25 снежня 2024, Серада, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У гродзенскіх турмах ўжо чэргі

31
У гродзенскіх турмах ўжо чэргі

У Гродне асуджаным за «маўклівую рэвалюцыю» не хапае месцаў у СІЗА.

Пра гэта «Белсату» паведаміў адзін з арыштаваных 6 ліпеня, Аляксей Л. «Мяне затрымалі, калі я пачаў заступацца за дзяўчыну. Чалавек у цывільным цягнуў яе за валасы. Мне адразу заламалі рукі і пацягнулі ў аўтобус, - кажа хлопец. - Суд праходзіў у чацвер. Ніякія мае аргументы суддзя і чуць не жадала. Міліцыянты, якіх я бачыў упершыню, сведчылі, што я лаяўся матам. За гэта мне і далі 7 сутак арышту». Аднак высветлілася, што арыштаваных так шмат, што ім не хапае месца ў СІЗА. «Сказалі, што я павінен дачакацца серады, калі частка затрыманых ужо адседзіць. І ўжо тады я павінен адбыць свае суткі», - распавёў суразмоўца.

Апошняя акцыя ў цэнтры Гродна сабрала каля тысячы чалавек. Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», міліцыянты затрымалі больш за 100 удзельнікаў. «У дачыненні да людзей ўжывалася жорсткая фізічная сіла, дзесяткі чалавек атрымалі пашкоджанні і павінныя былі звяртацца па дапамогу да медыкаў. Да позняга вечара ў міліцэйскіх аддзяленнях праходзілі разгляды і складаліся пратаколы, згодна з якімі удзельнікаў асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, дробнае хуліганства», - адзначаецца ў прэс-рэлізе арганізацыі.

Сярод арыштаваных быў вядомы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта Аляксандр Астроўскі. Сітуацыю з затрыманнямі ён апісвае так: «Жахліва, хапаюць мінакоў людзі ў цывільным, не называюцца, без якіх-небудзь абвінавачванняў, сілай закідваюць у аўтобусы. Зразумела, што гэта страх, які сядзіць там, на самым версе, за сваю ганебную, злачынную ўладу. І вось гэты страх яны хочуць перакінуць на ўсіх жыхароў краіны, на ўсё грамадства, каб паралізаваць яго».

Па апошняй акцыі пратэсту ў краіне не вынеслі ніводнага апраўдальнага прысуду. Большасць удзельнікаў прысудзілі да арыштаў на 5-10 сутак або штрафамі ад 17 базавых велічыняў (каля 600 тыс. руб.) і больш.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках