27 снежня 2024, Пятніца, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша Ніва»: Сёння хтосьці адкажа за Саннікава

18

Гэтым некім могуць стаць набліжаныя да Лукашэнкі бізнесмены.

23 мая, у панядзелак, Савет міністраў замежных справаў ЕЗ разгледзіць дадатковыя санкцыі супраць лукашэнкаўцаў.

Еўрапейцы стаяць перад складаным выбарам. З аднаго боку, на рэжым Лукашэнкі ўздзейнічаюць толькі эканамічныя аргументы, на словы ён увагі не звяртае. Прысуд кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву Еўропа не можа проста так пакінуць, піша газета «Наша Ніва».

З іншага боку, увядзенне эканамічных санкцый здольнае замарозіць адносіны Беларусі з ЕЗ на ўсіх узроўнях на доўгія гады. Лукашэнка ў адказ адсячэ апошнія нітачкі еўрапейскіх уплываў. Але можа здарыцца і як у выпадку з Мілошавічам, калі санкцыі прывялі да хуткага падзення аўтарытарнага рэжыму.

У выпадку ўвядзення Еўропай эканамічных санкцый ад лукашэнкаўцаў можна чакаць непрапарцыйнага адказу: яны ніяк не могуць дапячы уласна еўрапейскім краінам, але затое будуць адыгрывацца на беларуским незалежным грамадстве, якое вышэйшы кіраўнік не раз абвяшчаў «пятай калонай», лічачы, што праеўрапейскія сімпатыі здольныя падарваць манаполію на цяперашнюю ўладу ў Беларусі.

І ўсё ж за «казла», а тым больш Саннікава нехта павінен адказаць. Гэтым некім могуць стаць набліжаныя да Лукашэнкі бізнесмены.

Раней Еўропа не давала волі пачуццям, каб не штурхаць гэтых людзей - Чыжа, Пяфціева і да іх падобных - ў абдымкі Расеі. Сёння ўбачым, ці вычарпалася раней бясконцае трыванне Еўропы.

Беларусь праводзіць паслядоўна варожую палітыку ў дачыненні да Еўразвяза.

У мінулым годзе, напрыклад, на вучэннях у Беларусі адпрацоўваліся сцэнары ўварвання ў краіны ЕЗ для дапамогі Калінінградскаму анклаву. Беларускі рэжым разглядае ЕЗ не толькі як вымушанага эканамічнага партнёра, але і як патэнцыйнага праціўніка. Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, якая мае такі падыход. Беларусь таксама адзіная з еўрапейскіх краін, не ўвайшла ў Раду Еўропы - арганізацыю, якая апякуецца еўрапейскія каштоўнасці.

Нават на асабістым узроўні Беларусь вядзе ўпартую прапагандысцкую вайну. За выказванні кшталту тых, якія прагучалі ў адрас Барозу («казёл») у мінулых стагоддзях і вайну аб'яўлялі.

Цяпер, на шчасце, гарачых войнаў не будзе. Але халодная ўжо ідзе.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках