудную палітычную гульню. Сённяшнюю акцыю мы праводзім для таго, каб бізнэс-структуры цвяроза ацэньвалі рэчаіснасць, і разумелі, што іхняя дзейнасць знаходзіцца пад кантролем грамадства».

У акцыі прынялі ўдзел актывісты кампаніі Free Belarus Now!, удзельнікі трупы Беларускага Свабоднага тэатра, беларускія і брытанскія грамадскія дзеячы. Падчас акцыі былі раздадзеныя сотні ўлётак, якія інфармуюць аб сітуацыі ў Беларусі, аб рэпрэсіях супраць палітычных актывістаў і грамадскіх дзеячаў.

Напярэдадні акцыі артыкул аб сітуацыі вакол удзелу рэстарана McDonald's ў беларускіх судовых працэсах быў апублікавана ў адной з вядучых брытанскіх газет - Independent.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках