24 снежня 2024, aўторак, 21:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцера Бандарэнку трымалі ў турэмным карцэры на ланцугу

253
Зміцера Бандарэнку трымалі ў турэмным карцэры на ланцугу

Аперацыю на хрыбетніку палітвязню зробяць, верагодна, у аўторак. Але супраць гэтага выступаюць нават турэмныя медыкі.

22 ліпеня жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Вольга Бандарэнка зноў змагла сустрэцца з мужам у следчым ізалятары МУС.

Падчас спаткання стала вядома, што ў панядзелак, 25 ліпеня, Зміцера Бандарэнку павінныя перавесці з Рэспубліканскай турэмнай лякарні ў 5-ю клініку Менска. У аўторак палітвязню, які пакутуе на запаленне грыжы міжхрыбетнікавага дыска, зашчымленне спінных нерваў, парэз адной нагі і пагрозу абязрушанасці другой, павінныя зрабіць аперацыю.

Нагадаем, што адміністрацыя СІЗА МУС ультыматыўна заявіла, што палітвязень павінен альбо адпраўляцца ў калонію, альбо класціся на аперацыю. У кансультацыі нейрахірурга яму адмоўлена.

«Напярэдадні я была ў незалежнага хірурга, і ён сказаў, што без належнага аднаўлення аперацыю праводзіць небяспечна. Сёння жа Зміцер паведаміў, што ў панядзелак яго павінныя адвезці ў лякарню, а ў аўторак зрабіць аперацыю. Але ўсе лекары, якія ім займаюцца, у тым ліку і медыкі з турэмнай лякарні выступаюць супраць аперацыі, паколькі ў яго ёсць фізіялагічныя супрацьпаказанні і аперацыю праводзіць небяспечна - вялікая рызыка набыцця інваліднасці», - паведаміла Вольга Бандарэнка сайту charter97.org.

Па словах жонкі палітвязня, практычна выканаць пасляаперацыйныя рэкамендацыі - толькі ляжаць або толькі стаяць - у турме немагчыма. Рэабілітацыя павінная праходзіць не менш за месяц.

«А мне лекарка пры сустрэчы сказала, што ў лякарні Зміцер будзе ляжаць чатыры дні і 2 тыдні ў турэмным шпіталі на Валадарскага. Пасля аперацыі яго чакаюць моцныя болі і хутчэй за ўсё яму будуць казаць: не напішаш ліст аб памілаванні - не дадзім болесуцішальных», - асцерагаецца Вольга Бандарэнка.

Сёння сталі вядомыя і жахлівыя падрабязнасці знаходжання Зміцера Бандарэнкі ў следчым ізалятары КДБ. Нагадаем, што раней Бандарэнка, праблемы са здароўем у якога паўсталі пасля шматлікіх збіванняў АМАПам на акцыях пратэсту апазіцыі, паведамляў, што ягоны стан значна пагоршыўся менавіта ва ўнутранай турме КДБ, дзе ён знаходзіўся першыя паўгады арышту.

Палітвязня прымушалі бегаць з матрацам і двума торбамі па лесвіцы падчас сталых ператрусаў, ён стаяў на расцяжцы па гадзіне, а то і па дзве, у палітвязня не было спальнага месца, і ён спаў на дошках на халоднай падлозе. Камера была без прыбіральні, і гэта было сапраўдная катаванне.

Сёння жа Зміцер Бандарэнка яшчэ паведаміў, што ў канцы студзеня ён трапіў СІЗА ў карцэр і першыя гадзіны яго трымалі там на ланцугу. У карцэр ён патрапіў пасля таго, як звярнуўся за дапамогай да лекара з-за язвы страўніка.

Напісаць каментар 253

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках