15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

La Croix: Беларускі дыктатар палюе на апазіцыянераў у Інтэрнэце

17
La Croix: Беларускі дыктатар палюе на апазіцыянераў у Інтэрнэце

Апошні дыктатар Еўропы нападае на сацыяльныя сеткі: за апошнія дні беларускі КДБ затрымаў трох адміністратараў антылукашэнкаўскіх груп сеткі «Вконтакте», паведамляе La Croix.

У мінулую суботу быў затрыманы і арыштаваны «за нецэнзурную лаянку» на адрас міліцыянтаў Зміцер Няфёдаў, адзін з адміністратараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Пасля арышту ягонае імя знікла са старонкі заснаванай ім самім групы, хоць у турме няма доступу ў Інтэрнэт, адзначае газета.

«Гэтую «загадку» лёгка разгадаць, - працягвае выданне. - Сяргей Паўлюкевіч, яшчэ адзін інтэрнэт-актывіст, арыштаваны напярэдадні, а пасля адпушчаны, распавёў апазіцыйнаму выданню «Наша Ніва», што агенты, якія дапытвалі яго, запатрабавалі ў яго пароль да ягонай старонкі «Вконтакте». Неўзабаве ўладамі былі выдаленыя дзве створаныя ім звышпапулярныя групы, «Марш мільёнаў» і «За вялікую Беларусь», якія заклікалі правесці 15 ліпеня масавую маніфестацыю з патрабаваннем пакласці канец рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і налічваюць 40 тыс. і 120 тыс. удзельнікаў адпаведна. Для параўнання: самая папулярная прапрэзідэнцкая група ў той жа сетцы налічвае менш за 3 тыс. удзельнікаў», - падкрэслівае карэспандэнт Фрэдэрык Лавуа.

У мінулую нядзелю на беларуска-польскай мяжы быў дапытаны стваральнік групы «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» Іван Стасюк, яго пыталіся пра ягоную дзейнасць у сацсетках, аб сувязях з актывістамі з Украіны, бо менавіта ўкраінскага сцэнара «аранжавай рэвалюцыі» больш за ўсё баіцца беларускі рэжым, які жалезнай рукой кіруе краінай ужо 17 гадоў, адзначае выданне.

«Варта прызнаць, што ў беларусаў ёсць цалкам канкрэтныя прычыны для незадаволенасці: краіна перажывае найгоршы ў сваёй нядаўняй гісторыі эканамічны крызіс, - канстатуе газэта. - На думку эканамістаў, папулісцкія рашэнні Аляксандра Лукашэнкі і ягонае ўпартае нежаданне рэфармаваць ўчынілі па савецкім узоры і неэфектыўную беларускую эканоміку, якая да гэтага часу на 80% кантралюецца дзяржавай, падштурхнулі краіну на край прорвы. Пакуль прэзідэнту атрымоўвалася звальваць віну за крызіс на Расею, Захад і прадстаўнікоў ягонага ўласнага ўрада. Аднак цяпер, калі гнеў беларусаў у канцы канцоў абудзіцца, рэжым хоча гарантаваць сабе, што сацыяльныя сеткі не паслужаць каталізатарам падзеяў, як у Тунісе і Егіпце», - рэзюмуе выданне.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках