27 снежня 2024, Пятніца, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

3 ліпеня - амністыя для палітвязняў

76
3 ліпеня - амністыя для палітвязняў

Маштабнымі рэпрэсіямі супраць народа улады заганяюць сябе ў тупік.

Сёння на Беларусі, якая высільваецца эканамічным крызісам, то там, то тут ўспыхваюць стыхійныя бунты. Беларусы з кожным днём пазбаўляюцца ад страху, які, здавалася б, назаўсёды паралізаваў іх пасля 19 снежня, калі рэжым жорстка расправіўся з мірнай дэманстрацыяй супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Краіна становіцца іншай. Сёння беларусы дзівяць ўвесь свет, калі, нягледзячы на маштаб снежаньскіх рэпрэсій і наступныя за імі судовыя расправы над лідэрамі і актывістамі апазіцыі, выходзяць на плошчы сваіх гарадоў, моўчкі і абсалютна мірна пратэстуючы супраць дыктатуры.

Нягледзячы на запалохванні з высокіх трыбун і тысячы амапаўцаў, якіх кідаюць супраць мірных грамадзянаў, незадаволеных становіцца ўсё больш і што самае галоўнае - жорсткасць уладаў робіць іх толькі смялейшымі.

Пратэсты будуць толькі нарастаць. 17 гадоў дыктатуры, рэпрэсіяў, страху ў сучасным свеце - велізарны тэрмін. Ужо сканчаюцца грошы на забеспячэнне сярэдняга дастатку для талерантных і ўтрыманне рэпрэсіўнага апарата для нязгодных. Талерантныя становяцца нязгоднымі, нязгодныя становяцца бунтарамі і радыкаламі. Трыванне народа на зыходзе, і ўсё можа змяніцца вельмі хутка і вельмі нечакана, як, уласна, заўсёды адбывалася на Беларусі.

Схемы мінулых гадоў сёння для Лукашэнкі не спрацоўваюць. Расея адмаўляецца даваць грошы за пустыя абяцанні, патрабуючы нават у абмен на крэдыты рэфармавання эканомікі і, перш за ўсё, прыватызацыі найбуйнейшых прадпрыемстваў. Захад адмаўляецца весці пустыя дыялогі, павольна, але дакладна уводзячы эканамічныя санкцыі.

І сёння ніхто не збіраецца купляць у Лукашэнкі свабоду для палітвязняў, якімі ён на «чорны» дзень запоўніў турмы. Ні ЗША, ні Еўропа больш не маюць намеру мець справу з кіраўніком, які вось ужо 17 гадоў гандлюе жывым таварам, то выпускаючы палітвязняў пад пэўныя дывідэнды і крэдыты, то саджаючы іх зноў і зноў.

Сітуацыя абвастраецца. Усе разгледжаныя да гэтага часу касацыйныя скаргі на прысуды арганізатарам і ўдзельнікам акцыі 19 снежня ў масавым парадку адхіляюцца. Калі пазоўнікі абыдуць усе беларускія судовыя інстанцыі, атрымаўшы ўсюды адмовы, яны маюць права будуць звярнуцца ў ААН. ААНаўскія структуры могуць прызначыць матэрыяльную кампенсацыю пацярпелым ад рэпрэсій. А гэта адкрые «шлюзы» і выкліча масавую плыню зваротаў рэпрэсаваных у розныя гады. У выніку пры гэткім масавым звароце беларускіх грамадзянаў са скаргамі ў ААН супраць краіны могуць быць уведзеныя яшчэ больш жорсткія міжнародныя санкцыі.

Шквал эканамічных праблем і наступныя за гэтым бунты ўжо і так давялі ўладную верхавіну да стану, блізкага да гістэрыкі. Так, можа быць, замест таго, каб уводзіць надзвычайнае становішча і ператвараць краіну ў Паўночную Карэю, варта зменшыць абароты і даць перадышку, як народу, так і самім сабе? Заняцца ўшчыльную рашэннем эканамічных праблем, а не спрабаваць растрачваць тыя, што засталіся грошы на бессэнсоўныя спробы задушыць ўсіх нязгодных?

У 2011 годзе Беларусь адзначае 20-годдзе незалежнасці. Адным з варыянтаў выхаду для ўладаў магла б стаць амністыя для палітвязняў. Спадзявацца на іхнюю разважлівасць складана, але заўсёды хочацца верыць, што розум і логіка могуць перамагчы нават у нашых, гэтакіх спецыфічных умовах. Уладам час зразумець - махавік рэпрэсій круціцца ўжо ў адваротны бок і пачынае знішчаць тых, хто яго запусціў.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках