27 снежня 2024, Пятніца, 13:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FAZ: Беларусь на краі бездані

180
FAZ: Беларусь на краі бездані

Аб эканамічным становішчы Беларусі піша Міхаэль Людвіг ў нямецкай газеце «Frankfurter Allgemeine Zeitung».

На думку аўтара, беларуская эканоміка знаходзіцца на краі бездані і апошняму дыктатару Еўропы тэрмінова неабходныя крэдыты ў валюце, якіх ён не атрымлівае ні з Захаду, ні - у неабходнай колькасці - з Расеі. Гэта прыводзіць да праблем на ўсіх франтах - «з самім сабой, з палітычнай апазіцыяй, з уласным насельніцтвам, а таксама з суседзямі, як на Захадзе, так і на Усходзе», прыводзіць пераклад артыкула «Радыё Свабода».

Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў мінулым годзе ў снежні, і адкрытага палявання на палітычных праціўнікаў Захад вырашыў, што не будзе весці перамовы з Лукашэнкам аб фінансавай падтрымцы да тых часоў, пакуль той не адпусціць на свабоду ўсіх палітвязняў, як ужо асуджаных, так і тых, якія знаходзяцца ў чаканні чарговага паказальнага працэсу. Аднак Лукашэнка відавочна не гатовы ісці на кампраміс, аб чым сведчыць ягонае нядаўняе выказванне на адрас кіраўніка Еўракамісіі Барозу, якога беларускі кіраўнік назваў «казлом». Акрамя таго, нагадвае аглядальнік газеты, існуе праблема даверу. Наўрад ці міжнародныя фінансавыя арганізацыі яшчэ раз купяцца на нічым не падмацаваныя абяцанні рэфармавання эканомікі Беларусі.

Расея, якая афіцыйна ўсё яшчэ будуе сумесную з Беларуссю «саюзную дзяржаву», павольна закручвае шрубкі. Аднак, тлумачыць Міхаэль Людвіг, зусім не дзеля абароны палітвязняў. Масква, карыстаючыся спрыяльным становішчам, пры дапамозе фінансавых уліванняў спрабуе дамагчыся «рэальнай інтэграцыі», а менавіта: паглынання Беларусі Расеяй. На днях, напрыклад, Масква прапанавала беларусам зрабіць нацыянальнай валютай расейскі рубель, праўда, без эмісійнага цэнтра ў Менску. Разам з тым былі агучаныя прэтэнзіі на другую палову пакета акцый стратэгічна важнай газатранспартнай кампаніі «Белтрансгаз», палова якой яшчэ застаецца ў руках беларускай дзяржавы, на нафтаперапрацоўчыя заводы і іншыя смачныя кавалкі беларускім эканомікі. Аднак цяжка паверыць, гаворыцца напрыканцы артыкула, што перспектыва эканамічнага і палітычнага ўключэння Беларусі ў склад Расеі падштурхне большасць беларусаў да супраціву менскаму рэжыму.

Напісаць каментар 180

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках