15 лiстапада 2024, Пятніца, 22:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крымінальная справа Анджэя Пачобута перададзеная ў суд Гародні

7
Крымінальная справа Анджэя Пачобута перададзеная ў суд Гародні

Крымінальная справа ў дачыненні журналіста «Газеты Выборчай» Анджэя Пачобута перададзеная ў суд Ленінскага раёна Гародні, па месцы жыхарства абвінавачанага.

Па словах адваката Аляксандра Бірылава, дата разгляду пакуль невядомая. Пачобута па-ранейшаму ўтрымліваюць у следчым ізалятары Гародні, паведамляе БелаПАН. «Звычайна дата суда прызначаецца прыкладна за два з паловай тыдні. Старшыня суда прызначае суддзю, тая знаёміцца ​​са справай, прызначае дату суду і выклікае сведак на пэўны дзень і пэўны час», - патлумачыў Бірылаў.

Нагадаем, журналісту «Газеты Выборчай» Анджэю Пачобуту прад'яўленае абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: часткi 1 артыкула 368 (абраза прэзыдэнта Беларусі) і па частцы 1 артыкула 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта).

Максімальнае пакаранне па першым артыкуле - чатыры гады пазбаўлення волі, па другім - два гады. Абвінавачванне прад'яўленае за публікацыі ў «Газеце Выборчай», на сайце «Беларускі партызан» і на старонцы ў «Жывым журнале».

6 красавіка журналіст быў затрыманы на трое сутак за парушэнне падпіскі аб нявыездзе. Пачобут збіраўся ў Менск для ўдзелу ў відэаканферэнцыі з дэпутатамі Еўрапарламента, каб распавесці пра пераслед з боку беларускіх уладаў. Пасля яму была абраная мера стрымання - утрыманне пад вартай.

Раней у інтэрв'ю БелаПАН Пачобут заяўляў: «Я лічу, што ніякай абразы Аляксандра Лукашэнкі я не дапушчаў. Так, у гэтых публікацыях змяшчаецца крытыка Лукашэнкі. Але мае публікацыі абраз не змяшчаюць - выключна крытыку. Можа быць, крытыка жорсткая, але абраз я не дапушчаў».

Варта адзначыць, што ў 2002 годзе ў судзе Ленінскага раёну Горадні асудзілі галоўнага рэдактара газеты «Пагоня» Мікалая Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйку, якія абвінавачваюцца ў паклёпе на прэзідэнта. Маркевіч быў прысуджаны да 2 гадоў 6 месяцаў абмежавання волі, Мажэйка - да 2 гадоў абмежавання волі. Па абвінавачванні ў публічнай абразе прэзідэнта ў 2004 годзе ў гэтым жа судзе пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады лідэраў прадпрымальніцкага руху Валера Леванеўскага і Аляксандра Васільева.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках