16 лiстапада 2024, Субота, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску працягваюць шукаць "лябараторыю" тэрарыстаў

15
У Віцебску працягваюць шукаць "лябараторыю" тэрарыстаў

У жылым раёне ДСК, дзе жылі двое абвінавачаных у тэракце пасьля выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка, пачалася прымусовая "інвэнтарызацыя" сутарэньняў жылых дамоў.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што міліцыя такім чынам зьбіраецца правесьці шэраг несанкцыянаваных ператрусаў, паведамляе Радыё Свабода.

Аб’явы пра "інвэнтарызацыю гаспадарчых сутарэньняў" зьявіліся на дамах па вуліцы Рэпіна ў Віцебску, у тым ліку і на тых, дзе жылі двое хлопцаў, абвінавачаных у арганізацыі выбуху ў менскім мэтро. На паперках, прымацаваных да дзьвярэй у пад’езд, напісана, што з 16 па 31 траўня штодня кватэранаймальнікам трэба забясьпечыць вольны доступ у свае катушкі ў агульным сутарэньні для работнікаў мясцовага ЖЭУ № 16 і супрацоўнікаў міліцыі.

Прычым зь якога райаддзелу прыйдуць міліцыянты — невядома, затое падкрэсьлена, што ў адсутнасьць гаспадароў з ключамі замкі могуць ускрыць гвалтоўна.

Аб’явы зьявіліся толькі 18 траўня, хоць кампанія "інвэнтарызацыі" пачалася яшчэ тры дні таму, распавядае жыхар аднаго з дамоў па вуліцы Рэпіна:

"Звоніць міліцыянт у дзьверы, пытаецца: "У вас есьць катух у сутарэньні?" Кажу, што ёсьць, спускаюся. Некалькі чалавек у падвале ходзяць, і нейкі дзядзька пэндзлікам крэмзае на дзьвярох нумары. Міліцыянт пытаецца: "Ну, дзе твой катух? Пайшлі!". А каму гэта якая справа, што ў мяне там ляжыць? Колькі ў мяне там бульбы захоўваецца дый увогуле што ў мяне там ёсьць?"

Катушок у агульным сутарэнні — гэта адгароджанае памяшканьне памерам прыкладна два на два мэтры. Па БТ неаднойчы гучна заяўлялася, што менавіта ў такім катуху знайшлі лябараторыю па вырабе выбухоўкі, якую злачынцы-тэрарысты потым выкарысталі ў менскім мэтро. Аднак знойдзеную лябараторыю па тэлебачаньні так і не паказалі, хоць пошукі яе, верагодна, працягваюцца. Прычым — незаконным шляхам, лічыць віцебскі праваабаронца Павал Левінаў:

"Я мяркую, што гэта прыхаваная форма несанкцыянаваных ператрусаў. Бо ёсьць правілы ЖКГ: так, наймальнікі і ўласьнікі абавязаныя забясьпечыць, каб у сутарэньне трапілі работнікі, якія займаюцца абслугоўваньнем ці рамонтам жыльлёвага фонду — але ніяк не супрацоўнікі РАУС. І — толькі для правядзеньня праверак тэхнічнага і санітарнага стану, правядзеньня рамонтных і аварыйных прац. Ні пра якую "інвэнтарызацыю", а тым больш пра самавольнае ўскрыцьцё замкоў у гэтым нарматыўным дакумэнце не гаворыцца".

Каб законным чынам паглядзець, што захоўваецца ў кожным прыватным катушку, супрацоўніку міліцыі трэба мець санкцыю на ператрус, нагадвае праваабаронца. Або няхай глядзяць звонку: колькі ёсьць катухоў, абмяраюць іх, перапісваюць, у тым ліку і ў прысутнасьці міліцыянтаў, — але не патрабуюць, каб іх пусьцілі ўсярэдзіну.

Паводле аб’явы, на "інвэнтарызацыю" могуць прыйсьці цягам двух тыдняў, прычым штодня. Такім чынам, калі чалавек сышоў на працу і "не забясьпечыў доступ", замок могуць зламаць ды ўвайсьці, разважае маці аднаго з хлопцаў, якіх вінавацяць у тэракце:

"З 16 па 31 чакаць іх? Які жах! У нас жа ўжо двойчы ўсё глядзелі: першы раз ноччу, калі быў ператрус, а потым і другі раз спускаліся ў сутарэньне. У мяне там нічога няма. І такі там замочак, што клямку аднімі — і ламаць ня трэба. Дык, можа, у нас ужо палазілі?"

Маці абвінавачанага ў тэракце абураецца, бо першы ператрус, які адбыўся ўночы 13 красавіка, быў належным чынам задакумэнтаваны, а другі, яшчэ праз пару дзён, — не. Самой спадарыні дома не было, дык з працы выклікалі мужа, які ў кватэры нават не прапісаны, і ўсё глядзелі, а таксама нешта забіралі без аніякіх пратаколаў.

Ніхто дагэтуль ня ведае, што канкрэтна забралі пасьля другога ператрусу з кватэры абвінавачанага. Маці затрыманага кажа, што такім чынам у пералік нейкіх "доказаў" магло трапіць і тое, чаго ў кватэры ці сутарэньні насамрэч не было — бо мужу мінулым разам міліцыянты забаранілі кранацца зь месца, а двух сьведкаў увогуле прывезьлі з сабой.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках