15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багданкевіч: Без вызвалення палітвязняў МВФ не дасць крэдыт

28
Багданкевіч: Без вызвалення палітвязняў МВФ не дасць крэдыт

Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч упэўнены, што ва ўладаў не атрымаецца атрымаць крэдыт ад МВФ, пакуль у Беларусі будуць працягвацца палітычныя рэпрэсіі.

У першыя дні лета беларускі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч патрапіў туды, дзе, па логіцы, даўно ўжо павінен быў знаходзіцца - на перадавіцы газет і ў галоўныя навіны інтэрнэт-рэсурсаў.

Асноўнымі падставамі апынуліся дзве: ягоная нефармальная сустрэча з экс-старшынём Нацбанка Станіславам Багданкевічам (якому была прапанаваная пасада эксперта ў Нацыянальнай акадэміі навук) і зварот у МВФ з просьбай аб прадастаўленні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры ад 3,5 да 8 мільярдаў даляраў. Ці былі абедзве гэтыя падзеі ўзаемазвязаныя, чым крэдыт МВФ лепш крэдыту Расеі і чаму прэм'ер-міністру спатрэбіліся кансультацыі?

Пра гэта «Ежедневник» папрасіў падзяліцца сваім меркаваннем Станіслава Багданкевіча:

- Станіслаў Антонавіч, вы на працягу многіх гадоў выступаеце за неабходнасць правядзення ў Беларусі рынкавых рэформаў і эканамічнай лібералізацыі. На днях у вас адбылася сустрэча з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам. Ці лічыце вы, што цяпер улада захоча слухаць аб рынкавых пераўтварэннях эканомікі?

- Адразу адзначу, я не прыняў прапанову аб шчыльным супрацоўніцтве. Я толькі сказаў, што калі патрэбныя мае кансультацыі, то я гатовы кансультаваць. Я не прыняў прапанову, па-першае, у сувязі з маім узростам, а па-другое, таму што ўлада нічога не слухае. І я не ўпэўнены, што ўлада пачне слухаць цяпер.

- Калі ўлада да вашага меркавання не прыслухоўваецца, то навошта прапанова аб супрацоўніцтве была зробленая? Ці гэта быў такі папулісцкі крок?

- Не. Фармальна гэта была сустрэча двух прафесараў - прафесара Мясніковіча і прафесара Багданкевіча. Калі адыйсці ад таго, што адзін сёння прэм'ер-міністр, а другі - у апазіцыі, то гэта была проста сустрэча людзей, якія шчыльна супрацоўнічалі з 1991 па 1994 гады, у перыяд станаўлення незалежнай Беларусі, яе эканомікі, у перыяд ўступлення ў міжнародныя фінансавыя арганізацыі і атрымання крэдыту МВФ. Мы тады разоў дзесяць разам лёталі ў розныя краіны. Гэта значыць, гэта была сустрэча старых калегаў, якія сустрэліся пагутарыць. І нельга гэтую сустрэчу ўяўляць, як сустрэчу улады і апазіцыі. Некалі мы разам працавалі і займалі адну пазіцыю. Потым нашыя шляхі разышліся. Але цяпер была неафіцыйная сустрэча. Ці быў праінфармаваны аб ёй хто-небудзь яшчэ, я не ведаю.

- На ваш погляд, сам факт зацікаўленасці ў кансультацыях можа сведчыць, што для выхаду з крызісу беларуская ўлада будзе выкарыстоўваць ліберальны інструментарый?

- Яна ўжо цяпер яго выкарыстоўвае. Вось толькі тое, што мы прапаноўвалі 15 гадоў таму, улада зрабіла 3 гады таму. Тое аб чым мы гаварылі 10 гадоў таму, пачало прымяняцца 2 гады таму. Ды і дырэктыва аб лібералізацыі па сутнасці ўся ўзятая з прапановаў беларускай незалежнай эканамічнай супольнасці. Іншая справа, што гэты дакумент у асноўным застаецца на паперы, але думкі закладзеныя ў ім правільныя. І Аляксандр Лукашэнка кажа абсалютна правільныя прамовы. Пра тое, што трэба жыць па сродках. Але гэта ж нашая ідэя. Ён кажа, што трэба браць крэдыты толькі на развіццё, а не на праяданне. Мы таксама сотні разоў казалі пра тое, што і ўласнасць прадаем, і крэдыты бярэм, а развіцця няма. Толькі мы разумеем, што неабходна рабіць справу, а ва ўладаў усё да гэтага часу сыходзіла ў «свісток».

- Наколькі вымушанай мерай з'яўляецца зварот Беларусі да Міжнароднага валютнага фонду?

- Гэты зварот з'яўляецца абсалютна вымушаным. І я, як раз, раіў Мясніковічу звярнуцца ў Міжнародны валютны фонд з мэтай атрымання вялікага крэдыту, які быў бы блізкі да дэфіцыту гандлёвага балансу за год. Ён патрэбны для таго, каб менш бязбольна перавесці грамадзян Беларусі на больш нізкі ўзровень жыцця. Таму што мы цяпер жывем не па сродках. Але як выйсці на такі нізкі ўзровень: спыніць заводы, зладзіць жудаснае беспрацоўе, абваліць кошты? Гэта непажадана, зыходзячы з інтарэсаў краіны. Я больш эканаміст, чым палітык, а таму гаварыў прэм'ер-міністру, што трэба ўзяць яшчэ адзін крэдыт на праяданне, каб мець час для структурнай перабудовы эканомікі, яе мадэрнізацыі, уздыму канкурэнтаздольнасці. Гэта значыць для пераходу на жыццё па сродках. І лепш браць крэдыт на Захадзе, у МВФ, чым у Расеі. Таму што ў МВФ 150 з гакам дзяржаваў і ў залежнасць да іх не патрапіш, суверэнітэт не згубіш. А пры звароце ў Расею можна і суверэнітэт страціць і ўласнасць. Акрамя таго, Беларусь, - удзельніца МВФ. У свой час Мясніковіч ад імя ўрада, а я ад Нацбанка падпісалі пагадненне аб уступленні Беларусі ў МВФ. І нашая краіна, як удзельніца МВФ, мае права на дапамогу ў выпадку праблем.

- А МВФ захоча даваць Беларусі крэдыт?

- Думаю, што не. Асноўныя акцыянеры фонду - ЗША, Еўразвяз, плюс Японія і Канада. Таму трэба разумець, што неабходна спыняць палітычныя рэпрэсіі, вызваляць зняволеных і, безумоўна, ствараць праграму сістэмных рэформаў.

- Але беларускі прэм'ер-міністр ўсё ж вырашыў звярнуцца ў МВФ, у разліку прыцягнуць 3,5-8 мільярдаў даляраў. Выходзіць, ён паслухаў вас і іншых эканамістаў, якія раілі падобнае?

- Думаю, ён паспеў да гэтага рашэння сам і хацеў проста пачуць маё меркаванне, каб пераканацца, што гэты крок правільны. Але ж Міхаіл Мясніковіч - не палітык. А для таго, каб сёння атрымаць Беларусі крэдыт у МВФ - эканомікі мала. Патрэбна палітычная лібералізацыя. Але гэта залежыць ужо не ад Мясніковіча. І я хачу спадзявацца, што вярхоўная ўлада ў Беларусі разумее сітуацыю і пойдзе на вызваленне людзей і спыненне палітычных працэсаў у судах.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках