27 снежня 2024, Пятніца, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праўладных бізнесменаў сур'ёзна папярэдзілі

8
Праўладных бізнесменаў сур'ёзна папярэдзілі

Заўтра могуць быць уведзеныя санкцыі і супраць фірмаў, якія займаюцца экспартам нафтапрадуктаў.

Міністры замежных спраў краін Еўразвяза на сустрэчы ў Люксембургу пашырылі вобласць санкцый супраць Беларусі. Доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба лічыць, што гэта сур'ёзны сігнал для іншых бізнесменаў. Эканаміст Леанід Злотнікаў выказаў меркаванне, што замарожванне актываў істотна не паўплывае на эканоміку Беларусі, але закране пэўную эліту і асобных людзей, набліжаных да кіраўніка краіны.

«Можна палітычна ацэньваць гэты крок як яшчэ адно папярэджанне. Пакуль што ў спіс патрапілі гэтыя фірмы. А заўтра могуць быць санкцыі і на фірмы, якія займаюцца экспартам нафтапрадуктаў. І гэта будзе самая хваравітая мера. Таму палітычна рашэнне можна ацэньваць як папярэджанне», - сказаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» Барыс Жаліба.

З фірмаў, якія трапілі пад санкцый, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў асабліва вылучае гандляроў зброяй з «Белтэхэкспарту». Ён кажа, што тут праходзяць вялікія грошы, але ўсе працэсы нясуць налёт таямніцы:

«Што датычыцца зброі, то тут толькі калі разлікі за яе ідуць у еўра, то яны могуць праходзіць праз еўрапейскія банкі. Тады іх можна блакаваць альбо зрабіць яшчэ нешта. Аднак і гэта, як гаворыцца, не смяротна. Бо разлікі могуць ісці ў кітайскіх юанях ці ў нацыянальнай валюце. А потым пераводзіцца ў іншую валюту».

Леанід Злотнікаў кажа, што замарожванне актываў істотна не паўплывае на эканоміку Беларусі. Але яно закране пэўную эліту і асобных людзей, набліжаных да кіраўніка краіны. З гэтым пагаджаецца і Барыс Жаліба:

«Гэта закране інтарэсы тых ўладных элітаў, якія займаюцца гэтай справай. Гэта - закрытая справа, і грашовыя плыні, якія там размяркоўваюцца, таксама закрытыя. І таму гэта можна лічыць, на мой погляд, кропкавым ударам».

Нагадаем, урады краін Еўразвяза дамовіліся аб эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі. Яны вырашылі замарозіць рахункі трох кампаній, падкантрольных Аляксандру Лукашэнку. Санкцыі ўведзеныя супраць кампаній, якімі кіруюць Дзмітрый Лукашэнка і Уладзімір Пяфціеў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках